Скарына склікае сяброў! Святкаванні ў Празе

04.08.2022 Культура

6 жніўня, у суботу, беларусы Прагі адзначаць 505-годдзе выхаду першай Скарынавай кнігі ў Празе.


0dc247c07eee71a72cf9409729fb3455_XL.jpg

Аб 11-й ля помніка Скарыну адбудзецца традыцыйная сустрэча з удзелам чэшскіх палітыкаў і супрацоўнікаў дыпламатычных прадстаўніцтваў. Добрая нагода не толькі згадаць кніжны юбілей, але і пагаварыць пра тое, куды Беларусь накіроўваецца пасля падзей 2020 года. 

Беларускую ліру, рэнесансныя гукі флейты і традыцыйныя жніўныя песні дапоўніць квіз пра Скарыну і Чэхію (пераможцаў чакаюць прызы).

Пройдзе таксама першы беларускі кніжны swap: кожны зможа прынесці сваю кнігу па-беларуску і абмяняць яе на іншую. 

А ўвечары, а 17-й, у Беларускай клубоўні будзе лекцыя гісторыка Паўла Котава «Што мы ведаем і не ведаем пра Скарыну?» 

Спадар Павел пазнаёміць з выданнем «Францыск Скарына ў дакументах і сведчаннях» (гал. укладальнік Алесь Жлутка, Мінск 2020) і раскажа, што і на аснове якіх гістарычных крыніц вядома пра жыццё славутага палачаніна. 

Уваход вольны!