Якія трыгеры і нагоды падштурхоўвалі беларусаў пераходзіць на беларускую мову ў 2020–2022 гадах? Якой была матывацыя і як змянілася для беларусаў значнасць і сэнс беларускай мовы падчас і пасля пераходу на беларускую мову? На гэтыя пытанні спрабавала адказаць аўтарка незалежнага даследавання «Беларуская мова і ідэнтычнасць: сувязь і значэнне для беларусаў «хваляў беларускамоўнасці» 2020 і 2022 гадоў». Даследаванне было праведзена ў 2022–2023 гг.
Публікуем скарочаны варыянт даследавання, поўны тэкст можна прачытаць па спасылцы.
Паштоўка «У нескладная». Крыніца: bakhuny.by
Дзве «хвалі беларускамоўнасці»
У межах даследавання ў сакавіку—красавіку 2023 года было праведзена 18 глыбінных інтэрв’ю з беларусамі і беларускамі, якія перайшлі на беларускую мову ў штодзённай камунікацыі і стасунках пасля падзей 2020 года.
«Падчас даследавання не было мэты вылічыць статыстыку ці маштабы, распаўсюджанасць асаблівасцяў гэтага працэсу для ўсяго беларускага грамадства. Было памкненне выявіць спектр значэнняў і сэнсаў, якія беларуская мова мае (і займела) для беларусаў, якія пачалі актыўна карыстацца ёй у штодзённай камунікацыі і стасунках пасля падзей 2020 і 2022 гадоў», — адзначае аўтарка даследавання.
Прааналізаваўшы падзеі, азнаёміўшыся з шэрагам матэрыялаў СМІ, разгледзеўшы публічную дзейнасць суб’ектаў розных грамадскіх сфер (грамадскі сектар, бізнес, дзяржава, асобныя дзеячы і лідары меркаванняў), аўтарка вылучае дзве «хвалі беларускамоўнасці» — 2020 і 2022 гадоў.
Тут варта разрозніваць «беларускамоўнасць» і «беларусізацыю».
«Беларускамоўнасць» — працэс уздыму ўвагі значнай колькасці беларускага грамадства да беларускай мовы, пераход на яе ў камунікацыі. Працэс адбываецца пад умовай трыгераў, не падаецца кантраляваным і спланаваным нейкімі суб’ектамі.
«Хвалі беларусізацыі» XX стагоддзя ажыццяўляліся ці ў вялікай ступені падтрымліваліся ўладамі, мелі маштабны ахоп і значныя «матэрыяльныя» паказчыкі (колькасць адкрытых беларускамоўных школ, беларускамоўных выданняў, вынікі перапісу па пытаннях «роднай мовы», і інш.).
Рэспандэнты першай «хвалі беларускамоўнасці» адзначаюць, што іх пераход на беларускую мову адбыўся непасрэдна пад уплывам падзей 2020 года, альбо тых умоваў і зменаў, якія прынёс гэты час. Палітычны і грамадзянскі ўздым 2020 года не толькі падштурхнуў многіх рэспандэнтаў паглыбіцца ў палітычныя пытанні, але і спрыяў з’яўленню ці павелічэнню цікавасці і ўвагі да ўласнай гісторыі, культуры і мовы. Таксама той бум камунікацыі і сувязяў паміж беларусамі, якія выступілі за перамены, з’яўленне новых ініцыятываў і праектаў, актыўнасць дзейных ініцыятыў і арганізацый, спрыялі распаўсюду, папулярызацыі інфармацыі, датычнай беларускай гісторыі, культуры, мовы.
Гэта змяніла ўяўленні часткі рэспандэнтаў пра сваю краіну і народ. Як адзначалі некаторыя, у іх «расплюшчыліся вочы», «склаўся пазл», яны атрымалі веды і інфармацыю, якую не мелі раней, якую ім не выкладалі ў школе, альбо выкладалі пад іншым ракурсам. Гэта пабудзіла пераасэнсаваць і моўнае пытанне. Нагодай ці ўмовай перайсці на беларускую мову стала і з’яўленне ці пашырэнне беларускамоўнага асяроддзя, а таксама патраплянне многіх беларусаў у асяроддзе чужой, іншай культуры і мовы ў выніку рэлакацыі і эміграцыі.
Паштоўка «Жы-шы». Крыніца: bakhuny.by
Сярод трыгераў 2022 года вылучаюцца падзеі ва Украіне, агрэсія расейскай дзяржавы, і таксама меншыя па ўплыве, але заўважныя:
• навіна аб намеры расейскіх дэпутатаў прызнаць «суайчыннікамі» ўсіх, хто размаўляе на расейскай мове і жыве ў краінах былога СССР;
• уплыў расейскай дзяржавы на Беларусь.
