Паўстанне 1863 года найчасцей бачыцца нам як гераічны ўздым, які хутка зацягнуўся чорным вэлюмам жалобы: шыбеніцамі ды іскрыстым сібірскім снегам. Але перад горкім канцом было два гады барацьбы. Як яны запомніліся паўстанцам?
Паўстанцы на пастоі. Тагачасная гравюра
Сёння з фотаздымкаў той эпохі на нас глядзяць людзі ў прыгожых кунтушах, кашулях-гарыбальдыйках, падпярэзаныя шляхецкімі паясамі. У капелюшах, магерках, рагатоўках. З выгаленымі падбароддзямі і падкручанымі вусамі. З шаблямі, кольтамі, штуцэрамі ці каўказскімі кінжаламі пры паясах.
Фотапартрэт паўстанца
Большасць падобных фота былі зробленыя ў Познані, Кракаве ці Львове. То бок, на нямецкай ці аўстрыйскай тэрыторыі: непадкантрольнай Расіі. Зброя — антураж фотаатэлье. Гэта была мода эпохі, а кожны патрыёт колішняй Рэчы Паспалітай лічыў абавязкам зрабіць сабе стылёвы партрэт.
Далёка не ўсе франты з тых фота прымалі ўдзел у баях ці канспірацыі. Далёка не ўсе паўстанцы мелі фота наогул. Патрыятычныя здымкі часам ставалі нагодамі для арыштаваў (так было з Атонам Бохвіцам з Падароска, які не ўдзельнічаў, але сфатаграфаваўся ў Кракаве з шабляй). Жандармы правяралі хатнія фотаальбомы таксама, як сёння — тэлефоны...
А як жылося сапраўдным паўстанцам? Як елася ды спалася? Што яны апраналі? Падагулім асноўнае, вядомае з успамінаў інсургентаў.
Ежа з водарам багны
Ніякага агульнага жаўнерскага рацыёну не было: у кожным атрадзе рабілі па-свойму. Нават калі ў першыя дні паўстання камандзір усталёўваў дзённую норму (напрыклад, паўкварты гароху, чвэрць кварты кашы, паўфунта саланіны, паўфунта хлеба і кілішак гарэлкі на вячэру), то ён мог безліч разоў парушацца, залежна ад сітуацыі.
Тадэвуш Айдукевіч. «Паўстанцкі лагер у лесе» (1875)
У выпадку «ляснога жыцця» не хапала прадуктаў, якія хутка псаваліся: найперш, хлеба. Бракавала таксама солі, яе часам замянялі... порахам — тады каша набывала шэра-чорнае адценне (паўтараць не рэкамендуем! — рэд.). Ваду бралі з крыніцаў, рэкаў ці ...балота. Таму ежа часта смярдзела багнай. Голад быў частым спадарожнікам «лясных людзей».
Прасцей было, калі ў інсургентаў меліся наладжаныя сувязі з мясцовымі: шляхтай, карчмарамі, сялянамі. Тады можна было скочыць на яешню да гаспадыні ці «рэквізаваць» барана або свінню. За атрыманае паўстанцы расплочваліся грашыма, часам — распіскамі (маўляў, усё вернем пасля перамогі).
Ёзэф Хельмонскі. «Паўстанцы перад карчмой»
І расейцы, і паўстанцы любілі паесці задарма, таму сяляне часцяком хавалі ежу ад усіх. Напрыклад, будавалі дадатковы склеп для захоўвання харчоў: стары паўпусты і новы поўны. Калі паўстанцы з такім сутыкаліся, то паролі вінаватых. З дапамогай спачуваючага насельніцтва таксама бывалі эксцэсы: адзін землеўласнік даслаў «у лес» воз з мясам, якое выявілася сапсаваным. У выніку, паўстанцы з’елі запрэжанага ў воз вала.
Гарэлка, каб не ўпасці з каня
Адназначнага сухога закону ў паўстанцаў не было. Адсюль і прапісаны на пачатку кілішак гарэлкі на вячэру: каб сагрэцца, зняць стрэс, лепш заснуць. Алкаголь прысутнічаў у жаўнерскім жыцці 17-19 стст. яшчэ і таму, што атруціцца ім было куды складаней, чым звыклай вадой. А праблемы са страўнікам у палявых умовах — бяда!
