Кампанія Google запусціла праект ChatGPT, дзе карыстальнік абсалютна ў любой кропцы планеты, на любой мове можа задаваць любое пытанне, ставіць задачы штучнаму інтэлекту (ШІ). Гэта першы праект такога фармату, які ў публічнай прасторы дэманструе магчымасці распрацовак па выкарыстанні ШІ.
Ранейшыя эксперыменты з даступнымі напрацоўкамі Google у абсалютна розных сферах дазвалялі экспертам казаць аб тым, што выкарыстанне ШІ каласальнай колькасці базаў даных робіць магчымым для праграмы не толькі аўтаматычна развіваць свае магчымасці. Ужо ў мінулым годзе так званыя Open AI сістэмы розных распрацоўшчыкаў і прататып ChatGPT «здавалі» экзамены па медыцыне і іншых навуках, па запыце маглі напісаць нескладаныя камп’ютарныя гульні ці аплікацыі для мабільных тэлефонаў.
Таму некаторыя спецыялісты па ШІ пачалі казаць пра магчымыя хуткія крызісы на рынках працы праграмістаў, тэсціроўшчыкаў, дызайнераў і нават медыцынскіх супрацоўнікаў.
Пакуль чат Google (ChatGPT) вельмі перагружаны запытамі карыстальнікаў, каб была магчымасць праводзіць эксперыменты па складаных медыцынскіх ведах ці праграмаванні. Але відавочна, што магчымасці ШІ ад Google не саступаюць мінулым напрацоўкам. А з улікам той колькасці інфармацыі, якую сістэма атрымлівае зараз і будзе атрымліваць ад карыстальнікаў, аналізаваць іхнія паводзіны ў сеціве — патэнцыял праекта выглядае вельмі маштабным.
Зараз пошукавы гігант яшчэ не да канца раскрывае ўсе «схаваныя магчымасці» нейрасеткі. Напрыклад, па саманавучанні дзякуючы назапашанай інфармацыі, якой наведвальнікі чата дзеляцца добраахвотна.
На сённяшні дзень можна канстатаваць, што Google стартаваў з вельмі амбіцыйным праектам, які можа распачаць сапраўдную рэвалюцыю не толькі ў віртуальнай сферы, але і кардынальна змяніць жыццё на планеце.
Кітайскі кантраст
Трэба адзначыць, што ChatGPT далёка не першы праект, які мае на мэце працу з вялікімі аб’ёмамі інфармацыі і звязаны з аналізам і выкарыстаннем шаблонаў паводзінаў чалавечых масаў.
Адным з папярэднікаў Google былі кітайскія кампаніі. На замову ўрада яны распрацавалі і ўжо некалькі год рэалізуюць праект, накіраваны на ахоп усёй КНР сваёй сеткай — сістэмай сацыяльнага крэдыту. Сутнасць палягае фактычна ва ўсталяванні татальнага кантролю не проста над грамадствам, але і над жыццём кожнага індывіда ў краіне. Дзе ШІ выкарыстоўваецца не толькі ў якасці наглядальніка і аналізатара, але і суддзі, які выносіць прысуды.
Чытайце яшчэ: Экспансія кітайскай лічбавай дыктатуры
У такіх адрозных адзін ад аднаго падыходах да выкарыстання сучасных тэхналогіяў адразу можна разгледзець першапачатковую сутнасць сістэм каштоўнасцей на Усходзе і на Захадзе.
Пры ўсіх хібах і памылках, нават спробах сеткавых гігантаў накінуць элементы цэнзуры ў інтэрнэце, відавочна накіраванасць заходняга бізнесу і палітыкаў на пашырэнне працы сферы, звязанай са ШІ, на публічную прастору. Для кагосьці ChatGPT будзе выключна забавай, нехта паспрабуе зарабляць на генераваных нейрасеткай тэкстах, праграмным кодзе і г. д. Безумоўна, у кампаній ёсць план па манетызацыі цікаўнасці карыстальнікаў да прадукта.
Але нідзе не чуваць аб выкарыстанні ШІ выключна для кантролю за грамадзянамі. Прынамсі, акцэнтаванне большасці высілкаў на гэтую сферу.
Можна сказаць, што выхадам у публічную прастору ChatGPT карпарацыя Google і захад дэманструюць пазітыўныя памкненні сістэмы, усталяванай у гэтай частцы свету. Гуляючы на кантрасце з КНР, дзе татальны кантроль з кожным годам набірае абароты.
Падыход да чалавека змяняе карціну вайны
Не толькі выкарыстанне тэхналогіяў, але нават метады вядзення падрыхтоўкі да вайны і ўласна вядзення вайны ўжо многія дзесяцігоддзі яскрава дэманструюць цывілізацыйны разрыў паміж заходняй цывілізацыяй і сатрапіямі азіяцкага кшталту.
