Расіянка стварыла шрыфт Belarus — што скажаце?

Кацярына жыве ў Расіі і вучыцца там на дызайнерку. Нядаўна на платформе Behance яна апублікавала новы шрыфт з назвай Belarus, піша citydog.io.


122.jpg

Кацярына Шуляк — выпускніца Школы дызайну ў Санкт-Пецярбургу (Расія). На стварэнне шрыфта дзяўчыну натхнілі работы савецкага мастака і графіка Саламона Тэлінгатэра.

У ваенны час ён ствараў агітацыйныя плакаты з антыфашысцкімі лозунгамі, працаваў мастаком у газеце «За Радзіму». Заходні фронт часткова знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі, таму сярод плакатаў, якія ствараў Тэлінгатэр, было шмат адсылак і зваротаў непасрэдна да беларусаў.

119.jpg
Газеты былі патрэбныя, каб падтрымліваць баявы дух салдат. Таму на першыя палосы часцей за ўсё змяшчалі яркія заклікі і лозунгі. Ва ўсіх іх былі адметныя шрыфты. Цяпер іх называюць стужкавымі, ці stressed sans.

За аснову свайго шрыфта Кацярына ўзяла плакат Тэлінгатэра са словам «Беларус», адсюль і назва праекта. Плакат дзяўчына выбрала абсалютна выпадкова. Расказвае, што глядзела толькі на пабудову літар. Кацярыне падабаецца дызайн 40-х гадоў, падобныя шрыфты і плакаты пазнавальныя нават сярод цяперашняга пакалення, лічыць дзяўчына.

Гісторыя самога плаката «Беларус» невядомая. Ад яго захавалася толькі маляваная застаўка з выявай салдата і маці, якая адпраўляе свайго сына ваяваць.

120.jpeg

У чым унікальнасць шрыфта Belarus (дысклэймер: беларускага алфавіта пакуль няма)

Як расказвае Кацярына, створаны ёю шрыфт Belarus — гэта сучасная мадыфікацыя «Антыквы» (спецыяльны шрыфт з засечкамі). У адрозненне ад класічнай версіі, тут няма засечак, але ёсць кантраст паміж вертыкальнымі і гарызантальнымі рыскамі.

121.jpg

Увесь клас літар падбіраўся ўручную. Дзяўчына выкарыстоўвала спецыяльны спосаб — мастэрынг: прамалёўвала кожную літару па чарзе, выкарыстоўваючы накіды.

Па словах Кацярыны, у слове «беларус» хітрая пабудова літар. З-за гэтага прыйшлося дастаткова доўга думаць над апісаннем усяго астатняга алфавіту.

— Гатовая праца, на мой погляд, выглядае вельмі лаканічна і сучасна. Думаю, зараз у прынцыпе ёсць трэнд на савецкія шрыфты, бо ўсё новае — гэта добра забытае старое.

Шрыфт прадстаўлены на лацінцы і кірыліцы. Шрыфт знаходзіцца ў вольным доступе, і выкарыстоўваць яго можна для любой дзейнасьці. Галоўнае — пазначыць аўтарства Кацярыны. Файлы са шрыфтамі можна знайсці ў прэзентацыі на старонцы Behance.

Кацярына расказвае, што, нягледзячы на назву шрыфта, дадаваць варыянт на беларускай мове пакуль не плануе. Аднак гаворыць: калі попыт будзе, то абавязкова зробіць.

122.png

123.png

124.png

125.png