Выйшаў новы выпуск гістарычнага серыяла «Сармат», прысвечанага шляхецкай культуры ў розных яе аспектах: як жылі, за што жылі, пра што думалі і марылі нашы продкі-шляхцічы.
У другой серыі разбураем распаўсюджаныя, але памылковыя меркаванні. Маўляў, шляхта — гэта такія заможныя людзі, якія сабраліся, прыдумалі сабе гербы і дрэс-код, ды вырашылі, што яны тут галоўныя. Або і такое ёсць: шляхта — гэта злыя польскія паны, якія прыгняталі беларускага батрака ў лапцях і сярмязе. Кім жа была шляхта насамрэч?
Як нашы баяры сталіся шляхтай? Якія правы і абавязкі мелі? Чаму Караль Радзівіл (Пане Каханку) называў «панам-братам» нават найбяднейшага шляхціча? Чаму шляхту лічылі «каўчэгам свабоды» і палітычнай нацыяй Рэчы Паспалітай? Як Расія вырашала «шляхецкае пытанне»? Ці існавала б Беларусь без нашчадкаў шляхецкіх родаў ВКЛ?
Расказвае вядоўца праекта «Сармат», акцёр, рэжысёр, выкладчык гістарычнага фехтавання Васіль Калач.
Расшыфроўка відэа
Пра што гаворка
Ёсць памылковае меркаванне, маўляў, шляхта — гэта такія заможныя людзі, якія сабраліся, прыдумалі сабе гербы і дрэс-код, ды — вырашылі, што яны тут галоўныя. Або такое: шляхта — гэта злыя польскія паны, якія прыгняталі беларускага батрака ў лапцях і сярмязе, ай-ай-ай...
Кім была шляхта насамрэч? Чаму гэтае саслоўе называлі «каўчэгам свабоды» ды — рыцарамі?
Мяне завуць Васіль Калач. У праекце «Сармат» мы размаўляем пра шляхецкую культуру ў розных яе аспектах: як жылі, за што жылі, пра што думалі і марылі нашы продкі-шляхцічы.
Шляхціч — чалавек бітвы
Недарма сёння побач са мною — меч і зямля. Тут і надалей у нас у кадры не будзе нічога выпадковага. Дык вось шляхта — гэта найперш пра вайсковую службу ды валоданне зямлёй, галоўным капіталам на працягу доўгіх стагоддзяў. Калі ты шляхціц, то маеш права насіць пры сабе зброю. Роўна як і маеш права валодаць зямлёй (калі не, то маеш толькі абавязак яе апрацоўваць). Тут выключэнне для царкоўных землеўладанняў, і гэта асобная тэма.
Але — пра ўсё па-парадку. Першасна шляхта — гэта вайсковая каста, саслоўе ваяроў. Эліта ў племянным ды феадальным грамадстве. У каго сіла — у таго і ўлада. З ваяроў выходзілі ўсе князі і каралі. Само слова паходзіць ад нямецкага «Schlacht» — «бітва». Шляхціч — чалавек бітвы, ваяр. З нямецкай слова перайшло ў польскую, з польскай да нас.
Спосабы атрымання шляхецтва і абавязкі шляхты
Шляхта — гэта закрытая супольнасць, прыналежнасць да якой перадавалася ад бацькі да сына. Таксама і дочкам, але не іхным дзецям, бо гэта ўжо іншы род. Жанчына простага стану, выходзячы замуж за шляхціча ставала шляхцянкай: нават калі шлюб не першы. Шляхецтва можна было атрымаць ад вялікага князя, на Сойме ці ад гетмана на полі бою.
У гэтага кам’юніці былі свае правілы, кодэксу гонару, табу і абавязкі.
Ці не галоўным абавязкам шляхты ў Рэчы Паспалітай быў удзел у Паспалітым рушанні — калі вайна, то маеш сесці ў сядло і «гоў» на фронт.