Паўстанцкія камандзіры часам лекаваліся моцным алкаголем: Бенткоўскі, шэф штабу Лангевіча, паводле ўспамінаў, увесь час хварэў і ўтрымліваўся на кані толькі таму... што пацягваў гарэлку. Ад холаду ў прынцыпе ратавалі дзве рэчы — рух і алкаголь, таму трэба было або маршыраваць, або піць.
Вось цікавы спіс рэчаў, якія варта мець добраахвотніку, які далучаецца да інсургентаў (складзены яшчэ перад паўстаннем ва ўмовах канспірацыі): зброя, кацялок, хлеб, каўбаса, саланіна, тытунь, соль і... гарэлка! А вось пазнейшы спіс, складзены паўстанцамі для рэквізіцыі ў яўрэяў: гарэлка, віно, ром, цыгары(!), тытунь, хлеб, боты. Тут алкаголь на першым месцы. Цікавы момант: на Раство пад канец 1863 года ў кожным паўстанцкім атрадзе камандзіры стараліся неяк падбадзёрыць паплечнікаў — стараліся мець хоць пару бутэлек віна ці лікёру.
Ноч без сну
Паўстанцам пашчасціла: зіма з 1863 на 1864 не была надзвычай халоднай (пад Варшавай на зломе студзеня і лютага 64-га даходзіла да 7 градусаў па Цэльсію). Але што рабіць з вільгаццю? Паўстанцы рабілі лагеры часта не проста ў лесе, але над ракой ці ля балота — падалей ад дарог. Ад вады ішоў холад, які працінаў цела... Хто ночыў у лесе ранняй вясной — разумее, як гэта.
Пікет паўстанцаў
Былі паўстанцкія інструкцыі аб тым, як правільна рабіць лясны лагер, ставіць намёты. І дах, і падлогу раілі рабіць з дапамогай хвоі (гэтае правіла дажыло да Савецкай арміі).
Нават жаўнеры, не задзейнічаныя ў каравулах, найчасцей не маглі выспацца: прачыналіся ад холаду па некалькі разоў на ноч, падпаўзалі да вогнішчаў, рухаліся. Шчасцем было пераночыць у вясковай хаце або ў гумне ці стадоле, калі камандзір дамаўляўся з мясцовымі (і — давяраў ім).
Але нават у лепшым выпадку, калі можна было пераночыць у правераных людзей у хатніх умовах — з ложкам і бялізнай — дасведчаныя паўстанцы не распраналіся, каб быць гатовымі да ўсяго.
Лясны раз’езд паўстанцаў
Адзёжа з пахам вогнішча
Мы ўжо пісалі тут пра міфічны вобраз інсургента, які можа з’явіцца пасля прагляду тыражаваных здымкаў 1860-х гадоў. Коратка: паўстанец мог прыбыць «на месца» ў падобным гераічным амплуа, але доўга ў ім не вытрымліваў. Нягледзячы нават на кароткую працягласць той кампаніі (менш за два гады). Парадныя здымкі рабіліся ці перад Паўстаннем, ці пасля. Калі «падчас», то пераважна за мяжой.
На месцах паўстанцы насілі тое, што зручна ў палявых умовах. Згаданы вышэй Бенткоўскі меў улюбёную бурку. У ёй ездзіў на кані, еў, спаў... жыў. Адзежа і спальны мяшок — два ў адным. Падчас адной з нарадаў, якая праходзіла ў вясковай хаце, Бенткоўскі зняў бурку ды павесіў пры ўваходзе: калі выйшаў, яе ўжо не было. Добрая адзежа — дэфіцыт.
Калі маеш адну кашулю, цяжка наважыцца яе папраць ўзімку... Не на сабе ж сушыць. Шчасціла паўстанцам, якія кватаравалі побач з лаяльным насельніцтвам: жанчыны са шляхецкіх сем’яў лічылі гонарам ездзіць у лес з чыстай бялізнай для «лясных людзей». Калі не, то мый ў рэчцы, сушы над вогнішчам («прапальвалі» вопратку таксама ад вошаў).
Антоні Пятроўскі. «У адведзіны да паўстанцаў»
З прычыны нястачы вопраткі паўстанцы не грэбавалі трафеямі: рамянямі, ботамі ці рукавіцамі. Тыя ж рукавіцы ў цэлым атрадзе таксама маглі быць дэфіцытам і выдаваліся адно вартавым. Пра прыгожыя рагатоўкі ці спражкі з арлом і пагоняй, як у кніжках, тады мала хто думаў. Хіба, калі ўсё гэта было выраблена загадзя ці перададзена з-за мяжы.
