Даглядалі нямоглых, вучылі граць на фартэпіяна, мелі дзіцячы садок: 90 гадоў таму на беларускае Палессе прыйшлі сёстры ўршулянкі

31.08.2023 Рэлігія

У далёкі жнівеньскі дзень 1933 года на абшарах беларускага Палесся распачалася першая місія манахінь-уршулянак. Гэта была вельмі сур’ёзная, ціхая і невядомая праца, якую сёстры выконвалі не ў дзікай Афрыцы, Кітаі або Бразіліі сярод паўднёвых лясоў, залітых сонцам. І не там, дзе місіянер акружаны арэолам пасвячэння і ахвярнасці. Як пісала заснавальніца кангрэгацыі Уршуля Ледухоўская, урушлянкі апынуліся ў месцы, «дзе ты ледзь не па калена ў гразі і дзе падчас восеньскага дажджу, зімовай завеі, вясновай адлігі немагчымая сувязь са светам».


Пра дзейнасць сясцёр-уршулянак на беларускіх землях піша Місія добрага самараніна.

urszulianki
Уршуля Ледухоўская на Палессі з дзецьмі перад домам уршулянак у Моладаве, 1937 год. Фота: samaranin.by

Выбар месца для адкрыцця Місіі сясцёр уршулянак быў абраны на карысць вёскі Гарадзец (цяпер гэта Кобрынскі раён). Уршуля Ледухоўская казала: «Распачалася наша праца на Палессі з вёскі Гарадзец». Напярэдадні, яшчэ 8 жніўня 1933 года быў узведзены дом у гонар Андрэя Баболі. Будынак увайшоў ва ўласнасць супольнасці. І неўзабаве пачалося служэнне. Спачатку ў Гарадцы было чатыры сястры ўршулянкі, а незадоўга да вайны ўжо пятнаццаць.

Бібліятэчны абанемент, дзіцячы садок і конкурсы рэцэптаў

Сёстры ўтрымлівалі дзіцячы садок (для 30 дзетак), курсы кройкі і шыцця для дзяўчат, інтэрнат для іншагародніх вучаніц. Працавалі таксама чытальная зала і бібліятэчны абанемент. Добра была наладжана​ парафіяльная праца, а таксама кірунак па доглядзе за нямоглымі людзьмі. Прычым, гэты догляд аказваўся за хворымі як ў самім Гарадцы, так і ў ваколіцах.

Мясцовыя жыхары дагэтуль узгадваюць конкурсы, выставы і вечарыны, якія арганізоўвалі ўршулянкі, у тым ліку па выпяканні розных слодычаў. Экспедыцыя ў 2023 годзе па мясцінах дзейнасці ўрушлянак змагла зафіксаваць нават рэцэпты, у тым ліку ўршулянскага торта (які да гэтага часу выпякаюць у мясцовай сям’і Чэрнікаў).

Вучылі ўршулянкі граць дзяцей на фартэпіяна і іншых музычных інструментах. Асновы музычнай адукацыі адкрывалі для маленькіх дзівосны сусвет музыкі, і некаторыя выхаванцы на ўсё жыццё абіралі сваю дарогу ў музычнай галіне. Так, Ігар Чэрнік стаў знакамітым музыкам, атрымаў званне дзеяча культуры.

kasciol-u-Horodcu
Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў в. Гарадзец, 1934 год Фота: samaranin.by

Адной з галоўных адметнасцяў вёскі Гарадзец быў касцёл Звеставання Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Менавіта ля гэтага храма жылі многія ўршулянкі. Сама святыня пасля Другой сусветнай вайны была зачынена і пераабсталявана пад школу і дзіцячы сад.

Святы абраз і новыя місіі

Адметнай знаходкай стаў абраз, які быў адшуканы некалькі гадоў таму даволі выпадкова. Калі праводзіліся земляныя працы ля былога касцёла, экскаватар каўшом зачапіў скрутак, у якім апынуўся абраз. Цяпер гэты твор, перад якім укленчвалі сёстры ўршулянкі і многія жыхары Гарадца, знаходзіцца ў новым касцёле. І як распавядаюць вернікі, з таго часу абраз стаў больш святлейшым.

abraz-haradzeicki-kasciol
Адшуканы абраз з гарадзецкага касцёла. Фота: samaranin.by 

Пасля Гарадца ў хуткім часе паўсталі новыя місіі ўршулянак: Іласк (1935), Кобрын (1936), Гарадзішча (1937), Моладаў (1937), а ў 1938 годзе дадалося яшчэ тры цэнтры: Янаў (цяпер горад Іванава), Красналескі і Востраў. Уршуля Ледухоўская азначала:

«Гэты край, з яе такой абсалютна адасобленай прыгажосцю, якая гаворыць пра бясконцасць Бога, пра тугу, пра нешта звышнатуральнае, неапісальна таямнічае, прыцягвае сёння шматлікіх турыстаў».

Але перад тым як туды паехалі многія турысты, у нязведаныя мясціны адправіліся манахіні-ўршулянкі, якія зрабілі шмат добрых спраў. На былым касцёльным цвінтары ў Грушаве збярогся дуб, які яшчэ памятае дзейнасць уршулянак і велічны храм вёскі.

Каралева Палесся

Уршуля Ледухоўская часта наведвала беларускія вёскі, дзе паўсталі місіі ўршулянак. Настаяцельніца сама хацела разумець, куды яна адпраўляе сясцёр. І таму не раз яе можна было ўбачыць у Кобрыне, у Гарадцы, Моладаве, Востраве і іншых мясцінах. Часам да аддаленых куточках прыходзілася дабірацца па бездарожжы і нават на чоўнах.

Улетку 1938 года Уршуля Ледухоўская суправаджала арцыбіскупа Філіпа Картэзі на Палессі. Папскі нунцый Філіпа Картэзі назваў яе «апосталам Усходу». Пінскі біскуп​ Казімір Букраба ў жарт называў настаяцельніцу «каралевай Палесся» і ў некаторых далёкіх падарожжах па добрай волі выступаў у якасці шафёра нястомнай Уршулі Ледухоўскай. Сваёй дзейнасцю яна даводзіла, што трэба ісці служыць «...па прыкладзе Хрыста Пана, які робіць дабро».

urszula-ledochowska
Уршуля Ледухоўская. Фота: deon.pl

І звон на Востраве слёз

Адной з тых, хто спрыяў пачатку дзейнасці ўршулянак, была знаная пісьменніца Марыя Радзевіч, якая жыла паблізу ад Гарадца ў сваім маёнтку Грушава. А ў Мінску пэўны час у капліцы на знакамітым Востраве слёз (Востраве мужнасці і смутку) вісеў звон з касцёла ў Гарадцы, які фундавалі жыхары Гарадца з падзякай Марыі Радзевіч. Менавіта яна запрасіла ўрушлянак у Гарадзец.

zvon-Naryja
Звон «Марыя» з гарадзецкага касцёла.Фота: samaranin.by

Гэты звон ужо сваёй прысутнасцю на адным з галоўных манументаў беларускай сталіцы намагаўся распавесці пра ахвярную працу сясцёр, 90-гадовы юбілей дзейнасці якіх мы цяпер узгадваем.

Чытаць ячшэ: Ксёндз Вячаслаў Барок: «Мы становімся сведкамі гістарычных падзеяў і бачым на свае вочы, як Госпад руйнуе муры турмы, муры няволі»