Калі сам не можаш, бывае, — заданаць на войска, ці збяры банду галаварэзаў, узброй іх і дасылай замест сябе. Але ўдзельнічаць — абавязаны.
Шляхецкая дэмакратыя
У сярэднія вякі, на досвітку ВКЛ, нашым аналагам шляхты былі «баяры» — дружыннікі князя. У сучаснай літоўскай мове назва эліты — дваранаў — дагэтуль «bajoras». Тэрмін «шляхта» у нас ужо з часоў Ягайлы. Менавіта ён паводле уніі Літвы з Польшчай падсунуў нашым баярам пакет прапановаў у выглядзе шляхецкіх вольнасцяў, ад якіх цяжка было адмовіцца. Але тэрміны: «баяры», «шляхта», «зямяне» доўга яшчэ жылі паралельна.
Адсюль пачынаецца гісторыя пра шляхецкую дэмакратыю. Бо акурат шляхта была палітычнай нацыяй у ВКЛ і далей у Рэчы Паспалітай абодвух народаў — ужо пасля 1569 года. Не ўсе насельнікі гэтых тэрыторыяў, але — шляхта. Свабодныя людзі з абавязкамі і правамі: гра-ма-дзя-не. А не проста носьбіты мовы і генафонду.
Усе палітычныя справы ў дзяржаве вырашаліся на соймах і сойміках. Ажно да выбараў караля. У элекцыйным сойме мог удзельнічаць кожны шляхціч, таму іх часта і праводзілі ў полі: бо дзе ж ты ўсіх змесціш. І каралём — выбарным, нагадаю — мог стаць кожны, нават іншаземец: як вугорац Стэфан Баторый, швед Жыгімонт Ваза або саксонцы Аўгуст ІІ і ІІІ-ці. Быў момант, калі нават Іван Грозны хацеў у нас на караля балатавацца, але куды там... цьфу!
Шляхта — «каўчэг свабоды»
Шляхта канешне была вельмі розная. Ад шарачковай галоты (калі ў плане побыту ты ў прынцыпе мала адрозніваешся ад селяніна і не маеш сваіх прыгонных). Да буйных магнатаў — Патоцкіх, Сангушкаў, Сапегаў, Вішнявецкіх. От там ужо размах, вядома. І палацы, і землі, нават прыватныя гарады — як Слуцак ці Нясвіж, якія належылі Радзвілам.
Падчас важных галасаванняў, каб прасоўваць свае інтарэсы, тыя самыя Сапегі ці Радзівілы маглі падкупаць ці нават падпойваць дробную шляхту-галоту. Палітыка не змяняецца стагоддзямі. Але што важна: па праву шляхціч-галадранец быў роўны Радзівілу. Таму менавіта найбагацейшы чалавек Рэчы Паспалітай 18 ст. Кароль Радзівіл «Пане Каханку» называў шараговага шляхціча «панам-братам».
Адсюль і мова пра шляхецкае саслоўе як «каўчэг свабоды». Казалі «Шляхціч на загродзе роўны ваяводзе». Пра што гэта? Пра набор свабодаў. Ты маеш зброю, на сваёй зямлі — рабі што хочаш! Дарэчы, менавіта на гэтым фундаменце пазней былі збудаваныя ЗША. Нездарма ж наш шляхціч Тадэвуш Касцюшка ваяваў за свабоду Амерыкі.
І нават у часы Расійскай імперыі, пасля разбораў Рэчы Паспалітай, калі дзяржаву разарвалі, шляхта памятала, што такое свабода. Таму і падымалі паўстанні ці далучаліся да войска Напалеона. Бо гаворка пра тую свабоду, якой ніколі не было на Масковіі, дзе цар выціраў аб баяраў брудныя боты. Таму шляхта — гэта заўжды пра свабоду.
Куды падзелася ўся шляхта
Зразумела, што шляхецкае саслоўе — гэта і пра дрэс-код, і пра звычаі, і пра спосаб зарабляць, кахаць, піць, есці, думаць, у рэшце рэшт. Пра ўсё гэта падрабязна мы раскажам у наступных серыях, не ўсё адразу.