Не дарма ў вайсковых ВНУ на захадзе галоўным прыкладам перамогі дэмакратычнага ладу над дыктатурай застаецца бітва пры Марафоне. Калі ў 490 г. да н. э. меншае па колькасці, з не такім якасным узбраеннем і недасканалымі ведамі ў тактыцы войска Афінаў перамагло магутнейшую арду персаў.
Дагэтуль лічыцца, што менавіта дэмакратычны лад жыцця поліса, канфлікты ўнутры грамадства (дзе нават існавала праперсідская партыя падчас вайны), канкурэнцыя сярод палітыкаў і былі галоўнымі прычынамі большай матывацыі і якаснага кіравання войскамі грэкаў.
У адрозненне ад персаў, якія жылі і паміралі выключна ў інтарэсах імператара і дынастыі. А ўся сістэма трымалася на асабістай адданасці і дагаджэнні вышэйшым кіраўнікам войска і тагачаснай бюракратыі.
У такога кшталту структурах практычна знікае месца для ініцыятыўнасці і натуральнага адбору лепшых з лепшых. Актыўныя грамадзяне не бяруць адказнасць за сябе і іншых, але толькі імкнуцца атрымаць і захаваць рознымі метадамі прыхільнасць вышэйшых па іерархіі.
Напэўна, па гэтых самых прычынах у сённяшнім (здавалася б, мадэрновым) войску РФ не назіраюцца нават некаторыя элементы сучаснай сістэмы кіравання і ўзаемадзеяння, якія даўно рэалізуюцца ў заходніх узброеных сілах. Магчыма, таму ў супрацьстаянні з меншымі па сілах праціўнікамі ў 2022 г. вайскоўцы РФ не дасягнулі хоць якіх значных поспехаў.
А вось ва ўкраінскім войску ўжо некалькі месяцаў паспяхова выкарыстоўваецца не толькі сістэма інфармацыйнай падтрымкі рашэнняў і аператыўнага абмену данымі Delta, але і метады спалучэння цэнтралізаванага кіравання на фронце і дэлегавання ініцыятывы камандзірам і сержантам на месцах.
У заходняй тэрміналогіі такі метад вядзення вайны мае назву сеткава-цэнтрычны.
Гэта не толькі высокатэхналагічная сістэма, якая спалучае інфармацыю са спадарожнікаў, суадносіць з рэаліямі фронту і дазваляе нават звычайным жаўнерам мець магчымасць атрымліваць варыянты рашэнняў падчас бою ад штучнага інтэлекту. Вельмі істотным элементам вядзення вайны ў першую чаргу ёсць апора на лідараў на месцах, ініцыятыву і давер у падраздзяленнях. Гэта з’яўляецца элементамі вельмі тонкай псіхалагічнай наладкі і ва ўмовах інтэнсіўнага бою выяўляецца неабходным аспектам.
На сайце Інстытута вайсковага флота ЗША апублікаваны артыкул за 2005 год, у якім падкрэсліваецца:
«У кантэксце сеткава-цэнтрычных аперацый давер у камандзе вайскоўцаў — гэта не толькі гарантыя бяспекі, але аспект ведаў і разумення.
Давер не абапіраецца на сістэмы іерархіі і вайсковага падпарадкавання. Гэта элемент стасункаў у калектыве.
Але ў той жа час, давер — істотны рэсурс, які можа дапамагчы павялічыць канкурэнтную перавагу над ворагам падчас канкрэтнай бітвы».
Такім чынам, можна адзначыць, што нават пры рэалізацыі рэвалюцыйных напрацовак у сферы штучнага інтэлекту, у высокатэхналагічных метадах вядзення вайны заходняя цывілізацыя не толькі ўлічвае інтарэсы грамадства, дбае аб індывідах, але і адводзіць істотную ролю стасункам між людзьмі. Гэта цывілізацыйная розніца з усходнімі таталітарнымі метадамі не проста падкрэслівае каштоўнасную прорву паміж сусветамі, якія суіснуюць на нашай планеце, але і фактычна дэманструе эвалюцыйную перавагу. Толькі на першае меркаванне розуму, скалечанага неабходнасцю безапеляцыйнага падпарадкавання начальству, гэта здаецца праявай слабасці.
У барацьбе Усходу і Захаду як крыніцаў светапогляду сёння ЗША дэманструюць свету перавагі мыслення адной з цывілізацыяў і ў выкарыстанні ШІ, і на розных тэатрах баявых дзеянняў. Пакуль больш прывабнай выглядае стаўка на каштоўнасці, якія зарадзіліся яшчэ ў Старажытнай Грэцыі і прынятыя сучасным захадам. Няхай і з немінучымі хібамі.
Гэта стаўка больш высокага парадку мае ўсе шанцы перамагчы тэхналогіі кантролю і спробы захапіць увесь свет без наяўнасці пазітыўнай дактрыны.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org