Звычайна прынята лічыць, што працэсы дэсталінізацыі распачаліся з прыходам да ўлады Мікіты Хрушчова, які ў лютым 1956 года на ХХ з’ездзе КПСС выступіў з дакладам «Аб кульце асобы і яго наступствах», дзе раскрытыкаваў ранейшую сталінскую палітыку. Паводле ўспамінаў прысутных, у залі тады стаяла поўная цішыня.
Але гэтая лёсавызначальная падзея адбылася праз 3 гады пасля таго, як Сталін памёр, і цалкам лагічна дапусцісць, што ў гэты прамежкавы перыяд таксама нешта адбывалася. Давайце паглядзім, як мяняўся тагачасны палітычны ландшафт.
Роўна 70 гадоў таму ў гісторыі Савецкага Саюза абылася пераломная падзея, якая незваротна змяніла краіну — 5 сакавіка 1953 года пайшоў з жыцця Іосіф Сталін. Адразу ж па смерці «бацькі народаў» распачалася ўнутраная барацьба за ўладу паміж камуністамі, з якой пераможцам выйшаў Мікіта Хрушчоў.
Пахаванне Сталіна. Крыніца: myhistorypark.ru
Ужо на наступны дзень пасля смерці «вождя» яго месца заняла тройка партыйных дзеячаў — Георгій Малянкоў, Лаўрэнцій Берыя і Мікіта Хрушчоў. Герой савецкіх анекдотаў і чалавек з даволі прыязнай знешнасцю Георгій Малянкоў заняў тады найбольш уплывовую пасаду — стаў старшынёй Савета Міністраў.
Фармальна гэта была самая галоўная пасада ў першай дзяржаве працоўных і сялян, якая па іроніі лёсу дасталася выхадцу з дваранаў. Яго дарадцам, а таксама кіраўніком сілавога блоку стаў змрочны Лаўрэнцій Берыя. Хітраму Мікіту Хрушчову, які ў выніку і перайграў усіх сваіх «партнёраў» па гэтай тройцы, дасталася партыйная сфера. Менавіта ён і скарыстаў напоўніцу ўсе магчымасці, якія трапілі да яго ў рукі.
Георгій Малянкоў. Крыніца: static.life.ru
Малянкоў адразу ж заняў сталінскі кабінет, дзе пачаў праводзіць паседжанні ЦК і Савета Міністраў. Існуе нават легенда, што нібыта сам Сталін прызначыў пераемнікам яго перад сваёй смерцю. Праўда, ніякіх праўдзівых пацверджанняў таго, што гэтая гісторыя мае пад сабою хоць бы нейкі сур’ёзны грунт, няма. Але ў любым разе на ролю пераемніка новы кіраўнік цягнуў слаба.
Натуральна, што ён быў звычайным функцыянерам, які зрабіў сабе добрую партыйную кар’еру. Бо яшчэ да вайны здолеў падняцца на самыя вярхі палітычнай улады і трапіць у непасрэднае атачэнне Сталіна. Канечне ж, Малянкоў, як і іншыя ўдзельнікі той «тройкі», браў удзел і ў рэпрэсіях, хаця ніякіх значных пасадаў у час іх размаху яшчэ не займаў.
Зорны час Малянкова — другая палова 1940-х, калі пасля смерці Андрэя Жданава ён зрабіўся фактычна другім чалавекам у партыі і меркаваным пераемнікам Сталіна. Разам з тым ён не меў такога аўтарытэту, або яго папросту не баяліся, як папярэдніка, які адзінаасобна кіраваў абсалютна ўсімі сферамі жыцця савецкага грамадства. Таму ўжо ў хуткім часе паміж удзельнікамі «тройкі» разгарнулася самая сапраўдная барацьба за ўладу і ўплыў, дзе кожны шукаў апірышча ў розных сферах.
Першым з гэтага змагання выбыў Лаўрэнцій Берыя, якога арыштавалі ў канцы чэрвеня 1953 года проста на паседжанні Савета Міністраў. Неўзабаве пасля гэтага яго расстраляюць, асудзіўшы за ўсе ранейшыя грахі. Цікава, што Берыя шукаў у той час падтрымкі сярод нацыянальных кадраў і пры ім нават была ўвасоблена спроба чарговай «беларусізацыі», якая, аднак, і блізка не была падобна да той, што зведала Беларусь у 1920-я гады.
Калі адзін з гульцоў выбыў, засталося разабрацца сам-насам Малянкову і Хрушчову. Няма сумневу, чаму так адбылося, бо Берыя ніколі не быў у сяброўскіх стасунках ні з адным, ні з другім. У іх былі прыязныя адносіны, час ад часу супадалі агульныя інтарэсы, але не больш за тое.