Зброя. Чаму куля Мінье — «негуманная»?
Паўстанцы не мелі зброі аднаго ўзору: гэта быў мікс з усяго дасяжнага на бягучы момант. Ад сучасных амерыканскіх кольтаў і французскіх/бельгійскіх/швейцарскіх карабінаў (лепшых за расійскія) да косаў ці нават крамянёвай зброі з дзядулінага гарышча.
Сімвал Паўстання’1863 — косы. Перакаваныя гаспадарчыя прылады: лязо мела стаць працягам дрэўка, каб атрымалася нешта паміж дзідай і алебардай. Зброі не хапала, адсюль — косы і касінеры. Касінерамі ставалі сяляне або афіцэры ў выпадку правіны. Такое пакаранне прыдумаў дыктатар Паўстання Лангевіч, былы прускі афіцэр, аматар дысцыпліны. Стаць касінерам у пэўных выпадках значыла «трапіць у штрафбат»: агнястрэльную зброю забіралі і давалі — касу.
Касінеры на карціне Казіміра Аўхімовіча
Асобны касінер, два ці тры — без сэнсу. А вось з сарака касінераў можна было выставіць нешта накшталт «мабільнай фартэцы». Касінеры ставалі ў некалькі шэрагаў і ў рытм вадзілі косамі ў паветры. З-за шыхта касінераў стралялі з ружжаў і карабінаў. Расійскія казакі баяліся нават наблізіцца, таму чакалі на артылерыю. У такіх выпадках канец сутычкі нагадваў бітву пад Ватэрлоо з расстрэлам напалеонаўскай гвардыі з гарматаў...
У лясныя атрады добраахвотнікі часцяком прыходзілі з састарэлай зброяй, пераробленай-самапальнай ці паляўнічай. З-за хаосу ў збройнай справе і недасведчанасці інсургентаў здараліся выпадковыя забойствы: чысціў зброю — яна стрэліла... Старую зброю (часам, напалеонаўскіх часоў) камандзіры, бывала, у лагеры прыбівалі цвікамі да дрэваў: маўляў, такога ў руках быць не павінна!
А яшчэ інсургенты ўдала выкарыстоўвалі трафейную расійскую зброю, роўна як і коняў. Чаму б не? Яшчэ адным знакам часу былі кулі Мінье: вядомыя па Крымскай вайне ці Грамадзянскай ў ЗША паміж Поўначчу і Поўднем. Дыяметр кулі — 18 мм (куля пад аўтамат Калашнікава — 7.62 мм). Раненне такой «негуманнай» куляй вельмі часта ставала фатальным ды — ва ўмовах адсутнасці шпіталёў ды пеніцыліну — раўнялася смерці.
Станіслаў Рэйхан. «Паранены паўстанец»
Праўда не прыніжае, а ўзвялічвае
Як кожная вайна, Паўстанне’1863 стала тэрыторыяй голаду, холаду, адсутнасці сну і — смерці. Колішнія царскія афіцэры ў шэрагах паўстанцаў песімістычна глядзелі на перспектывы. Учорашнія гімназісты — цешылі. Ажно да першага бою ці месяцу жыцця ў халодным сырым лесе. Кампанія трывала два гады, але вялікая колькасць яе ўдзельнікаў правялі ў баявых умовах усяго некалькі месяцаў. Каб запомніць іх на ўсё жыццё.
Тое паўстанне дагэтуль застаецца загадкай нават для патрыятычных беларусаў. Міф ёсць, але глыбей — зрэдку хто капае. Але праўда, не заўсёды эстэтычная і рамантычная, усё ж, не прыніжае, але ўзвялічвае подзвіг тых людзей, якія паўсталі супраць імперыі.
***
У падрыхтоўцы матэрыялу былі выкарыстаныя факты, якія прагучалі на сустрэчы гістарычнага клубу Beer&History (Беласток), прысвечанай Паўстанню 1863 года.
Чытайце яшчэ:
Студзеньскае паўстанне: як пачалося і чаму згасла
Алесь Кіркевіч, budzma.org