Вандроўка аднога дня: што паглядзець у Германавічах

У музеях Германавічаў, што на Шаркаўшчыне, сабрана мноства каштоўных артэфактаў. Таксама гэтае невялікае паселішча мае багата архітэктурных каштоўнасцяў, пра якія мы і распавядзем у сённяшняй вандроўцы: велічны касцёл ХVIII стагоддзя пабудовы, шыкоўны палац роду Шырынаў у стылі класіцызм, стараверскую царкву, два музеі са спадчынай Язэпа Драздовіча і шмат іншых цікавостак.


U Hiermanavičach
 У Германавічах

Як дабрацца

Да Германавічаў ад Мінска на аўто каля 210 км. З грамадскага транспарту зручней будзе дабірацца маршруткай да Шаркаўшчыны, напрыклад, а 7-й ранку і з Шаркаўшчыны да Германавічаў аб 11-й. Агульны кошт квіткоў складзе каля 30 BYN.

Rasklad hramadskaha transpartu ŭ Hiermanavičach
Расклад грамадскага транспарту ў Германавічах

Першыя згадкі пра Германавічы

Германавічы — колішняе мястэчка старажытнай Дзісеншчыны. Паводле меркавання мясцовых гісторыкаў, старадаўняе паселішча ўзнікла тут не пазней за ХІІІ стагоддзе. Але ж упершыню ў пісьмовых крыніцах Германавічы ўзгадваюцца толькі ў 1563 годзе. Маёнтак Германавічы быў уласнасцю роду Сапегаў. У 1782 годзе маёнтак прыдбаў Ігнат Шырын. Род Шырынаў заставаўся гаспадарамі Германавічаў ажно да 1939 года, калі да ўлады прыйшлі бальшавікі.

Kasciol u Hiermanavičach
Касцёл у Германавічах

Касцёл Перамянення Пана

У 1787 годзе Ігнат Шырын фундаваў будаўніцтва храма ў стылі віленскага барока на беразе ракі Дзісна. Першапачаткова ён узводзіўся як грэка-каталіцкі.

Ля бажніцы ў 1796 годзе фундатар Ігнат Шырын і быў пахаваны. Сёння магілу роду Шырынаў з помнікам можна пабачыць праваруч ад касцёла адразу за ўваходнай брамай.

Pachavannie Šyrynaŭ
Пахаванне Шырынаў

Hiermanavicki kasciol
Германавіцкі касцёл

У 1918 годзе ксяндзом у бажніцы служыў Міхал Буклярэвіч, які вельмі шмат зрабіў для беларусізацыі касцёла: перакладаў літургічныя тэксты, праводзіў казані па-беларуску. Храм быў зачынены пасля Другой сусветнай вайны ды ператвораны савецкай уладай у зернясховішча. Касцёл Перамянення Пана вярнуўся да вернікаў толькі ў 1989 годзе.

Kasciol u Hiermanavičach
 Касцёл у Германавічах

Interjer kasciola u Hiermanavičach
Інтэр’ер касцёла у Германавічах

Палац Шырынаў

Насупраць касцёла, на іншым беразе Дзісны Ігнат Шырын распачаў будаўніцтва родавай рэзідэнцыі, але дабудаваць да смерці не паспеў. Завершылі ўзвядзенне палаца ўжо ягоныя сыны. Палац Шырынаў добра захаваўся з канца ХVІІІ стагоддзя па сённяшні дзень. Сядзіба была ўзведзена ў стылі класіцызм, ад яе да Дзісны спускаўся пейзажны парк, рэшткі якога можам пабачыць і сёння. Месцічы распавядаюць, што ад палаца да касцёла існаваў падземны ход. Сутарэнні нібыта былі пракладзены ажно пад Дзісной, але праз будаўніцтва моста былі затопленыя.

Palac Šyrynaŭ
Палац Шырынаў

Музей культуры і побыту імя Язэпа Драздовіча

Сёння ў сядзібе Шырынаў месціцца Германавіцкі музей культуры і побыту імя Язэпа Драздовіча. Тут захоўваецца вялікая колькасць прац вандроўнага мастака. У музеі можна пабачыць нават калекцыю падарожных кійкоў Язэпа Нарцызавіча, кожны з якіх — сапраўдны твор мастацтва. Сёння ў фондах музея ў Германавічах — 38 прац Язэпа Драздовіча, 14 з іх выстаўляюцца ў сталай экспазіцыі. Сярод твораў, што захоўваюцца ў музеі, жывапіс, графіка, знакамітыя маляванкі.

