Беларускі пісьменнік Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч, вядомы пад творчым псеўданімам Якуб Колас, у ранні перыяд сваёй літаратурнай дзейнасці карыстаўся рознымі прыдуманымі імёнамі. Пад сваім уласным імем пісьменнік выдаў толькі адну кнігу. Што гэта за кніга, і чаму класік беларускай літаратуры не падпісваў сваіх твораў сваім гучным прозвішчам, расказвае гісторык, былы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Алесь Крыжэвіч.
Якуб Колас. Фота з фондаў музея Якуба Коласа
Адной з першапрычынаў з’яўлення псеўданімаў творцы з’яўляецца прозвішча Міцкевіч, пад якім нарадзіўся будучы славуты класік беларускай літаратуры Якуб Колас. Пад гэтым прозвішчам шырокую вядомасць здабыў ураджэнец Наваградчыны Адам Міцкевіч — пісьменнік сусветнага маштабу, важная постаць для Польшчы, Беларусі і Літвы.
Маладому Канстанціну Міцкевічу аўтар знакамітага «Пана Тадэвуша» быў добра знаёмы. Згодна з сямейным паданнем, графічны партрэт Адама Міцкевіча ў рамцы вісеў на сцяне бацькоўскай хаты Канстанціна Міцкевіча. Як рэліквію захоўвалі ў сям’і беларускага пісьменніка і томік «Балад і рамансаў» Адама Міцкевіча, які чыталі яго бацька Міхал і дзядзька Антось, а ў далейшым і сам Канстанцін Міцкевіч.
Відавочна, што пісаць пад уласным прозвішчам не было асаблівага сэнсу, бо творчасць Адама Міцкевіча на пачатку ХХ стагоддзя не проста была вельмі вядомай на прасторах былой Рэчы Паспалітай, а ўжо сталася часткай сусветнай літаратуры. Таму калі б Канстанцін Міцкевіч падпісваў уласныя творы сапраўдным імем і прозвішчам, то асацыяцыі былі б у першую чаргу са стваральнікам «Гражыны» і «Дзядоў», а творчасць самаго аўтара знаходзілася б у ценю Адама Міцкевіча. Пацверджаннем такога меркавання можа быць пост аднаго беларуса ў некалі папулярным livejournal, дзе яго аўтар апісвае камічную (ці нават трагікамічную) сітуацыю, калі жанчына пыталася ў супрацоўнікаў кнігарні, ці сапраўды Якуб Колас з’яўляецца псеўданімам Адама Міцкевіча. Гэта анекдатычная сітуацыя наглядна паказвае, чаму Канстанцін Міцкевіч вырашыў узяць сабе псеўданім і ніколі не падпісваў сваю паэзію і прозу ўласным прозвішчам.

Якуб Колас выступае на вечары ў Акадэміі навук БССР, прысвечанаму 100-годдзю з дня смерці Адама Міцкевіча. Крыніца: mickiewicz.museum.by
Асабісты сакратар Якуба Коласа Максім Лужанін, які напісаў грунтоўную аповесць-эсэ «Колас расказвае пра сябе», тлумачыў інтэнцыі выкарыстання псеўданіма Канстанцінам Міцкевічам паходжаннем з народа, дзе лексема колас разглядаецца як сімвал жыцця і працы: «Сын палясоўшчыка Міцкевіча, не паквапіўшыся на гучнасць і вядомасць гэтага прозвішча, прыняў сціплейшае і непрыкметнейшае — Колас. І стаў ім, і не стаптаў яго ў руні жорсткі капыт часу, не падцяла нявыкалашаную сцябліну каса забыцця, не пабіў град знявагі, не зламаў віхор падзей».
Адзіная кніга, якая выйшла пад уласным прозвішчам творцы — гэта падручнік «Методыка роднае мовы», бо Канстанцін Міцкевіч з’яўляўся яшчэ і спрактыкаваным педагогам.

