Вандруем па нетурыстычных мясцінах: 5 нагодаў наведаць Карму

У нашай традыцыйнай вандроўцы скіруемся на Гомельшчыну ў зусім не тыповае для турыстаў месца. Туды, дзе толькі пільнае вока вандроўніка, які цікавіцца гісторыяй краю, можа заўважыць адбіткі розных гістарычных перыядаў ды лёсавызначальных падзеяў. Рушым у раённы цэнтр Карма, што ў Гомельскай вобласці. Тут нас чакаюць руіны старадаўняга ўніяцкага храма, шляхецкі палац у стылі эклектыка, местачковая архітэктурная спадчына і шмат іншых цікавостак.


сядзіба Дзерналовічаў у КармеФота: planetabelarus.by. Карма, сядзіба Дорыя-Дзерналовічаў

Карма. Што паглядзець

Кармянскія археалагічныя знаходкі датуюцца 26 тысячагоддзем да н. э., што сведчыць пра наяўнасць тут паселішчаў старажытных людзей здаўна. Але ўпершыню ў пісьмовых крыніцах Карма ўзгадваецца ў 1665 годзе. З таго часу, на жаль, нічога ў сучаснай Карме не захавалася, але ў колішнім мястэчку і зараз ёсць чаго паглядзець, хоць і ў вельмі занядбаным стане.

вуліца ў КармеФота: strada.by. Вуліца ў Карме

1. Царква Святога Мікалая

Пачнем знаёмства з Кармой з самага старога будынка, дакладней з таго, што ад яго засталося падчас панавання савецкай улады ў краі. Храм святога Мікалая першапачаткова будаваўся як уніяцкі, яго ўзвядзенне было фундавана тагачаснымі гаспадарамі маёнтка, прадстаўнікамі роду Быкоўскіх, у 1832 годзе. Пасля скасавання уніі Расійскай імперыяй бажніца была перададзена вернікам праваслаўнага веравызнання.

царква Святога МікалаяФота: planetabelarus.by. Царква Святога Мікалая ў Карме

Храм быў узведзены ў стылі класыцызм на высокім ўзгорку, які мае штучнае паходжанне. Вядома, што царква мела дзве драўляныя званіцы. Праект рэканструкцыі храма можна пабачыць на мурале побач з царквой, ён быў зроблены ажно ў 1991 годзе.

царква Святога Мікалая 2Фота: planetabelarus.by. Царква Святога Мікалая ў Карме

Пасля 1917 года савецкія ўлады перарабілі царкву пад сховішча, пазней будынак быў аддадзены пад мясцовы дом культуры. Па Другой сусветнай вайне ў бажніцы размясцілі хлебапякарню, а ў 1960-х там здарыўся пажар, пасля якога будынак ужо не аднаўляўся. Мікалаеўская царква ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

царква Святога Мікалая 3Фота: Царква Святога Мікалая ў Карме

2. Палацава-прамысловы комплекс «Стэфанава» Дорыя-Дзерналовічаў

Частка сучаснай Кармы была адным з трох мясцовых маёнткаў, якія ў другой палове ХІХ стагоддзя належалі роду Дорыя-Дзерналовічаў. Дорыя-Дзерналовічы набылі Карму ў Быкоўскіх. Кармянскі сядзібна-гаспадарчы комплекс «Стэфанава» ў Карме часткова можам пабачыць і сёння: захаваўся сядзібны дом, некалькі гаспадарчых пабудоваў, рэшткі парку з сажалкай. Захаваўся млын і нават будынак крухмальнага завода, але паназіраць за ім можна хіба з-за плота.

сядзіба Дзерналовічаў у Карме 2Фота: strada.by Карма, сядзіба Дорыя-Дзерналовічаў

маёнтак Дзерналовічаў у Карме

Маёнтак Дорыя-Дзерналовічаў, гаспадарчыя пабудовы

Да 1917 года маёнтак «Стэфанава» імкліва развіваўся. Аляксандр Дорыя-Дзерналовіч прыдбаў нафтавы рухавік і іншае наватарскае абсталяванне для крухмальнага завода, які за некалькі год да прыйсця савецкай улады быў пераабсталяваны ў спіртзавод. Месцічы кажуць, што спіртзавод працаваў на тым абсталяванні ажно да 1996 года.

завод Дзерналовічаў у КармеФота: strada.by. Маёнтак Дорыя-Дзерналовічаў, крухмальны завод

Сядзібны дом Дорыя-Дзерналовічаў быў узведзены напрыканцы ХІХ стагоддзя ў стылі эклектыка. Палац выглядаў велічна: цагляныя сцены, гаўбцы, тэрасы, высокія праёмы вокнаў і размяшчэнне на ўзвышшы дадавалі яму асаблівай маляўнічасці. Пры сядзібе нават мелася ўласная аранжарэя, дзе вырошчваліся экзоты, не ўласцівыя нашай мясцовасці. Навокал сядзібы быў закладзены парк з вялікай па памерах сажалкай, у якой месцічы актыўна ловяць рыбу і сёння.

