Выйшаў новы трэк ад SW@DA х NICZOS, які распавядае аб жарсным каханні. Гурт чарговы раз даказвае, якой sexy можа быць беларуская народная гаворка і як трапна і па-сучаснаму на ёй можна выказаць самыя інтымныя пачуцці.
«Гэтым разам мы пайшлі ў кірунку поп-музыкі, якая добра спалучаецца з тэкстам пра каханне, і які, што варта дадаць, Нічoс упершыню спявае не толькі на падляшскай гаворцы, але і па-польску. Я думаю такі кактэйль будзе да смаку шырокаму колу слухачоў у разгар лета», — каментуе новы рэліз Свада, аўтар музыкі.
«А запісвалі песню мы так: з’ехалі ў хату на Падляшшы, каб адрэзаць сябе ад усялякіх гаджэтаў і спакусаў, цалкам змяніць абставіны і чэрпаць натхненне з прыроды, настроіць пачуцці на чысты, спакойны лад. Нам вельмі даспадобы такая тактыка», — распавядае Нічoс аб студыйнай працы.
Вокладку для новага рэлізу стварылі ўжо вядомыя па іншых калабарацыях з гуртом творцы Оля Матусевіч і Караль Мох.
Варта дадаць, што дуэт вогненна выступіў на буйных рэгіянальных і беларускіх фэстах гэтага лета Тутака, Варушняк, Падляшская Актава Культур, а зараз рыхтуецца да хэдлайнерскага закрыцця 1-га дня фестываля Barn+Field, які адбудзецца 2-3 жніўня ў Студзіводах, у маёнтку легендарнага дзеяча культуры беларускага Падляшша Дарафея Фіёніка.
Таксама сінгл можна паслухаць і на іншых стрымінгавых пляцоўках.
Sw@da x Niczos — адзін з найбольш пазнавальных музычных праектаў з паўночна-ўсходняй Польшчы, які спалучае, здавалася б, несумяшчальныя стылявыя элементы сучаснай музычнай рэчаіснасці, стварае тэксты на беларускай падляшскай гаворцы і інтэгруе іх у радно традыцыйнай песні беларуска-польскага памежжа. Ніка Юрчук (Нічoс) з’яўляецца лаўрэатам конкурсу «Новая традыцыя», а Свада быў намінаваны на галоўную музычную прэмію Польшчы «Фрыдэрык» ў катэгорыі «Альбом года — Roots Music».