Напярэдадні свайго 100-гадовага юбілею «Беларусьфільм» амаль страціў свой ганаровы статус нацыянальнай кінастудыі. Безумоўна, гэта ўсё яшчэ «галоўная кінафабрыка краіны», як любіць разважаць прапаганда, дзе акумулюецца ўсё дзяржаўнае фінансаванне і здымаюцца ідэалагічна правільныя праекты.
Але паспрабуйце знайсці ў штаце беларускіх рэжысёраў ці аніматараў — і стане зразумела, што іх тут амаль не засталося. І гэта пры тым, што за апошнія тры дзесяцігоддзі Акадэмія мастацтваў падрыхтавала некалькі дзясяткаў аўтараў. Куды ж яны ўсе падзеліся і што цяпер здымаюць? Піша кінакрытык Тарас Тарналіцкі ў праекце «Беларускае кіно на зломе эпох».
Універсальнага тлумачэння чаму так сталася няма — у кожнага свая гісторыя. Адныя раз’ехаліся на Захад ці Усход у пошуках працы. Другія змянілі прафесію. Трэціх звольнілі ў межах аптымізацыі складу «Беларусьфільма» ці праз палітычныя рэпрэсіі. За ўвесь гэты час дзяржава так і не змагла стварыць умоў, каб творчыя людзі змаглі самарэалізавацца на радзіме і здымаць кіно.
Сярод тых, каму не знайшлося месца на «Беларусьфільме», былі і тыя, хто працягнуў здымаць кіно на асабістым энтузіязме, ужо аматарскім чынам. Сёння гаворка пойдзе пра праекты, якія з’явіліся апошнім часам: «Дамоклаў меч» Юрыя Ялхова, «Абноўку» Ірыны Брэль і «Мішэнь» Аляксандры Бутар.
«Дамоклаў меч»
Паспяховая эстрадная спявачка Дыяна Панамарова (Вера Палякова) праз рак крыві трапляе ў анкалагічны дыспансер. Падчас шпацыру ў квітнеючым парку лячэбнай установы, яна выпадкова сустракае балбатлівага лекара-анколага Радыёна (Ігар Фільчэнкоў). У яго выяўлена неаперабельная пухліна. Паміж мужчынам і жанчынай імгненна ўспыхвае бурны раман, а на рандэву яны з’язджаюць гуляць па Мінску. Акрамя хваробы, шчасце закаханых парушае толькі свецкая журналістка Элеанора (Вольга Сізова), якая ўсімі сродкамі спакушае Радыёна стаць хірургам для яе будучай аперацыі.
Безбюджэтнае кіно прынята асацыяваць з пачынаючымі аўтарамі. Маўляў, толькі навічкі вымушаны шмат рызыкаваць, свядома ісці на эксперыменты, каб іх нарэшце заўважылі камерцыйныя прадзюсары ці адборшчыкі ўплывовых фестываляў. Вопыт сусветнай кінематаграфіі неаспрэчны, але ў сучаснай Беларусі ён даў збой. Тут без грошай могуць здымаць стужкі не толькі пачаткоўцы, а яшчэ і аўтары, у якіх за плячыма могуць быць некалькі дзесяцігоддзяў працы ў кінаіндустрыі.
Меладрама ў дзвюх серыях з пафаснай назвай «Дамоклаў меч» толькі пацвярджае гэты сумны факт. Стваралі яе на працягу чатырох год ветэраны «Беларусьфільма» яшчэ позднесавецкіх часоў. Сцэнар пісаў пісьменнік і драматург, ужо памерлы Анатоль Дзялендзік, а рэжысурай займаўся дуэт рэжысёраў-аператараў: Дзмітры Зайцаў і Юры Ялхоў.
Іх сумесны праект па задуме павінен быў даказаць, што ўлады дарма забыліся на пенсіянераў айчыннай кінематаграфіі і не завуць іх працаваць на «Беларусьфільм». Вось толькі атрымалася зусім адваротнае.
«Дамоклаў меч» выглядае як тыповае тэлемыла, знятае пры гэтым адчайна наіўна. Пазбаўленыя характараў і мінулага героі бясконца перакідваюцца суцэльна нежывымі дыялогамі пра жыццё, каханне і смерць, катаючыся ад адной мінскай лакацыі да іншай. Пры гэтым напісаны тэкст прэтэндуе на лаўры старажытнагрэцкай трагедыі, да чаго адсылае і несуразная назва стужкі. Падобна, што Дзялендзік спачатку хацеў зрабіць з тэксту тэатральную пастаноўку, але з адаптацыяй яго да сцэны ўзніклі складанасці — і ўсё пакінулі як ёсць. Магчыма, таму сюжэт амаль што трохгадзіннага фільма тут амаль не развіваецца — і зварухнецца з мёртвай кропкі толькі бліжэй да эпілогу.