А вось Георгій Малянкоў з Мікітам Хрушчовым сябравалі. Яны нават жылі ў адным доме ў Маскве, а іхныя дачы стаялі побач. Але змаганне за ўладу паставіла крыж на даўнім сяброўстве ў лепшых традыцыях Візантыйскай імперыі.
Малянкоў імкнуўся адсунуць партыйных чыноўнікаў ад наўпроставага кіравання краінай. З гэтай мэтай ён яшчэ ў сярэдзіне сакавіка адмовіўся ад пасады ў ЦК і фактычна ўласнаруч перадаў усе рычагі ўплыву ў рукі Хрушчову. Да ўсяго прызначыўшы яго яшчэ і галоўным па змаганні з культам асобы.
Не варта думаць, што Малянкоў быў хоць бы нейкім лібералам — гэта быў усё той жа зацяты сталінец, што і раней, які проста добра адчуваў дух часу. А многія ягоныя крокі былі скіраваныя на тое, каб заваяваць сімпатыю ў насельніцтва. Ужо летам 1953 года ён аблегчыць падаткі для сялянаў, што ў выніку прынясе пэўны эфект. Будзе таксама знята забарона на выезд з краіны, дазволены продаж замежнага друку і многае іншае. Распачнецца барацьба з бюракратыяй.
Акурат вось гэтым і скарыстаецца Мікіта Хрушчоў у сваім змаганні за ўладу. На першы погляд, таксама не маючы надта вялікага ўплыву, ён разам з тым здолее перацягнуць на свой бок спачатку партыйных бонзаў, а потым і прадстаўнікоў сілавога блоку — тыя ўсур’ёз пачалі пабойвацца малянкоўскіх рэформаў, бо яны ўжо наўпрост закраналі іх уласны дабрабыт. Рэч у тым, што Малянкоў вырашыў пазбавіць чынавенства шчодрых прывілеяў, якія былі пры Сталіне, а таксама ўвесці калектыўнае кіраўніцтва ў ЦК.
Хрушчоў, які стаў цяпер Першым сакратаром ЦК КПСС — пасада была створана акурат пад яго, павольна здолеў дамагчыся вяртання заробкаў, кампенсацый ды іншых бонусаў партыйным дзеячам. А следам заахвоціць іх да таго, каб яны самі адмовіліся ад ідэі калектыўнага кіраўніцтва. Хрушчоўскае матэрыяльнае стымуляванне не магло не знайсці падтрымкі сярод камуністаў, і ў пэўным часе супраць Малянкова саспела змова.
У пачатку 1955 года Хрушчоў спачатку падвергнуў яго жорсткай крытыцы, а потым дамогся, каб Малянкоў быў вызвалены са сваёй пасады. Перастаўшы быць старшынёй Савета Міністраў, ён яшчэ заставаўся нібыта адным з кіраўнікоў дзяржавы. Але ягоны ўплыў у колах камуністычнай эліты імкліва падаў.
Малянкоў хацеў ажыццявіць спробу рэваншу, калі разам з Лазарам Кагановічам і Вячаславам Молатавым паспрабаваў скінуць Хрушчова. Той даў ім добрую нагоду, калі заклікаў у Леніградзе ў канцы траўня 1957 года перагнаць Амерыку па вырабе мяса, што, канечне ж, было выключна дэкларацыяй намеру, але не больш за тое.
На паседжанні ЦК Малянкоў, Кагановіч і Молатаў адкрыта выказалі недавер Мікіту Хрушчову ды нават знайшлі падтрымку ад уплывовых камуністычных дзеячаў. Але ў хуткім часе ўсё перайгралася, бо Хрушчоў сабраў пленум ЦК КПСС, дзе сітуацыя была ўжо не на карысць Малянкова і кампаніі.
У канцы чэрвеня 1957 года яго знялі з пасадаў, вывелі са складу прэзідыума ЦК, а потым і наогул выключылі з ЦК КПСС за прыналежнасць да так званай «антыпартыйнай групы». Былы сябар, які на гэты момант ужо сканцэнтраваў у сваіх руках магутную ўладу, прыклаў усе намаганні, каб Малянкоў імкліва страчваў свой ранейшы ўплыў. А ў 1961 годзе Малянкова ўжо выключылі з партыі і адправілі на пенсію. Неўзабаве і самога Хрушчова скінуць прыкладна такім жа самым чынам.
Гэтая гісторыя цікавая найперш хіба тым, што пасля смерці Сталіна савецкія чыноўнікі здолелі дамовіцца да таго, каб не разбірацца адно з адным з пазіцыі сілы. Тых, хто патрапілі ў няміласць, цяпер чакала ўсяго толькі страта пасадаў і пенсія, але не лагер ці расстрэл.
Л. Г., budzma.org