Šyĺda na muziei
Шыльда на музеі

Язэпа Драздовіча часам называюць беларускім Леанарда да Вінчы, бо ў сваіх летуценнях пра космас у творы «Нябесныя бегі» ён прыдумаў нават шматступенчатую ракету, і скафандры на адной з ягоных карцінаў, намаляванай задоўга да іх ўзнікнення, таксама можна пазнаць. Навуковую каштоўнасць Драздовіцкіх вынаходніцтваў даследчыкі крытыкуюць, але ж культуралагічная каштоўнасць іх неаспрэчная. Нават космас бачыўся мастаку беларускім, Драздовіч выяўляў яго на сваіх карцінах. Там сатурніянскія краявіды вельмі нагадваюць родную Дзісеншчыну, у штучным моры можна пазнаць Беларускае паазер’е, у тварах сатурніянцаў чытаюцца тыпажы мясцовых жыхароў.

U muziei, Hiermanavičy
 У музеі, Германавічы. Фота: citydog.io

Вялікая колькасць экспанатаў з’явілася ў музеі дзякуючы руплівай працы Ады Эльеўны Райчонак, беларускай грамадскай дзяячкі, якая доўгі час выкладала ў мясцовай школе. Унёсак Ады Эльеўны ў развіццё культурніцкага жыцця ў Германавічах ды турыстычнага патэнцыялу мясцовасці цяжка перабольшыць. У Германавічах працуе створаны Адай Райчонак літаратурна-мастацкі музей, які таксама варта наведаць.

Магіла Юзэфы Драздовіч

Раім у Германавічах зайсці на мясцовыя могілкі, тут пахаваная маці Язэпа Драздовіча Юзэфа. Надмагілле было зроблена паводле замовы і эскізу мастака. Юзэфа Янаўна Драздовіч з роду Канчэўскіх была свядомай беларускай. Яна надзвычай любіла беларускую народную творчасць, ведала на памяць шмат беларускіх казак, баек, легендаў ды прыказак. Акурат праз маці Язэп Драздовіч усвядоміў сябе беларусам.

Nadmahillie Juzefy Janaŭny Drazdovič
Надмагілле Юзэфы Янаўны Драздовіч

Пасля спачыну Юзэфы Янаўны ў траўні 1921 года мастак вельмі перажываў, што не дасць рады з-за беднасці ўсталяваць на яе магіле прыстойны помнік. Але знайшоў грошы ды замовіў надмагілле, якое было выканана па ўласным эскізе мастака. На помніку надпіс беларускай лацінкай «Юзэфа 1841-1921 Нарцызава Драздовіч». Сёння надпіс чытаецца вельмі кепска. Не так даўно магіла была добраўпарадкавана, а надмагілле перамешчана на пастамент.

Mahila Juzefy Janaŭny Drazdovič
Магіла Юзэфы Янаўны Драздовіч

Свята-Успенская царква

У 1900 годзе ў Германавічах была ўзведзена стараверская Свята-Успенская царква. Храм быў пабудаваны пад патрэбы мясцовай супольнасці старавераў, якая налічвала каля 400 чалавек. За савецкім часам царква была зачыненая ды абрабаваная, былі скрадзены ўнікальныя старажытныя абразы ХІХ стагоддзя.

Сёння набажэнствы ў царкве адбываюцца кожную нядзелю з 8 да 12 гадзін.

Sviata-Uspienskaja carkva

Sviata-Uspienskaja carkva
 Свята-Успенская царква

Местачковая забудова канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя

Як і ў любым беларускім мястэчку, яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя ў Германавічах жыло шмат яўрэяў, было ўзведзена нават дзве сінагогі. Пагаворваюць, што другую пабудаваў дзядзька, які не пажадаў хадзіць маліцца ў адну сінагогу са сваім пляменнікам з-за маёмаснай судовай спрэчкі, якая вырашылася не на ягоную карысць. Былі тут і яўрэйскія могілкі, якія за савецкім часам зааралі пад калгаснае поле. На сёння ў Германавічах з усёй жылой забудовы, дзе жылі яўрэі, захавалася толькі адна камяніца.

Kamianica ŭ Hiermanavičach
Камяніца ў Германавічах

Германавічы былі паводле веравызнання пераважна каталіцкім паселішчам, але тут без варажнечы ўжываліся і шматлікія іншыя канфесіі ды прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў. Не так даўно тут размясцілі і праваслаўную царкву ў будынку колішняй сталовай.

Pravaslaŭnaja carkva ŭ Hiermanavičach
 Праваслаўная царква ў Германавічах. Фота: fotobel.by

Дзе паесці

У Германавічах 2 крамы, што месцяцца на цэнтральнай плошчы адна насупраць іншай. Выбар там звыклы, але галодным не застанецца ніхто. Не так даўно у адной з крамаў побач з аўтобусным прыпынкам з’явілася кава-машына, дзе робяць прыстойную каву. Так што турысты не застануцца без асноўнага атрыбуту ўдалага падарожжа.

Prypynak Hiermanavičy
Прыпынак Германавічы

Язэп Вараніцкі, Budzma.org

Чытайце яшчэ:

Чатыры замкі Беларусі, якія абавязкова варта наведаць

Вандруем па нетурыстычных мясцінах: 5 нагодаў наведаць Карму