Трыгеры маглі ўплываць па-рознаму: для некаторых было дастаткова нагодаў 2020 года, каб перайсці на беларускую мову, для кагосьці менавіта падзеі 2022 года сталі «апошняй кропляй», значна ўзмацнілі памкненне змяніць мову камунікацыі на беларускую (то-бок, пераход адбыўся пад уплывам сукупнасці трыгераў двух перыядаў), нарэшце, іншыя не задумваліся і не планавалі пераходзіць на беларускую мову да 2022 года (менавіта да падзей ва Украіне альбо пазней).
Агулам лагічна меркаваць, што дзве «хвалі беларускамоўнасці» не ідуць асобна. «Хваля», якая пачалася ў 2020-м, імаверна, не спынілася ў 2022-м, але працягнулася, сумясцілася з «хваляй» 2022 года, узмацнілася пасля падзей ва Украіне.
Плакат, створаны Міхалам Анемпадыставым для грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!»
Спектр значэнняў беларускай мовы
Што беларуская мова значыць для беларусаў, які сэнс яна мае ці набыла для іх у выніку падзеяў? Гэтае пытанне было асноўным інтарэсам даследавання. На аснове аналізу адказаў рэспандэнтаў былі выяўленыя такія значэнні і сэнсы.
1. Сродак самаідэнтыфікацыі. Беларуская мова дапамагае ў працэсе самавызначэння.
Падзеі 2020 года актуалізавалі патрэбу ў самаідэнтыфікацыі. Для многіх рэспандэнтаў беларуская мова стала «эфектыўным», моцным сродкам у працэсе самавызначэння. Для некаторых нават часткай пошуку ўласнай ідэнтычнасці больш «шырокай», «пазанацыянальнай».
Беларуская мова — гэта маркер, які хутка і выразна адрознівае цябе ад іншых народаў, нацыяў і культур.
Частка рэспандэнтаў адзначала, што можна ідэнтыфікаваць сябе як беларуса, беларуску, і пры гэтым не карыстацца беларускай мовай:
«Гэта не робіць цябе «небеларусам»».
«Беларус можа не размаўляць на беларускай мове. Гэта не нейкі абавязковы атрыбут».
«2020 год паказаў, што можна рабіць беларускае, рабіць беларушчыну на розных мовах».
Пры гэтым іншыя адзначаюць, што беларуская мова ўсё ж патрэбная і незаменная, каб на нейкім іншым, больш глыбокім, узроўні менавіта адчуць сябе беларусам ці беларускай.
«Можа, гэта будзе неяк патасна гучаць, я адчуваю, што я цэльны. Я адчуў, што мова ёсць мая таясамасць, свядомасць мая. І ад гэтага мне лягчэй жыць».
«Мне ад гэтага лягчэй, мне прасцей, ты быццам бы вяртаешся на сваё месца».
«Калі размаўляеш па-беларуску, адчуваеш сябе больш сабой. Адчуваеш сябе добра».
«Калі мы размаўляем з мужам па-беларуску, гэта як быццам больш натуральна».
«Мне здаецца, мы зусім іншыя, калі размаўляем па-беларуску. Нібыта іншыя людзі (Па энэргетыцы. Гэта заўважна па беларусах)».
«Хацелася моцна павярнуцца да каранёў. Такога адчування ў мяне не было амаль што ніколі. Калі я перайшла на беларускую мову, я быццам бы адчула сябе больш моцнай. І мне падаецца, што гэтая моц усё ж такі ад таго, што ты размаўляеш на сваёй мове».
2. Частка культуры, гісторыі («частка нас»). Рэспандэнты ўсведамляюць, што беларуская мова — гэта адзін з найкаштоўнейшых гістарычных, культурных набыткаў, які захоўвалі продкі, на якім «трымаецца» беларуская культура. Гэта ёсць частка беларускай ідэнтычнасці. І таму ёсць адказнасць яе захаваць і перадаць нашчадкам.
«Мова — гэта пра карані».
«Важна, што беларуская мова ў нас ёсць! Яе трэба захаваць. [Не захаваць мову] гэта не па-людзкі. Так нельга. Трэба захоўваць культуру, традыцыі».
«Мова — гэта нейкі культурны код. Уся гісторыя закадзіравана ў ім. [...] Усё, што перадавалася цэлымі пакаленнямі і стагоддзямі. Для мяне гэта як стужка, якая праходзіць з пачатку нашай дзяржаўнасці і да сіх часоў. Ну я не магу без яе ўявіць сваю дзяржаву. Яна нібы ланцуг, які звязвае ўсіх у адну нейкую еднасць. [...] Гэта проста недзе ў генах. Гэта немагчыма нічым замяніць».