Нават для аматарскага ўзроўню «Дамоклаў меч» выглядае як дзіўна зробленае кіно. Звышсур’ёзнае стаўленне аўтараў да твору і абраная імі кінамова ператварылі драму ў ненаўмысную камедыю, калі ўсе настолькі дрэнна, што становіцца ўжо добра. Ад кантраснага спалучэння пафаснай тэмы непазбежнасці смерці (усе тры героі хварэюць на анкалогію) з недарэчным мантажом, сумнеўным эстрадным саўндтрэкам і лубочнымі відэаэфектамі (падчас іх у зорным небе з’яўляецца памерлая гераіня Веры Паляковай) нясцерпна хочацца рагатаць у голас.
Па выніку фільм цалкам можа прэтэндаваць на званне аднаго з найгоршых у гісторыі беларускага кіно і, калі пашанцуе, атрымае ў кінааматараў культавы статус.
Напэўна, аўтары разлічвалі на іншую рэакцыю, але гэта ўсё ж лепей, чым перспектыва татальнага забыцця, якая выпадае на долю большасці падобных стужак.
«Абноўка»
Хлопчыку Лёшы (Міхаіл Бурло) не пашанцавала — ён жыве ў няпоўнай сям’і, дзе маці-адзіночка Людміла (Паліна Кацяшэва) перыядычна сыходзіць у запой. Яе сужыцель, дзядзя Мацвей (Дзмітры Малашчыцкі), яшчэ і рукі распускае, таму яго выгналі з кватэры, куды ён перыядычна намагаецца вярнуцца. Людміла пасля лекавання спрабуе ўзяць сябе ў рукі, вярнуцца да нармальнага жыцця і выхоўваць сына, але цяга да гарэлкі бярэ сваё.
Мяркуючы па сціплай фільмаграфіі, выпускніца Акадэміі мастацтваў Ірына Брэль аддае перавагу двум тэмам: нешчаслівым сем’ям і сацыяльнай праблематыцы. У паўнаметражным дэбюце «Зло» яе героямі была канфліктная пара з нейкай расійскай вёскі (мяркуючы па асаблівай гаворцы персанажаў), дзе жонка нараджала дзіця праз згвалтаванне, а муж праз гэта беспрабудна піў. Чаму героі не змаглі вырашыць свае праблемы праз міліцыю і медыцынскі аборт, аўтарка цягам фільма так і не змагла патлумачыць.
У параўнанні з адарваным ад рэчаіснасці «Злом», «Абноўка» выглядае больш спелай працай: лепей прапісанай, нават рэалістычнай гісторыяй, у якой зноў фокус ідзе на побытавую драму.
Акрамя цэнтральнага сюжэта пра Людмілу і яе сына, тут ёсць некалькі пабочных ліній. Адна з іх — пра запойную Тамару (Юліана Міхневіч) — старэйшую сабутэльніцу галоўнай гераіні. Жанчына жыве за кошт спагадлівага сына, хаваючы ад яго, што набывае алкаголь. Другая — пра жонку ўчастковага (Алена Зуй-Вайцэхоўская), якая не можа зацяжараць і хоча ўзяць прыёмнага дзіцёнка. Вось толькі муж (Сяргей Анцэлевіч) супраць. Ёсць і іншыя персанажы, задача якіх стварыць адзіны малюнак нешчаслівага сацыяльнага ландшафту тыповага горада.
Бачна, што напісаны Сяргеем Анцэлевічам сцэнар і адданая праца мастачкі-пастаноўшчыцы Таццяны Собаль далі плён. Другая паўнаметражная праца Ірыны Брэль ужо не выглядае як мастацкая самадзейнасць, якім відавочна быў дэбютны фільм, а падобна на тыповы жанравы праект, зрэшты не пазбаўлены недахопаў.
Асноўны з іх — сцэнарная складанасць фільма, у якім ёсць не толькі некалькі сюжэтных ліній, але і анімацыйныя ўстаўкі. Аўтарка так і не змагла нармальна структураваць сцэнар. Асноўныя гісторыі (Людмілы і Тамары) даходзяць да свайго лагічнага канца, а іншыя ўжо не атрымліваюць належнага развіцця, павісаючы ў паветры. Пэўныя героі дык увогуле з’яўляюцца эпізадычна і драматургічная мэта іх існавання так і застаецца няўцямнай.