Кніга, падпісаная Канстанцінам Міцкевічам уласным прозвішчам — «Методыка роднае мовы». Крыніца: wikisource.org
З’яўленне розных псеўданімаў Канстанціна Міцкевіча, у першую чаргу на старонках «Нашай Долі» і «Нашай Нівы», тлумачыцца цэнзурай часоў Расійскай імперыі. Калі Аляксандр Уласаў як адзін з арганізатараў «Нашай Долі» пазнаёміўся з маладым Канстанцінам Міцкевічам, то прапанаваў яму друкаваць свае матэрыялы ў першай беларускамоўнай газеце пад псеўданімам, каб пазбегнуць непрыемнасцей ад улад.
Варта адзначыць, што матэрыялы ва ўсіх нумарах «Нашай Долі» былі ананімныя або падпісваліся псеўданімамі ды крыптанімамі. Адзіным сапраўдным імем, якое выходзіла на апошняй старонцы перыядычнага выдання, было імя і прозвішча рэдактара-выдаўца газеты. Дакладна такая ж тэндэнцыя захоўваецца і ў новай газеце «Наша Ніва», у якой таксама аўтары публікацый падпісваліся выключна выдуманымі імёнамі або крыптанімамі.
Аднак канспіратыўнымі крокамі не вычэрпваюцца прычыны выкарыстання Канстанцінам Міцкевічам псеўданіма замест уласнага прозвішча. Даследчык Вячаслаў Рагойша трапна адзначаў, што аўтары першых беларускіх газет, «зашыфроўваючы свае сапраўдныя прозвішчы, кіраваліся не толькі канспіратыўнымі меркаваннямі, як гэта зазвычай адбывалася ў розных народаў у складаныя перыяды сацыяльна-грамадскага жыцця». Справа ў тым, што да пачатку ХХ стагоддзя, калі сталі выходзіць творы Канстанціна Міцкевіча, ужо склалася пэўная традыцыя выкарыстання пісьменнікамі псеўданімаў замест сапраўдных імёнаў.
Адпаведна выкарыстанне псеўданімаў Канстанцінам Міцкевічам было пэўнай данінай модзе, бо менавіта ў другой палове ХІХ стагоддзя адбылося інтэнсіўнае пашырэнне гэтага віда антрапонімаў на беларускіх землях. Так, А. Вярыга-Дарэўскі выдае ў Магілёве на польскай мове паэму «Гутарка пра сваяка» (1858), падпісаную «Białoruska Duda», газету «Мужыцкая праўда» К. Каліноўскі падпісваў «Jaśko haspadar s pad Wilni». У газеце «Минский листок», выходзяць паасобныя беларускія творы Янкі Лучыны (I. Неслухоўскага) і Каруся Каганца (К. Кастравіцкага). У 1890-я гады за мяжою выдае свае кніжкі Ф. Багушэвіч, падпісваючыся Мацей Бурачок i Сымон Рэўка з-пад Барысава, Альгерд Абуховіч падпісваецца як Граф Бандынэлі, а Антон Лявіцкі — як Ядвігін Ш.
Нягледзячы на тое, што першы друкаваны твор Канстанціна Міцкевіча (верш «Наш родны край») выйшаў у газеце «Наша Доля» (1906, № 1, 1 верас.) і меў подпіс Якуб Колас, надалей у «Нашай Ніве» творцам выкарыстоўвалася шмат псеўданімаў. Адным з самых ранніх псеўданімаў можа лічыцца подпіс Тарас Гушча, пад якім выйшла апавяданне «Соцкі падвёў», апублікаванае ў «Нашай Ніве» за 28 верасня 1907 года. У тым жа нумары быў апублікаваны і вершаваны твор «Пад шум ветру», пад якім быў размешчаны подпіс Якуб Колас.
Ролю сваіх псеўданімаў Канстанцін Міцкевіч акрэсліў у лісце да Вацлава Ластоўскага ад 20 красавіка 1912 года: «Пад прозай я хацеў бы падпісвацца «Тарас Гушча», а пад вершамі — «Якуб Колас». Сапраўды, на працягу трох дзесяцігоддзяў пісьменнік карыстаўся гэтымі двума псеўданімамі.

Выданне «Тоўстае палена» (1913), яко падпісана псеўданімам Тарас Гушча. Крыніца: wikisource.org
Часта здаралася, што кнігі падпісваліся адразу двума псеўданімамі праз злучок — Якуб Колас-Тарас Гушча. Яшчэ адзін варыянт, калі кніга падпісана адным псеўданімам, а ў дужках пазначана іншае творчае імя — Тарас Гушча (Якуб Колас).

Кніга «У глыбі Палесся», што падпісана адначасова двума псеўданімамі. Крыніца: wikipedia.org
Такім чынам, доўгі час у Канстанціна Міцкевіча выходзілі кнігі пад двума псеўданімамі, але ў пасляваенны час застаўся толькі адзін — Якуб Колас, што назаўсёды зліўся з яго носьбітам.
Алесь Крыжэвіч, Budzma.org