Агулам з адказаў рэспандэнтаў зразумела, што надзвычай важна, каб беларуская мова ў прынцыпе існавала, прысутнічала ў беларускім грамадстве як нацыянальным суб’екце. Нават калі на ёй не будуць размаўляць усе беларусы, тое, што яна ёсць, трымае нацыянальную ідэнтычнасць гэтага суб’екта. Цікавым было параўнанне аднаго з рэспандэнтаў наяўнасці беларускай мовы з калектыўным імунітэтам, які абараняе арганізм-нацыю ад спробаў іншых дзяржаў альбо культур уплываць на яе.
3. Сродак пратэсту. Падчас падзей 2020 года для многіх беларуская мова выступіла як магчымы (а часам адзіны) інструмент пратэсту, супраціву дзейнай уладзе, спосабу вызначыць, захаваць і прадэманстраваць іншым сваю палітычную, грамадзянскую пазіцыю.
Паштоўка да Дня роднай мовы. Аўтар Арцём Барышаў. Svaboda.org
4. Сродак камунікацыі. Тычыцца сітуацый, калі рэспандэнт патрапляў у кола людзей, дзе беларуская мова была мовай гэтага асяроддзя. У гэтым выпадку яна становілася «жывой», «актуальнай», «запатрабаванай», перайсці на яе было камфортным, зручным, «лагічным».
«І гэта мова для мяне стала жывой! Яна стала мовай майго звычайнага жыцця, мовай карыстання, мовай, на якой мяне разумеюць і на якой я разумею іншых».
5. Падмурак дзяржаўнасці. Беларуская мова (разам з іншымі кампанентамі беларускай ідэнтычнасці) ёсць падмуркам незалежнай Беларусі (як дзяржаўнага ўтварэння), Беларусі ў прынцыпе (як асобнай нацыі, асобнай адметнай супольнасці), будучыні Беларусі, асабліва ўлічваючы той гістарычны кантэкст і геапалітычныя ўмовы, у якіх знаходзіцца Беларусь.
«Беларусь з беларускай мовай безумоўна мае больш перспектываў для сваёй асабістай суб’ектнасці, палітычнай, культурнай, і для развіцця ва ўсіх астатніх сферах».
6. Сродак абароны. У кантэксце пагрозы нацыянальнай бяспецы Беларусі з боку расейскай дзяржавы, рэспандэнты бачаць беларускую мову як моцны і важны сродак абароны менавіта ад расейскага ўплыву.
«Мова — гэта абярэжак для нас. Яна паказвае, што мы асобная краіна».
«Важна захаваць мову як частку нас. Гэта пытанне захавання сябе як беларусаў. У нас мову хочуць знішчыць [маецца на ўвазе, у адрозненне ад іншых краін, дзе большасць можа не размаўляць на нацыянальнай мове — заўв. аўт.]».
7. Альтэрнатыва расейскай мове. Пасля расейскай агрэсіі многія рэспандэнты захацелі адмежавацца ад расейскай мовы. Але па розных прычынах: псіхалагічных, каштоўнасных (расейская мова асацыяецца з агрэсіяй, на ёй стала размаўляць непрыемна, прыкра, цяжка), прычынах бяспекі (у замежных краінах расейскамоўных людзей могуць прыняць за расейцаў, што можа азначаць негатыўнае стаўленне ў дачыненні да гэтага чалавека), прычынах ідэнтыфікацыйных (рэспандэнты не хочуць, каб іх памылкова прынялі за расейцаў, хочуць, каб разумелі, што перад імі менавіта беларус).
8. Сродак для вывучэння іншых славянскіх моў, для камунікацыі з жыхарамі славянскіх краін.
Беларуская мова мае больш за 70% агульнай лексікі з украінскай мовай, крыху менш — з іншымі славянскімі мовамі. Ілюстрацыя: homeldays.org
Складанасці і бар’еры ў працэсе пераходу на беларускую мову
Адна з самых значных складанасцяў для рэспандэнтаў — «умець» размаўляць па-беларуску. Прычына: адсутнасць дастатковага слоўнікавага запасу і адсутнасць практыкі.
Другая сур’ёзная складанасць — адсутнасць асяроддзя. Асяроддзе патрэбна не толькі для таго, каб «тэхнічна» практыкаваць мову, але каб мець натуральныя стасункі на беларускай мове, адчуваць і разумець, што жывеш на ёй, што гэта не штучна, а натуральна. Беларускамоўнае асяроддзе ў тым ліку дазваляе «псіхалагічна адчуваць сябе добра», «адчуваць падтрымку», «абменьвацца досведам», адзначалі рэспандэнты. І тут варта адзначыць ролю праектаў і ініцыятыў, накіраваных на стварэнне беларускамоўных супольнасцей, пляцовак і т. п.