Праз гэта «Абноўка» ўспрымаецца хутчэй як набор ролікаў сацыяльнай рэкламы, дрэнна звязаных паміж сабой, не здатных састыкавацца ў лагічную мастацкую гісторыю. Відавочна, што рэжысёрскае майстэрства Брэль расце, але складаныя псіхалагічныя сюжэты ёй усё яшчэ цяжка даюцца.
Фільм можна паглядзець тут.
«Мішэнь»
У дзяцінстве Ліза (Елізавета Касалапава) стала сведкай жудаснай сцэны — яе бацька (музыка Зміцер Вайцюшкевіч) застрэліў маці і з пісталетам у руках бегаў за дачкой. Праз колькі год пасталеўшая дзяўчына вызваляецца з дзіцячага дома з адным жаданнем — адпомсціць бацьку, які яшчэ сядзіць у турме. Дзеля гэтага яна запісваецца ў школу тактычнай стральбы.
Першыя думкі, якія нараджае трэйлер «Мішэні», — перад намі беларуская версія «Нікіты» ці таго ж «Леона». А як інакш, калі суворы мужык у выкананні актора Алега Вэбера вучыць маладую дзяўчыну страляць з пісталетаў і вінтовак, каб яна змагла нарэшце адпомсціць усім нядобразычліўцам.
Але на самой справе стужка толькі аддалена нагадвае раннюю фільмаграфію Люка Бесона. «Мішэнь» — не баявік і нават не трылер, хоць спробы граць у вострасюжэтнасць тут ёсць. Гэта хутчэй блытаная сямейная драма, якая замест экшану прапануе ліхія сцэнарныя кульбіты, якім бы пазайздросцілі балівудскія кінематаграфісты.
Абраны жанр быў відавочным, бо пастаноўкай і драматургіяй займалася Аляксандра Бутар — аўтарка, набіўшая руку на самых разнастайных меладрамах: «Салодкае развітанне Веры», «Белыя росы. Вяртанне», «У прыватную прастору ўваход забаронены». У сваёй кар’еры яна прайшла падобны шлях, што і Ірына Брэль, — адвучылася ў Акадэміі мастацтваў, не знайшла сябе на «Беларусьфільме» і адкрыла прыватную кінашколу «Тэрыторыя кіно» для дзяцей. «Мішэнь» — ужо другі паўнаметражны фільм, які рыжысёрка зрабіла сумесна са сваімі вучнямі. Але нават з улікам таго, што перад намі вучэбны праект, заплюшчыць вочы на яго відавочныя праблемы не атрымаецца.
Адзін з іх — правальны кастынг. На ролю галоўнай гераіні стваральнікі чамусьці запрасілі маладую актрысу Елізавету Касалапаву, якая раней ужо здымалася ў шэрагу расійскіх і ўкраінскіх тэлепраектаў. Вось толькі яе вопыт працы на камеру не канвертаваўся ў «Мішэні» ў пераканаўчую гульню. У яе гераіні чамусьці цалкам адсутнічае харызма, і ўсё што ёй застаецца — з сумным выразам твару перасоўвацца з кадра ў кадр. На фоне значна больш яркіх характарных герояў другога плану, як той жа інструктар у выкананні Алега Вэбера, яна, натуральна, губляецца.
Магчыма, так атрымалася таму, што самой Касалапавай проста няма што граць. Акрамя факта з незразумелым забойствам маці, Бутар не дадае рысаў і матывацыі сваім персанажам. Агулам у «Мішэні» няма нармальна прапісанай экспазіцыі гісторыі. Аўтарка робіць стаўку на схематычнасць і жанравыя клішэ, якія не дапамагаюць гледачу суперажываць персанажам, якіх папросту цяжка зразумець. А калі стваральнікі ў духу мексіканскіх серыялаў пачнуць тлумачыць, што было на самой справе і хто вінаваты ва ўсіх бедах, узнікае толькі адно пытанне: «А што гэта ўвогуле было?»
Канешне, «Мішэнь» — не самы няўдалы фільм ў творчасці Аляксандры Бутар, але цалкам незразумела, чаму аўтарка ўпарта не хоча дэлегаваць напісанне ці хаця б карэкціроўку сцэнара больш дасведчаным у драматургіі калегам. Можа б, тады з «Мішэні» мог атрымацца фільм, за які не было б сорамна.
Тарас Тарналіцкі, Budzma.org