сядзіба Дзерналовічаў у Карме 3Фота: strada.by. Сядзіба Дорыя-Дзерналовічаў

сядзіба Дзерналовічаў у Карме 4Фота: strada.by. Сядзіба Дорыя-Дзерналовічаў

Апошні гаспадар «Стэфанава» памёр у 1917 годзе, а нашчадкі праз прыйсце савецкай улады мусілі ўцякаць з родных мясцінаў. Маёнтак і ўсе гаспадарчыя пабудовы былі нацыяналізаваныя, а маёмасць Дорыя-Дзерналовічаў разрабавана. Сядзібны дом ацалеў дзякуючы таму, што доўгі час выкарыстоўваўся: у ім пасля Другой сусветнай вайны месціўся дзіцячы інтэрнат, пазней мясцовая школа. Але ўжо цягам апошніх год колішні палац прыйшоў да аварыйнага стану і імкліва занепадае.

сядзіба Дзерналовічаў у Карме 5Фота: strada.by. Сядзіба Дорыя-Дзерналовічаў

3. Юдэйскія могілкі

Доўгі перыяд гісторыі Кармы, як і ўсіх беларускіх мястэчкаў, быў шчыльна знітаваны з яўрэямі. На пачатак ХХ стагоддзя больш за 85% мясцовага насельніцтва складалі юдэі. Ім здаваў у арэнду пад крамы свае будынкі ў мястэчку і ўжо вядомы нам Аляксандр Дорыя-Дзерналовіч. Местачковыя яўрэі займаліся ў асноўным дробным гандлем. Але па Другой сусветнай вайне гэтая традыцыя трагічна перапынілася. Пра той перыяд гісторыі мястэчка сёння нагадваюць хіба юдэйскія могілкі, дзе можна пабачыць некалькі старадаўніх мацэваў. У асноўным там помнікі ўжо савецкага перыяду, але імёны і прозвішчы на іх характэрныя.

юдэйскія могілкі ў КармеФота: shtetle.com. Карма, юдэйскія могілкі

4. Местачковая забудова канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя

Карма з 1976 года забудоўваецца згодна з прынятым тады генеральным планам, які, вядома, не адпавядае першапачатковай планіроўцы мястэчка. Ад старадаўняй Кармы толькі ў паўднёвай частцы захаваліся фрагменты гістарычнага цэнтру з рынкам. Тут жа можна пабачыць і некалькі местачковых камяніцаў пачатку стагоддзя. Напрыклад, дом арандатараў крухмальнага завода братоў Крокаў.

местачковая забудова КармыФота: shtetle.com. Карма, местачковая забудова

Былі тут, вядома, і яўрэйскія крамкі, якія мелі свае асаблівасці. Нават арандаваныя будынкі гандляры перараблялі на свой лад: вакно, якое выходзіла да вуліцы, не мела шкла — яно было прызначана пад гандаль. Такім чынам, гаспадару будынка не патрэбна было ісці на кірмаш з таварам, а можна было проста прачыніць такое вакно і пачынаць працу. І будавацца было выгодней бліжэй да рынку: чым больш прахадной была вуліца, тым больш паспяховым быў гандаль.

юдэйскі дом у КармеФота: shtetle.com. Карма, местачковая забудова

5. Помнік адселеным вёскам

Кармянскі раён, як і іншыя раёны Гомельскай вобласці, у 1986 годзе пацярпеў ад аварыі на ЧАЭС. У 1990-я гады жыхары масава адсяляліся ў больш бяспечныя месцы, а 29 вёскаў былі цалкам ліквідаваныя. Адзін з некалькіх помнікаў, прысвечаны гэтай балючай старонцы гісторыі краю, знаходзіцца ў Карме. Некалькі вёсак, назвы якіх можам пабачыць на помніку, былі цалкам знішчаныя, а ў некаторых захаваліся адзінкавыя пустуючыя хаты, у якія ніхто больш ніколі не вернецца.

помнік адселеным вёскам у КармеФота: planetabelarus.by. Помнік адселеным вёскам

Дзе паесці

Паесці гарачай ежы ў Карме не атрымаецца, установаў грамадскага харчавання, якія працуюць рэгулярна, тут не засталося. Ля сажалкі пры колішнім палацы Дорыя-Дзерналовічаў даўно зачынены будынак кафэ «Нептун», у цэнтры колішні рэстаран «Сож», дзе перыядычна пахне ежай, але, хіба, толькі пад замову на ўрачыстасці. Тым не менш прадуктовых крамаў рознага кшталту як дзяржаўных, так і прыватных, у Карме больш за дзесяць, у некаторых ёсць уласная кулінарыя і аўтаматы з кавай.

рэстаран "Сож"
Фота: vk.com/restoran_sozh. Вяселле ў рэстаране «Сож», гарадскі пасёлак Карма

Дзе заночыць

Спыніцца на ноч у Карме можна ў аднайменнай гасцініцы, пабудаванай за савецкім часам, але рэканструяванай ў 2005 годзе. У «Карме» 21 нумар на 44 ложкі, маюцца 1-, 2-, 3- і 4-хмясцовыя. Нумары адрозніваюцца па катэгорыях: у самых танных усё вельмі сціпла ды зручнасці на калідоры, у двухпакаёвым першай катэгорыі уласны санвузел і свежы рамонт. Кошты стартуюць ад 22 BYN.

гасцініца ў Карме Фота: holiday.by. Карма. У гасцініцы

Вандруйце разам з «Будзьма!»

Язэп Вараніцкі

Чытайце яшчэ:

Топ-5 шляхецкіх сядзібаў Баранавіцкага раёна, якія варта наведаць

8 нагодаў наведаць Рагачоў