Слаўгарад-Хоцімск vs Прапойск-Радзівілаў

Сённяшнія невялікія мястэчкі ўсходу Магілёўшчыны не з’яўляюцца папулярнымі ў турыстаў і наогул далёка не кожнаму вядомыя. Але калі заглыбіцца ў іх гісторыю, то цікавосткі знойдуцца. Ды хоць у саміх назвах раённых цэнтраў, шчыльна знітаваных з іх мінуўшчынай і асаблівасцямі ўзнікнення і прыроднай лакалізацыяй.


 
Старадаўні Прапойск — горад з унікальнай назвай

Паўтара дзясятка найменняў паселішча

Летапісны Прапойск першапачаткова згадваецца ва Устаўной грамаце 1136 г. смаленскага князя Расціслава Мсціславіча называецца Прупой. Аднак у гістарычных дакументах часцей за ўсё можам знайсці найменне горада як Прапошеск, а таксама і іншыя яе формы: Пропышеск, Пропашеск. У сваю чаргу на некаторых старых картах і дакументах таксама фіксуюцца наступныя напісанні назвы ўсходнебеларускага горада: Пропостк, Пропостес і нават Пропорск.

У ХІХ стагоддзі мясцовае вымаўленне назвы горада зафіксавалі тагачасныя даследчыкі даўніны, а таксама запісалі самі прапайшчане ў афіцыйных дакументах і зваротах. Прычым запісы фіксуюць малавядомыя варыянты вымаўлення сённяшняга Слаўгарада — Пропольск, Прополск. Такія найменні амаль што зусім невядомыя нават для цяперашніх жыхароў раённага цэнтра ўсходу Магілёўшчыны.

Такім чынам, на працягу стагоддзяў формы наймення старадаўняга горада былі розныя, але пры гэтым былі фактычна аднакарэнныя. Некаторыя назвы захаваліся да цяперашняга часу. Сучаснае мясцовае вымаўленне ў сваім актыўным і пасіўным запасе захоўвае многія гістарычныя формы: Прупоў, Прупойск, Прапуйск, Прапосіск, Прапошыск, Прапоськ, Прапось, Прапосік, Прапойсік, Прапойсык, Прапойсак, Прапойісык, Прапольск, Прапоськ. Да прыкладу, вядомая прыказка на цяперашняй Слаўгарадчыне: «Пайшоў у Прупой і пацулуваў у прабой».

Pamiatny kamień u Słaŭharadzie, dzie paznačany nazvy, pad jakimi ŭ rozny čas zhadvajecca horad
Памятны камень у Слаўгарадзе, дзе пазначаны назвы, пад якімі ў розны час згадваецца горад. Крыніца: npr.by

У сваю чаргу жыхароў старадаўняга горада называюць наступным чынам: прапойскія людзі, прапойсцы, прапосцы, прапасцы. 

Ці сапраўды назва горада паходзіць ад «прапойцы»?

Знакаміты савецкі пісьменнік Канстанцін Сіманаў напісаў у 1943 годзе невялікі верш, прысвечаны назве старадаўняга горада Прапойска — «Сказка о городе Пропойске». Назву Прапойска ў сваім іранічным паэтычным творы Сіманаў патлумачыў наступным чынам: «Должно быть, название это/Недаром Пропойску дано,/Должно быть, и зиму и лето/Там пьют беспробудно вино». Знакаміты савецкі пісьменнік этымалагізаваў назву старажытнага горада з рускім словам «пропойца». Няўжо гэта і ёсць сапраўднае вытлумачэнне назвы горада?

Насамрэч паходжанне наймення горада і яго шматлікіх аднакарэнных варыянтаў даследчыкі звязваюць з словам «пропасць». Атаясамленне Прапойска з «пропасцю» звязана з гістарычнай назвай рэчкі Проня — Пропасць. Між іншым, найменне Пропасць адпавядае сутнасці ракі, бо на ёй было шмат віроў і дно небяспечнае, зменлівае.

Miesca źlićcia Proni i Soža ŭ staroj častcy Słaŭharada.
Месца зліцця Проні і Сожа ў старой частцы Слаўгарада. Крыніца: npr.by 

Таксама словам «прапой» (прупой) у ранейшыя часы называлі віры ў зліцця рэк, бо Прапойск-Слаўгарад узнік на высокім пагорку ля зліцця ракі Проні з Сожам, адсюль і назва, якая мела сэнс «ля моцнага віру на зліцці рэк».

Калі была зменена назва і па якой прычыне?

Змянілі назву горада пасля сканчэння Другой сусветнай вайны. У 1945 годзе паўстала пытанне пра наданне назвы воінскаму падраздзяленню, якое вызначылася ў баях за Прапойск. Савецкае кіраўніцтва палічыла, што прыстаўка «Прапойская» будзе абразай для салдат, бо савецкае вайсковае чынавенства вытлумачвала найменне паселішча ўсё ад таго самага «пропойцы». Менавіта па гэтай прычыне горад, згодна з афіцыйнай версіяй, і перайменавалі ў Слаўгарад.