У адказах многіх рэспандэнтаў бачна цвёрдае памкненне ў выніку прыйсці да літаратурнай беларускай мовы. Пры гэтым многія не цураюцца памылак ці трасянкі, бо разумеюць: гэта нармальна, бо немагчыма адразу пачаць размаўляць добра (асабліва ўлічваючы моўную сітуацыю ў Беларусі). Гучыць выснова аб тым, што каб пачаць размаўляць па-беларуску, важна пераадолець адзін з найбольш моцных бар’ераў: дазволіць сабе размаўляць з памылкамі, недасканала. Агулам, імкненне не проста размаўляць па-беларуску, а навучыцца літаратурнай мове паўстае як яшчэ адна складанасць.
Лупіце трасянкай
Яшчэ адна акалічнасць — немагчымасць размаўляць на беларускай мове натуральна, жыва, вольна. Як на расейскай мове. Як на мове, засвоенай з маленства. Пра гэтую акалічнасць могуць задумвацца не ўсе (прынамсі не ўсе яе агучваюць). Але яна ацэньваецца аўтаркай даследавання як надзвычай істотная. Рэспандэнты заўважаюць, што яны не могуць гэтак жа добра выказвацца, як на звыклай расейскай мове: нават маючы добры слоўнікавы запас, яны могуць адчуваць, што ўвесь час перакладаюць, альбо што размаўляюць не так «плаўна», «лёгка», што не заўжды будуюць сказы, моўныя канструкцыі па-беларуску.
Для некаторых немагчыма (прынамсі на дадзеным этапе) пісаць мастацкія тэксты па-беларуску так жа добра, як па-расейску. Нават пасля працяглага часу выкарыстання беларускай мовы рэспандэнты адчуваюць, што робяць гэта нібыта свядома, кантралююць гэты працэс. У той час, як засвоеная з маленства расейская мова «ліецца» несвядома. Гэта асабліва праяўляецца ў моманты, калі чалавек знаходзіцца ў «бескантрольным» ці несвядомым стане (калі ён перажывае моцныя эмоцыі, губляе кантроль над сабой і г. д.).
Недахоп кантэнту — яшчэ адзін бар’ер. Беларускамоўны кантэнт пакуль «не забяспечвае» ўсе сферы жыцця: яго няма альбо ён цяжкадасяжны. Гаворка пра лексіку пэўных сфераў (напрыклад, медыцынскую: рэспандэнтам цяжка размаўляць па-беларуску на прыёме ў лекара, бо яны не ведаюць назвы ўсіх органаў, не могуць добра патлумачыць праблему); літаратуру, прафесійную, навуковую, вузкаспецыялізаваную, навучальную; забаўляльны кантэнт (фільмы, серыялы, ток-шоу) і інш. Гэта асабліва тычыцца інфармацыі ў віртуальнай прасторы. Не хапае агулам сучаснага, новага на беларускай мове. Пры тым, што сучаснае ствараецца (але яго адносна няшмат). Вядома, нельга не адзначыць мноства беларускамоўных праектаў і ініцыятыў, а таксама старонак і каналаў у сацсетках, асобна трэба сказаць пра беларускамоўныя СМІ. Ёсць прыклады, калі рэспандэнты паспяхова замяняюць расейскамоўнае беларускамоўным у шэрагу тэмаў, сфераў.
Псіхалагічны аспект. Рэспандэнты адзначаюць, што з «беларускамоўнасцю» менавіта ў Беларусі можа быць звязана пачуццё трывожнасці, няўпэўненасці, страху, дыскамфорту «што нешта пойдзе не так»: не аформяць дакумент, няправільна зразумеюць запыт, агулам не зразумеюць, выкажуць негатыўнае стаўленне і інш.
Пры гэтым абсалютная большасць рэакцый з боку іншых людзей (сям’і, родных, сяброў, а таксама незнаёмцаў) на беларускамоўнасць рэспандэнтаў была станоўчай альбо нейтральнай. Негатыўных выпадкаў альбо не было, альбо яны былі вельмі рэдкімі. Але гэта не адмяняе магчымай няўтульнасці і неабходнасці пераадольвасць узгаданыя вышэй бар’еры.
Такім чынам, падчас вылучаных «хваляў беларускамоўнасці» адбыўся ўсплёск увагі да беларускай мовы (нароўні з увагай да іншых складнікаў беларускай ідэнтычнасці). Падзеі гэтых «хваляў» далі моцны штуршок, прычыну, нагоду, альбо стварылі спрыяльныя ўмовы для пераходу часткі беларусаў на беларускую мову. Пры гэтым, казаць пра пэўную маштабную «беларускамоўнаць» (ці беларусізацыю) не выпадае. Аднак выяўленыя актуальныя значэнні і сэнсы беларускай мовы падаюцца нам цікавымі, важнымі і карыснымі ў разуменні моўнай сітуацыі ў Беларусі.
Поўны тэкст даследавання па спасылцы.
М. П., Budzma.org