Сочыце за анлайн-тусоўкамі беларусаў? Калі не, то мо і дарма — там бывае весела. Не паспелі заціхнуць кволыя ўздыхі пра Міндоўга і літоўцаў, якія «крадуць нашу гісторыю», як твітарская бурбалка ажывілася новай тэмай. Ці трэба ведаць, хто такі Вольскі? Чым мераць значнасць і ролі? А каго нельга не ведаць? А раз на тое пайшло, а што слухаюць беларусы?
Выглядае як тыповая твітарская забава, але сапраўды ёсць некалькі цікавых момантаў на абдумаць. Дзелімся (і заадно беражом вашую псіхіку — выбралі самае цікавае).
Так адлюстраваў гэты тэкст AI
У чым канфлікт?
З чаго ж ўсё пачалося? Як і заўсёды ў такіх гісторыях, першы твіт ужо выдалены, але твітарскія ўсё помняць (і з гатоўнасцю пераказваюць).
Аляксандр Чарнуха на сваёй старонцы ў фэйсбук паразважаў пра стан беларускай культуры ў рамках флэшмоба #ByCultureGlobal23. Фразай-трыгерам, якая і ўзрушыла твітар, выглядае, стала як раз вось гэтая:
«З нагоды #ByCultureGlobal23 скажу толькі адно: усё вельмі кепска. [...] Бо ў Беларусі вырасла новае пакаленне, якое не ведае, хто такі Вольскі.
Бо ў Беларусі тры дні запар Палац спорту збірае танны клон Лабады, а ў Варшаве на бясплатны канцэрт Навібэнд прыходзіць паўтары тысячы чалавек».
Хтосьці (заўвага рэдакцыі: твітар — найперш ананімная сацсетка, дзе карыстальнікі выбіраюць сабе рандомныя імёны і вельмі-вельмі любяць жартаваць і троліць: таму мы не бярэмся аналізаваць хто хаваецца пад нікамі) не згадзіўся што пакаленню трэба ведаць хто такі Вольскі, і далей пачалося: рэплаі, рэтвіты, цытаты.
Але галоўныя тэзісы такія:
- Вольскага трэба ведаць, бо гэта эпоха.
- Вольскі — суб’ект свайго часу і можна яго не ведаць.
А што слухаюць беларусы?
Карыстальнік з імем Яўген Казарцаў падзяліўся сваім назіраннем — актуальнымі чартамі эпл музыкі і споціфай па Беларусі:
«Люблю глядзець чарты па Беларусі. Вяртаюць у рэальнасць».
Цяжка не згадзіцца: апошняя дыскусія мала закранае кантынентальную рэчаіснасць. Безумоўна, з папраўкай на акалічнасці кшталту ўзросту карыстальнікаў і асаблівасці анлайн-платформаў.
Акрамя класічных заўваг кшталту пошуку вінаватых і рэфлексій пра «а вось калі б..», было ў дыскусіі нават рацыянальнае — карыстальнікі падзяліліся сваімі плэйлістамі з беларускімі трэкамі.
Флэшмоб: назаві 10 любімых гуртоў
Твітар — не самае зручнае месца для дыскусій. Без новых актыўных удзельнікаў (а тым больш з выдаленымі твітамі) спрэчкі хутка распадаюцца на лакальныя і дробныя. Аднак гэтым разам двухдзённыя дэбаты пра Вольскага перанакіравалі ў «карысны» бок.
Аляксандр Чарнуха прапанаваў флэшмоб — падзяліцца дзясяткай сваіх улюбёных гуртоў ці музыкантаў. Твіт ужо сабраў звыш 170 каментароў і 90 рэтвітаў! Іх скрыніць не будзем, але раім перайсці па спасылцы і пагартаць.
Чаму? Бо гэта добры шанец, знайсці для сябе штосьці новае. Гурты самыя-самыя розныя і ёсць мноства малавядомых і па-сапраўднаму цікавых адзінак.
У лепшых твітарскіх традыцыях, з’явіўся і антырэйтынг — тут ужо не 10 пунктаў, а толькі пяць. Але таксама паказальна ж!
Чытайце таксама: Пераклічка на могілках. Чаго вартыя нашы дыскусіі ў фэйсбуку?
Замест высноваў (ад аўтара)
Пра што гэта ўсё было? Дык ці трэба ведаць Вольскага?
Твітарскія спрэчкі заўсёды бязлітасныя і бессэнсоўныя — высноваў ці вынікаў тут няма. Але ў дадзенай канкрэтнай сітуацыі хіба можна зрабіць падсумаванне — мы страшна хочам чымсьці ганарыцца. Мець і абараняць свае ідэалы ці хоць бы мець сваіх зорак.
Ну і тое, што ў чарговы раз захапляе: якая ж вялізная розніца між пакаленнямі тых, хто спрачаецца! У фэйсбуку пераважаюць каментары «быць такога не можа, усе ведаюць Вольскага», а ў твітары пішуць «А хто гэта?».
Ва ўсім гэтым ёсць, як мінімум, адзін значны плюс — з усіх гэтых абмеркаванняў можна скласці сабе круты беларускі плэйліст.
п.с. І ў гэтай тэме знайшлося месца для жартаў і мемаў — за гэта мы ўласна і любім твітар.
Чытайце таксама: Лявон Вольскі: Сюрпрызаў ня будзе? Ці Чаканьне дастала?
Дар’я М., budzma.org