Mitynh z nahody hadaviny Kastryčnickaj revalucyi ŭ Prapojsku. 1918 hod.
 Мітынг з нагоды гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Прапойску. 1918 год. Крыніца: be-tarask.wikipedia.org.

З гэтага вынікае, што ў пасляваенны час адзіная і ўнікальная назва Прапойск, што адлюстроўвае старадаўнюю гісторыю паселішча і тутэйшы рэльеф мясцовасці, знікла з афіцыйнага ўжывання і пакрысе стала выціскаць старадаўнюю назву горада ў штодзённым жыцці жыхароў Прапойшчыны. У сваю чаргу найменне Слаўгарад не ўнікальнае. Паселішчы з такой жа назвай (рускае — Славгород) існуюць у Алтайскім краі і Расійскай Федэрацыі. Апроч таго, аднайменныя сяло і мястэчка ёсць на ўсходзе Украіны.

Centr sučasnaha rajonnaha centra Słaŭharada
Цэнтр сучаснага раённага цэнтра Слаўгарада. Крыніца: glubinka.by

Хоцімск або Радзівілаў: падваенне асобаў мястэчка

Блытаніна з годам заснавання паселішча

У некаторых сучасных краязнаўчых і гістарычных выданнях заснаванне раённага цэнтра адносяць да 1430 года. Тую ж саму дату можна ўбачыць на ўязным знаку Хоцімска, а таксама на сайце мясцовага райвыканкама. Гэту дату як час заснавання горада можна таксама пабачыць у артыкуле пра Хоцімск у рускай Вікіпедыі. Сапраўды, пэўны час была прынята думка аб тым, што гэты населены пункт вядзе сваю гісторыю з першай паловы XV стагоддзя.

Ujazny znak u Chocimsku, na jakim vyjaŭlena niapravilnaja data zasnavańnia rajcentra
Уязны знак у Хоцімску, на якім выяўлена няправільная дата заснавання райцэнтра

У гістарычнай літаратуры ХІХ стагоддзя часта памылкова сцвярджалася, што Хоцімск нібыта згадваецца ў летапісных крыніцах як вёска Хоцімль — уладанне вялікага князя Свідрыгайлы часоў ВКЛ. Такое няправільнае датаванне і атаясамленне Хоцімска тыражуецца ў навукова-папулярнай літаратуры да сённяшняга часу.

Археалагічныя даследаванні і глыбокае вывучэнне гістарычных дакументаў паказалі адваротнае. Аказалася, што ніякага паселішча ў XV стагоддзі на тэрыторыі Хоцімска не існавала, а з’явілася яно значна пазней. Наогул на тэрыторыі сучаснага Хоцімскага раёна ў XVІ—XVІІ стагоддзях гістарычныя крыніцы згадваюць адзінкавыя населеныя пункты.

Адсутнасць паселішчаў на тэрыторыі тагачаснай Хоцімшчыны можа тлумачыцца неспакойным жыццём усходніх межаў Рэчы Паспалітай і наяўнасцю агрэсіўнага суседа — Вялікага княства Маскоўскага. Увогуле двухсотгадовы перыяд амаль бесперапынных войнаў паміж Вялікім княствам Маскоўскім і Вялікім Княствам Літоўскім, а пасля Рэччу Паспалітай і Расіяй прывёў да таго, што на мяжы з абодвух бакоў існавала пэўная слабазаселеная паласа лясоў.

Як сведчаць гістарычныя крыніцы па гісторыі Крычаўскага староства, значная колькасць населеных пунктаў на яго ўсходзе ўзнікае ў пачатку XVІІІ стагоддзя. Падобная карціна назіраецца і з расійскага боку. Толькі пасля заключэння «вечнага міру» паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй у 1686 годзе памежная зона абедзвюх дзяржаў перастае быць тэрыторыяй ваенных канфліктаў і пачынае актыўна асвойвацца.

Сучасны Хоцімск згадваецца як слабада Хоцімск у інвентары Крычаўскага староства 1709 года. Прычым у ім жа пазначаецца, што Хоцімск будзе на «слабадзе» да 1710 года. Як вядома, слабада — гэта буйное сельскае паселішча, жыхары якога часова вызвалены ад выплаты падаткаў на карысць уладальніка зямлі.

Улічваючы, што слабоды даваліся на 10–15 гадоў, то можна меркаваць, што Хоцімск быў заснаваны недзе ў 1695–1700 гадах. Прынамсі такой пазіцыі прытрымліваецца вядомы гісторык і археолаг Андрэй Мяцельскі, які даследаваў мінуўшчыну Хоцімска.

Якая назва сучаснага раённага цэнтра больш гістарычная?

У першыя тры дзесяцігоддзі слабада Хоцімск, або Хоцімск Вялікі, як пісалі назву паселішча ў гістарычных крыніцах, развіваўся дастаткова актыўна, павялічваючыся ў колькасці насельніцтва і тэрыторыі. Аднак у далейшым паселішча стала занепадаць, а колькасць жыхароў імкліва скарачацца.

