Працягваем спазнаваць палескія абшары. Сёння рушым у напрамку Піншчыны. Тут мы пабачым закінуты барочны храм ХVIII стагоддзя, да якога дабіраецца далёка не кожны вандроўнік, выкшталцоны прыклад неаготыкі — капліцу-пахавальню Ажэшкаў, пазнаёмімся з роднымі мясцінамі ды мастацкай спадчынай выбітнага мастака і кампазітара Напалеона Орды, наведаўшы ягоную родавую сядзібу ды музей у Варацэвічах, раённы цэнтр Іванава, завітаем да колішніх уладанняў Пінскага езуіцкага калегіума ў вёсцы Дубае.
Панарама Іванава. Фота: planetabelarus.by
Вёска вядомая ажно з канца ХІІІ стагоддзя. З ХVIІ стагоддзя яна сталася галоўнай палескай рэзідэнцыяй роду Ажэшкаў.
Пісьменніца Эліза Ажэшка не раз прыязджала сюды з суседняга Людвінава. Паводле мясцовай легенды, тут, у Закозелеўскай капліцы, у 1863 годзе яна хавала ад расійскага войска аднаго з кіраўнікоў Студзеньскага паўстання, параненага Рамуальда Траўгута.
Паводле задумы архітэктара Францішка Яшчолда, які, дарэчы, быў і аўтарам праекта знакамітага палаца Пуслоўскіх у Косава, родавая капліца, узведзеная ў 1839 годзе, мусіла выглядаць як рамантычная неагатычная «кветка» ў суворым Палескім краі. Верхняя частка будынка візуальна сапраўды нагадвае своеасаблівую кветку.
Капліца Ажэшкаў. Фота: tropinki.by
Паводле загаду царскага ўрада ў 1867 годзе ў капліцы быў знішчаны алтар і наглуха забіты ўваход. Да нашых дзён капліца дайшла ў выглядзе маляўнічых руінаў сярод парку і сажалак. Але цягам апошніх некалькіх гадоў распачалося актыўнае аднаўленне каплічкі: сёння ўжо скончаныя знешнія рэстаўрацыйныя працы. За лёсам будынка і ўсімі падзеямі вакол яго можна сачыць тут.
Маёнтак у Закозелі быў сканфіскаваны ў Ажэшкаў за ўдзел у паўстанні, а муж Элізы, Пятро Ажэшка, быў сасланы ў Сібір. Праз некаторы час уласнасць усё ж вярнулі гаспадарам, але ў 1892 годзе сама Эліза Ажэшка прадала маёнтак графіні Бабрынскай. У Закозелі ад яе імя гаспадарыў Аксэль фон Дэн. Ён і пабудаваў вінакурню, якая захавалася ў добрым стане да нашага часу.
Вінакурня ў Закозелі. Фота: natatnik.by
На вінакурні ў Закозелі была наладжана наватарская для свайго часу вытворчасць: выкарыстоўваліся сучасныя паравыя механізмы, была праведзена электрычнасць. Для прыгатавання спірту ўжывалі зерне, што захоўвалася тут жа, у гумне.
Ад сядзібнага комплексу сёння мы можам пабачыць толькі частку ацалелага палаца, якая выкарыстоўваецца як жылы дом. Апошнім гаспадаром маёнтка быў Караль Талочка з 1923 па 1944 гады.
Ацалелая частка палаца ў Закозелі. Фота: natatnik.by
Руіны барочнага касцёла Св. Духа, 1750 года пабудовы, паблізу вёскі Язвіны, ці, як мясцовыя называюць, Вінч — не надта папулярны, але цікавы для аматараў архітэктурных «парэшткаў» помнік. Храм сёння хоць і закінуты, але тэрыторыя побач дастаткова дагледжаная.
Рэшткі касцёла Святога Духа
У сярэдзіне ХІХ стагоддзя касцёл у Язвіне быў ператвораны ў праваслаўную царкву. Тады да будынка была далучаная вежа-званіца, не тыповая для барочнага касцёла. У такім выглядзе храм можна пабачыць на малюнку Напалеона Орды.
Храм на малюнку Напалеона Орды
З 1919 года касцёл быў вернуты каталікам і дзейнічаў да 1944 года. Сёння храм занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.
Чытайце яшчэ:
Варацэвічы
4. Музей Напалеона Орды
Далей рушым на радзіму аднаго з самых знакамітых палешукоў і самага тыповага прадстаўніка высакароднай ліцвінскай шляхты мінулай эпохі — мастака Напалеона Орды. У Варацэвічах можна наведаць «Музейны комплекс імя Напалеона Орды», каб падрабязней пазнаёміцца з біяграфіяй мастака і копіямі ягоных працаў. Музейны комплекс складаецца з двух будынкаў: у адным з іх, дзе раней была школа, месціцца карцінная галерэя, у іншым — непасрэдна музей.
Музей Напалеона Орды. Фота: 34travel.me
Карцінная галерэя адчыніла свае дзверы ў Варацэвічах у 2007 годзе, тут выстаўляюцца працы мясцовых мастакоў, на якіх можна пазнаць процьму навакольных славутасцей. Яшчэ адна зала галерэі адведзена пад сучасныя выставы.
У іншай пабудове музейнага комплексу 5 залаў, якія апавядаюць пра розныя перыяды жыцця Напалеона Орды: пра дзяцінства, эміграцыю, пра вяртанне на радзіму. Арыгіналаў карцінаў мастака тут няма, усе яны захоўваюцца ў Варшаве. Але ёсць вельмі каштоўныя копіі польскіх рэстаўратараў на арыгінальнай паперы ХІХ стагоддзя. Раім замовіць экскурсію, каб найбольш змястоўна азнаёміцца з экспазіцыяй музея ды знакамітым палескім родам Ордаў, з якім шчыльна знітаваная гісторыя гэтага краю.
