«Сумна, калі наш максімум — беларускамоўныя надпісы на магілах». Алесь Кіркевіч адказвае Міколу Бугаю

04.08.2026
Мікола Бугай у «Нашай Ніве» звярнуў увагу на англамоўны надпіс на магіле Вячкі Станкевіча, памерлага летась і пахавананга ў ЗША. Заслужанага дзеяча паваеннай дыяспары ўнукі пахавалі на беларускіх могілках. Але надпіс на камені — не беларускі. Ці гэта трагедыя?

Pomnik na mahilie Viački Stankieviča
Помнік на магіле Вячкі Станкевіча. Фота са старонкі Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў фэйсбуку

Для аўтара артыкула — так, трагедыя. Пачытайце першакрыніцу, каб не пераказваць слова ў слова. Сэнс такі: захаваць беларускасць за мяжой у трэцім пакаленні, на ўзроўні ўнукаў — немагчыма. Эміграцыя, нават калі зараз яна трымае сцяг беларушчыны, прырэчаная на асіміляцыю. Беларушчына мае перспектыву адно ў Беларусі — нават ва ўмовах несвабоды.

Урэшце, дзіўнае заканчэнне артыкула: «Трымайцеся за Беларусь, нават калі дзеля гэтага даводзіцца маўчаць, мірыцца ды ісці на горкія кампрамісы». Узнёслы тэзіс, але хто з нас пажадае сваім дзецям: маўчаць, мірыцца ды ісці на горкія кампрамісы? А галоўнае — навошта?..

Быць сабою — толькі ў вышыванцы?

Яшчэ на пачатку, калі чытаў пераказ біяграфіі Станкевіча, мяне зачапіла: «Рабіў інжынерам у карпарацыях «ITT» і «Western Union», аж покі не перайшоў працаваць на радыё «Свабода» — там ён быў сабою».

Няўжо чалавек не можа быць сабою, працуючы ў буйных карпарацыях? Няўжо, каб быць сабою, трэба абавязкова працаваць на радыё «Свабода»?..

Магчыма, гэта нейкая цытата самога Вячкі Станкевіча, вядомая аўтару. Мне яна невядомая. Але цяжка сабе ўявіць, каб дарослы паспяховы чалавек, які ў Беларусі пражыў 12 першых гадоў жыцця са сваіх 92-х, усё жыццё — пакутаваў і не быў сабою: на вуліцы, у краме, у парку, у аэрапорце, на беразе акіяну. А кім ён быў?.. Няўжо сабою можна быць, толькі апранаючы вышыванку?

Большасць беларусаў-эмігрантаў хвалі 1944 не працавалі на радыё «Свабода». Яны працавалі хірургамі, ліфцёрамі, бізнесоўцамі, гандлярамі нерухомасцю або — шчоткамі для абутку. Так, яны цягнуліся да сваіх: каб не страціць сувязь з Радзімай, нагаварыцца па-беларуску. Пры гэтым шмат хто меў за жонак і мужоў ужо не беларусаў і беларусак. Іх дзеці — тым больш. Дзіўна, каб было па-іншаму. Добра, што было акурат так.

Страх перад вялікім светам

Пакаленне эмігрантаў, да якога належаў Станкевіч, было адрозным ад нас. Для большасці выезд з Беларусі ў 1944-м перад наступаючымі бальшавікамі быў першым выездам за мяжу ўвогуле. Падлеткі, народжаныя пад Вілейкай і Маладзечнам, траплялі ў Лювен, Мюнхен, Саўт-Рывер, не ведаючы ані мовы, ані правілаў жыцця на Захадзе.

Страх перад вялікім незразумелым светам не ў апошнюю чаргу штурхаў іх у беларускія цэрквы, клубы, скаўцкія арганізацыі. Бо там — сваё і свае. Разумееце розніцу? У гэтым быў практычны сэнс: не для высокай ідэі захавання ідэнтычнасці, а каб мець больш шанцаў выжыць сярод чужых. Ужо пазней, крэпка стаўшы на ногі ды адаптаваўшыся на новай радзіме, яны самі маглі дапамагаць БНФ на пачатку 1990-х ці — дзецям Чарнобыля.

Але ў 1990-я, звярніце ўвагу, ніхто не вярнуўся ў незалежную Беларусь. Прыязджаць — прыязджалі. Але на сталае жыхарства — ніхто. Бо іхны дом быў ужо не ў вёсцы пад Вілейкай і Маладзечна, а за акіянам. Іх справы, дамы, сябры, дзеці, унукі — усё там.

Два жыцця: беларускае і амерыканскае

Viačka Stankievič
Вячка Станкевіч

Дык чаму ж мы маем здзіўляцца, што надпіс на магіле чалавека, жыццё якога прайшло ў ЗША — зроблены па-ангельску? Цешыцца трэба. Чалавек пражыў два жыцця: беларускае і амерыканскае. Шмат чаго паспеў. У новым свеце, куды яго выкінула хваляй вайны і вялікай палітыкі, не згубіўся. Адаптаваўся і мог нешта даць гэтаму самаму свету. Быць карысным.

Ёсць дыяспары, якія на Захадзе выдатна захоўваюць сваю мову, рэлігію, традыцыі: як правіла, з Блізкага Усходу ды Афрыкі. Ці варта іх браць за прыклад?.. А вось нямецкія перасяленцы, калі ўзяць гісторыю, губляюць ідэнтычнасць вельмі хутка: застаюцца толькі прозвішчы. Але — людзі дасягалі поспеху, дзе б ні жылі. На магіле бізнесоўца Фрэда Трампа, бацькі Дональда Трампа, мы бачым надпіс па-ангельску, а не па-нямецку (Трампы — баварцы, калі што). Ці гэта трагедыя ў рамках яго сям’і? Ці гэта трагедыя для Баварыі? Не думаю.

Выключэнне складаюць хіба яўрэі, якія паспяваюць і тут, і там: адаптавацца і захаваць сябе. Раўняцца на яўрэяў — немагчыма. Яўрэі маюць за плячыма тысячы год выгнання. Тысячы год пісьмовай традыцыі. Яны адчулі сваю не проста адметнасць, але абранасць яшчэ ў часы Рымскай імперыі. Гэта зусім іншая матэрыя.

Што мы можам даць свету?

Ну і апошняе. Мікола Бугай дапускае абарот «каб іх дзеці і ўнукі засталіся беларусамі, каб наш род не згас...» Дык род Вячкі Станкевіча не згас. Унукі ж той камень і паставілі. Ці засталіся яны беларусамі? Напэўна, яны засталіся сабою і жывуць сваё амерыканскае жыццё. Пытанне, на якой мове яны б зрабілі надпіс на помніку па дзеду, каб жылі ў Беларусі — рытарычнае.

Каб род не згас — трэба ўкладацца ў сябе і ў свой род. Падумаць, што ты можаш даць гэтаму свету, апроч мовы, на якой размаўляеш. Дзе б ты ні жыў, якім бы паветрам ні дыхаў. Сумна, калі максімум, які беларусы могуць даць свету — беларускамоўныя надпісы на сваіх магілах.


Алесь Кіркевіч, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org