Прычынай гэтаму стаў горад Радзівілаў, які быў заснаваны насупраць вёскі Хоцімск, на левым баку ракі Бесядзь. Паводле інвентара Крычаўскага староства, мястэчка было заснавана па прывілеі канцлера ВКЛ Караля Станіслава Радзівіла ў 1714 годзе, які і назваў наваўтворанае паселішча ў свой гонар. Праз дзесяць год, у 1724 годзе, населенаму пункту Радзівілаў быў нададзены статус горада.

У сваю чаргу вёска Хоцімск размяшчалася на правым беразе Бесядзі — на той частцы сучаснага аднайменнага раённага цэнтра, якая і зараз вядомая сярод мясцовага насельніцтва як «стары Хоцімск». З прыведзеных фактаў вынікае, што сучасны Хоцімск утварыўся ў выніку зліцця вёскі Хоцімск, заснаванай у канцы XVІІ стагоддзя, і мястэчка Радзівілаў, заснаванага ў 1714 годзе. Прычым падобныя вывады заснаваны не толькі на гістарычных дакументах, але і пацвярджаюцца археалагічнымі матэрыяламі, бо найбольш раннія знаходкі (фрагменты керамікі, кафлі), якія сустракаюцца на тэрыторыі райцэнтра, адносяцца не раней як да XVІІІ стагоддзя.

Sviata-Troicki sabor i rynkavaja płošča Chocimska, pačatak ChCh st.
 Свята-Троіцкі сабор і рынкавая плошча Хоцімска, пачатак ХХ ст. Крыніца: https://be-tarask.wikipedia.org

Цікава, што мястэчка на працягу некалькі дзесяцігоддзяў мела адразу дзве назвы — і Хоцімск, і Радзівілаў. Па нейкіх прычынах назва Радзівілаў дрэнна прыжывалася на новым месцы і ўвесь час збівалася на назву размешчанай побач вёскі — Хоцімск. Магчыма, пры заснаванні горада сюды была пераселена частка жыхароў Хоцімска — адсюль і заняпад вясковага паселішча і «перекачаванне» старой назвы на новае мястэчка.

Нават калі староства перайшло ад Радзівілаў пад уладу Мнішкаў у 1760 годзе, то афіцыйная назва заставалася ранейшай — Радзівілаў. Хоць найменне Хоцімск таксама актыўна выкарыстоўвалася і нават пазначалася на тагачасных картах.

Vulicy miastečka i biernardzinski kaścioł. Pačatak ChCh st.
Вуліцы мястэчка і бернардзінскі касцёл. Пачатак ХХ ст. Крыніца: Хоцімскі гістарычна-краязнаўчы музей

У 1772 годзе адбываецца першы падзел Рэчы Паспалітай, у выніку чаго ўсходнія межы краіны, у тым ліку і Крычаўскае староства, апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. Новая адміністрацыя вырашыла цалкам выкрасліць імя Радзівілаў з назвы горада.

Так, у «Описании Кричевского графства или бывшего староства 1786 г.» Андрэя Мейера згадваецца толькі мястэчка Хоцімск, а пра Радзівілаў у яго няма ніякіх звестак. Так з цягам часу назва Радзівілаў сціраецца з памяці, і застаецца толькі назва Хоцімск.

Што абазначае назва горада

Назву Хоцімск даследчыкі-тапанімісты абазначаюць як найменне антрапанімічнага, адыменнага паходжання. Яна пайшла ад стараславянскага аднаасноўнага імя Хоцім, у якім аснова ад славянскага *xoteti «хацець» пашыраная фармантам -im-. Цікава, што гэты фармант балцка-славянскага паходжання, бо ўжываўся не толькі ў славянскай, але і ў пруска-літоўскай антрапаніміі.

Акрамя Хоцімска, з падобнымі назвамі вядомы паселішча Хаціслаў і Хацімцы. Ёсць звесткі аб тым, што ў мінулым слова Хоцімск вымаўлялася з націскам на і — Хацімск.

 Adna z centralnych vulic sučasnaha Chocimska
 Адна з цэнтральных вуліц сучаснага Хоцімска. Крыніца: by.livejournal.com/1760698.html

Двухасноўныя імёны з асновамі xot- далі таксама такія тапонімы абапал цяперашняй мяжы Беларусі і Расіі, як Хатовіж, Хіславічы, Хацясловічы, Дабрахотаўка, Самахотаўка. У гэтым транспамежным рэгіёне больш за два дзясяткі такіх адыменных назваў.

Такім чынам, мінуўшчына нашых непрыкметных і невялікіх райцэнтраў насычана вельмі цікавымі, часта пакручастымі і дэтэктыўнымі гісторыямі. Літаральна кожны беларускі раённы цэнтр мае адметную гісторыю з’яўлення і вытлумачэнне сваёй назвы. Менавіта ў гэтым часам крыецца і арыгінальны брэнд горада або мястэчка, унікальная гісторыя яго з’яўлення або непаўторная народная назва паселішча.

Хведар Прылёпаўскі, для budzma.org