Але ўжо зараз можа вынікнуць рэзоннае пытанне: а куды ж уся гэтая шляхта падзелася? А было яе нямала — да 10-12%! У той час як у Прусіі ці Расіі дваранства — каля 1% насельніцтва.
А давайе палічым, якая у нас была колькасць войнаў, а пался паўстанняў ад 16 да 19 ст. А?
Кожнае з іх — гэта «антыадбор».
У натуральным адборы, як ў Дарвіна гінуць горшыя, а жывуць лепшыя. А тут часта было наадварот...
Далей — 19 ст. — разборы шляхты.
Расія пайшла бюракратычным шляхам: трэба было даць арыгінал дакумента, што ты дваранін — каралеўскую ці княскую грамату, а не судовую копію. І дзе ты яе возьмеш? Напрыклад, бацька Янкі Купалы так трапіў пад раздачу і лічыўся «недаказаным дваранінам». І такіх гісторыяў — дзясяткі тысяч.
Узгадайма яшчэ рэпрэсіі пасля антырасійскіх паўстанняў: адабраныя маёнткі, паламаныя лёсы, цэлыя сем’і, сасланыя ў Сібір. Вось і разгадка. Каго забілі, каго выслалі, а хто і забыўся на сваё паходжанне, праз якое было больш праблем, чым карысці.
І тут важны момант. А ці была на той момант, на 19 стагоддзе, шляхта — нашай? Гаворачы па-польску. Прыняўшы каталіцтва. Змагаючыся з Расіяй, але... нібыта за Польшчу. Міцкевіч, Касцюшка, Ваўжэцкі, Манюшка і так далей.
Не ўсё так проста. Наша шляхта, за выключэннем мо’ Пінскай, Давыд-Гарадоцкай ці Слуцкай, лічыла сябе ліцвінамі, а радзімай — тую старую Літву.
Польскую ідэю яны прымалі хутчэй насуперак Расіі. Як альтэрнатыўны праект. Бо ўласнабеларуская ідэя яшчэ не была сфармуляваная. Час не прыйшоў. Але калі прыйшоў час беларускай нацыі, то фармулявалі яго акурат патомныя шляхцічы: Каліноўскі, Багушэвіч, Баршчэўскі, пазней Багдановіч, Купала, Колас, браты Луцкевічы, Іваноўскі, Алаіза Пашкевіч — усе яны шляхецкага паходжання.
І каб было неяк інакш, каб у гэтых людзях не цягла гэтая кроў, каб іх па-іншаму выхоўвалі, хто ведае, ці бы была б наогул у нас Беларусь?
На сёння — усё. З вамі быў Васіль Калач у праграме пра шляхецкі спосаб жыцця «Сармат». За лайкі, падпіскі, данаты — чалом б’ю! Пра тое, што Вам асабіста цікава было б пачуць у наступных выпусках — пішыце у каментарах!
Гонар і годнасць!
Папярэднія выпускі гістрачынага серыяла «Сармат» глядзіце па спасылцы.
Глядзіце гістарычны цыкл «Сармат», дзяліцеся ўражаннямі ў каментарах пад відэа, дасылайце нам свае прапановы і ідэі для наступных выпускаў на электронную пошту thebudzma@gmail.com або ў тэлеграм-бот @BudzmaSuviaz_Bot.
Новыя серыі відэапраекта «Сармат» будуць выходзіць на нашым ютуб-канале штопятніцу. Падпісвайцеся на канал, каб не прапусціць.
Калі вам падабаюцца нашыя відэапраекты і аўтарскія артыкулы, вы можаце падтрымаць рэдакцыю «Будзьмы», набыўшы нам кубачак кавы. Гэта дапаможа нам стварыць больш цікавых відэаролікаў і арыгінальных артыкулаў.