У Музеі Напалеона Орды. Фота: 34travel.me
Урочышча Чырвоны Двор
5. Сядзіба Напалеона Орды
За два кіламетры ад Варацэвіцаў, ва ўрочышчы Чырвоны Двор, паводле малюнка Напалеона Орды аднавілі ягоную родавую сядзібу. Пасля пажару 1943 года ад яе застаўся толькі падмурак. Сюды варта заехаць, паглядзець не столькі на навабуд, а на сажалкі, рэшткі парку, ландшафты, якія сузіраў і сам выбітны мастак.
Сядзіба Напалеона Орды. Фота: janow.by
Колішняе мястэчка Янаў (з 1940-га — Іванава) вядомае ў пісьмовых крыніцах з ХVII стагоддзя як мястэчка Янаў-Палескі. У Трынаццацігадовую вайну 16 траўня 1657 года паселішча захапілі казакі, якія пасля працяглых катаванняў забілі тут езуіцкага місіянера Андрэя Баболю.
Панарама Іванава. Фота: planetabelarus.by
Касцёл Узвышэння Святога Крыжа збудаваны ў 1848 годзе ў стылі ампір. Варта звярнуць увагу на адноўленую каплічку ў агароджы касцёла: меркавана, на гэтым месцы і быў закатаваны «пінскі апостал» Андрэй Баболя.
Касцёл Узвышэння Святога Крыжа. Фота: planetabelarus.by
Унутры храма ў левым алтары размешчаны драўляны крыж, выразаны самім Напалеонам Ордам. А скульптура ўкрыжаванага Ісуса выканана скульптарам Геленай Скірмунт. Такім чынам, прадстаўнікі абодвух выбітных палескіх родаў спрычыніліся да гэтага твора.
Крыж, выразаны Напалеонам Ордам, у касцёле Узвышэння Святога Крыжа. Фота: planetabelarus.by
Месца пахавання Напалеона Орды ў Янава знеслі разам з каталіцкімі могілкамі, каб пабудаваць школу. Але помнік творцу на месцы ўмоўнай магілы там можна пабачыць.
Помнік Напалену Орду. Фота: wikimedia.org
Варта не пераблытаць Дубае Пінскага раёна з Дубай Столінскага. Паселішча Дубае на рацэ Піна ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1495 годзе.
На пачатку ХVII стагоддзя паселішча і маёнтак Дубае належалі Слуцкаму і Віленскаму Святадухаўскаму праваслаўным брацтвам. А ў 1638 годзе Пінскі стараста Альбрэхт Станіслаў Радзівіл перадаў маёнтак Пінскаму езуіцкаму калегіуму. Езуіты тут гаспадарылі ажно да скасавання ордэна — да 1773 года.
Парк у Дубае. Фота: planetabelarus.by
Езуіты заклалі тут парк, праклалі каналы, адаптавалі мураваны палац 1596 года папярэдняга гаспадара Яна Полаза пад інтэрнат для дзяцей-сіротаў, разгарнулі гаспадарчую дзейнасць, актыўна займаліся бортніцтвам і агародніцтвам.
Праз Дубае пралягалі шляхі і «апостала Піншчыны» Андрэя Баболі, і Адама Нарушэвіча, навучэнца мясцовага езуіцкага калегіума, які сабраў 231 том матэрыялаў па гісторыі Рэчы Паспалітай, і Міхала Казіміра Агінскага, які стварыў тут унікальную водную сістэму і заснаваў Дняпроўска-Бугскі канал.
Пасля ліквідацыі ордэна езуітаў уласнікамі Дубае становіцца род Кужанецкіх, а за ХІХ стагоддзе маёнтак змяніў мноства гаспадароў. У міжваенны час у колішняй езуіцкай камяніцы і палацы Кужанецкіх месцілася сельскагаспадарчая школа, а ў 1944 годзе палац быў знішчаны ды расцяганы кемлівымі месцічамі на будаўнічыя матэрыялы.
Рэшткі сядзібна-паркавага комплексу Кужанецкіх. Фота: citydog.by
Сёння на месцы комплексу будынкаў — пустка. Застаўся толькі ў глыбіні парка «прафесарскі дом», так названы за часам існавання тут сельскагаспадарчай школы.
Больш пашчасціла капліцы, пабудаванай напрыканцы ХVIII — пачатку ХІХ стагоддзя. Яна засталася некранутай і перажыла за савецкім часам трансфармацыю ў паштовае аддзяленне. Сёння будынак належыць каталіцкай царкве, тут адноўлена дахоўка, а ўнутры можна пабачыць старадаўняе распяцце, уратаванае мясцовай жыхаркай ад знішчэння Саветамі.
Капліца ў Дубае. Фота: citydog.by
Водная сістэма ў мясцовым парку хоць і прыйшла ў заняпад, але рэшткі яе можна пабачыць і сёння. У глыбіні парку варта звярнуць увагу на безліч сажалак, каналаў, крынічак. Тут жа варта пашукаць і 450-гадовы дуб, белую піхту і самае старое ў Беларусі дрэва канадскай тсугі. Яшчэ ў парку захаваліся могілкі часоў Першай сусветнай вайны.
Парк у Дубае. Фота: citydog.by
Язэп Вараніцкі, budzma.org
Чытайце яшчэ: Палац, які прайгралі ў карты, сядзіба, дзе нарадзіўся Касцюшка. Чаму варта наведаць Косава?