Славутасці ВКЛ і РП у Літве, якія мусіць наведаць кожны беларус

Гісторыя ВКЛ і РП – агульная спадчына чатырох народаў: Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны. На жаль, збольшага беларусы ведаюць толькі той кавалак гэтай спадычыны, што знаходзіцца ў межах сучаснай Беларусі. Але не толькі Беларусь багатая на славутасці тых часоў! Таму мы пачынаем невялікі цыкл артыкулаў, дзе распавядзем пра славутасці часоў ВКЛ і РП, што захаваліся за межамі Беларусі. І сёння гаворка пойдзе пра Літву.


Можа, для кагосьці гэта будзе навіной, але ў сучаснай Літве засталося шмат добра захаваных архітэктурных рэліктаў тых часоў. І гэта далёка не толькі Вострая Брама і вежа Гедыміна ў Вільні!

Вострая Брама – кавалак гарадской сцяны XVI стагоддзя. Але гэты рэлікт не толькі ўзростам багаты. Менавіта ў Вострай браме захоўваецца хрысціянская рэліквія – Віленская Мадонна. А таксама менавіта яе згадваў беларускі класік Максім Багдановіч у сваім вершы “Пагоня”.

“Успомню Вострую Браму святую // І ваякаў на грозных канях”

А што да гары Гедыміна, то гісторыя тут цікавая. Некаторыя даследчыкі кажуць, што яшчэ да вялікага князя на гэтым месцы ўжо быў драўляны замак. А вежа, якая захавалася да нашых дзён, – будынак канца XIV стагоддзя. Вежа захавалася не ўся, толькі два першыя паверхі. Астатняе – рэнавацыя, але гэта не адмяняе вялікай каштоўнасці гэтай гары і будынка як спадчыны гісторыі нашага ВКЛ.

У Вільні насамрэч шмат будынкаў тых часоў, асабліва розных храмаў, але апісанне і пералік іх будуць задоўгімі, таму пакідаем гэта на вашае асабістае даследаванне, калі будзеце там.

Але не толькі на храмы багатая Вільня. Напрыклад, вы ведалі, што замак Радзівілаў у Нясвіжы – не адзіны ў сваім родзе? Дык вось, у іх быў палац і ў сталіцы ВКЛ, які захаваўся да нашых дзён! Насамрэч гэта толькі рэшткі таго багацця Радзівілаў, што было ў Вільні, але і гэтага дастаткова, каб дакрануцца да яшчэ аднаго кавалка гістарычнага пазла нашай гісторыі. Таму калі будзеце ў сталіцы сучаснай Літвы – абавязкова зазірніце ў палац Радзівілаў!

Ёсць у Вільні яшчэ адна рэч, якая сапраўды мае культавае значэнне ў гісторыі ВКЛ і не толькі, – Віленскі ўніверсітэт. Ён варты ўвагі не толькі як навучальная ўстанова з найбагацейшай гісторыяй, але і як архітэктурны ансамбль, які бярэ свой пачатак з другой паловы XVI стагоддзя.

Па наступныя рэлікты не трэба далёка ехаць, бо яны знаходзяцца зусім побач – у Коўне. Тут багата рэчаў, на якія варта зірнуць. Напрыклад, касцёл Вітаўта, які спансараваўся самім вялікім князем. Таксама з хрысціянскіх будынкаў вартыя ўвагі касцёл Святой Гертруды (XV ст.), езуіцкі касцёл Святога Францыска Ксаверыя (XVІІ ст.), Сабор святых Пятра і Паўла (XV – XVІІ ст.) і Пажайслійскі манастыр (XVІІ ст.).

Касцёл Вітаўта Вялікага

Ну і як не згадаць галоўны замак гэтага горада – Каўнаскі замак, які доўгі час быў адной з ліній абароны ВКЛ супраць Тэўтонскага ордэна.

З таго ж часу варта згадаць Дом Пяркунаса – гатычны будынак XV стагоддзя. У яго багатая гісторыя перабудоваў, на дадзены момант тут знаходзіцца музей Адама Міцкевіча. Таму, ахвочыя пазнаёміцца з мясцовай экспазіцыяй гэтага паэта, абавязкова зазірніце!

Выдатным помнікам архітэктуры часоў РП з’яўляецца і Пажайсліскі манастыр, заснаваны ў 1667 годзе. Комплекс шмат разоў бурылі, але ўжо доўгі час ён паступова аднаўляецца. Ужо таго, што ёсць цяпер, хопіць для выдатных уражанняў.

Таксама варты ўвагі галоўны будынак Коўна – ратуша. Сам будынак узвялі ў XVІ стагоддзі, а цягам усёй гісторыі ён быў неаднаразова рэканструяваны. Дарэчы, Напалеон Орда бываў там і нават пакінуў малюнак гэтай старажытнай ратушы.

Наступны варты рэлікт часоў ВКЛ знаходзіцца ў даволі вядомым мястэчку Тракай, вядомым Тракайскім замкам. А ці ведалі вы, што менавіта там нарадзіўся вялікі князь Вітаўт, а сам астраўны замак быў адным з наймагутнейшых у ВКЛ і адным з самых непрыступных ва ўсёй Усходняй Еўропе? За ўсю гісторыю яго ніколі не ўзялі штурмам!

Цікавых замкаў часоў ВКЛ і РП у Літве хапае. Напрыклад, замак Нарвілішкес XVІ стагоддзя, які знаходзіцца ў аднайменнай вёсцы. Першапачаткова гэта быў манастыр, але яго выкарыстоўвалі ў розныя часы як казармы і школу-інтэрнат для дзяўчынак.

Яшчэ варты ўвагі Раўдонскі замак, што знаходзіцца ў Раўдоне. Ён, дарэчы, спачатку называўся Баербург, і менавіта тут адбываліся падзеі старой усходнепрускай легенды “Белая Дама Баербурга”. Потым замак змяняў уласнікаў і пастаянна перабудоўваўся. У любым разе, гэта замак з вельмі багатай гісторыяй, да якой абавязкова варта дакрануцца!

Таксама рэшткі замка часоў Грунвальдскай бітвы можна знайсці ў вёсцы Лішкява. Акрамя замка тут ёсць старажытны паганскі курган, касцёл канца XVІІ ст. і манастыр канца XVІІІ ст.

Мы заканчваем першую частку літоўскіх помнікаў часоў ВКЛ і РП Мемельскім замкам. Ён знаходзіцца ў Клайпедзе і з’яўляецца адзіным замкам Тэўтонскага ордэна, які захаваўся. Першы раз яго згадваюць ажно ў ХІІІ стагоддзі! Вядома, што гісторыя не пашкадавала замак, шмат чаго было знесена ці разбурана, але тое, што засталося, прывялі ў парадак, і сюды сапраўды варта зазірнуць!

 

Багдан Сакалоў