Хто ўратуе старажытны палац? Паглядзелі на славутасці ў наваколлі Гомеля

Летні сезон падышоў да канца, але надвор’е яшчэ дазваляе падарожнічаць. Для таго, каб прыемна і з карысцю правесці час, неабавязкова ад’язджаць далёка ад дома.


Х1.jpg

Воўчы культ старажытных мілаградцаў

Паблізу ад Гомеля ёсць шмат цікавых месцаў, прывабных і для дапытлівага аматара гісторыі «малой радзімы», і для сямейнага адпачынку. Пра адно з іх расказваюць «Моцныя Навіны».

Да вёскі Хальч ад Гомеля можна лёгка дабрацца рэйсавым аўтобусам, на аўтамабілі або нават на ровары. Ехаць трэба ў напрамку Веткі, ад абласнога цэнтра мястэчка знаходзіцца на адлегласці 16 кіламетраў. Галоўная славутасць — гэта палац Халецкіх, размешчаны ў самым цэнтры. Пад’язджаем да старадаўняй сядзібы. Вароты металічнай агароджы зачыненыя, але адкрыем лайфхак — калі іх пацягнуць на сябе, засаўка адчыняецца зусім лёгка. Пасля гэтага вы можаце свабодна агледзець звонку старадаўнюю сядзібу і ўрочышча «Панскі двор».

З высокай правабярэжнай тэрасы Сожа адкрываецца прыгожая панарама зарэчных далячынь. Першыя паселішчы з’явіліся тут яшчэ ў раннім жалезным веку. І гэта таксама невыпадкова: абрывістыя берагі служылі натуральным умацаваннем, а вада Сожа — транспартнай магістраллю. У даліне ракі можна было лёгка здабываць балотна-лугавую руду-лімант, а з крычнага жалеза каваць сярпы, сякеры і наканечнікі дзідаў.

Усяго ў Хальчы і яе ваколіцах чатыры старажытныя гарадзішчы. Месца аднаго з іх турысты могуць лёгка знайсці: яно месціцца на правабярэжным мысе, побач з палацам уладальнікаў Хальчы і адзначана памятным каменем. У VI стагоддзі да нашай эры тут пасяліліся людзі мілаградскай археалагічнай культуры, якіх першы гісторык Герадот называў «неўрамі». Яшчэ ён паведамляў, што неўры былі ведзьмакамі і маглі ператварацца на некалькі дзён у годзе ў ваўкоў. Калі ў старажытных мілаградцаў і існаваў культ ваўка, то адпраўлялі яны яго ў 400 метрах на поўнач, дзе ў лясным урочышчы Зыбень археолагі выявілі рэшткі старажытнага паганскага капішча. На гэтым ўзвышшы на працягу стагоддзяў праводзілі свае таямнічыя абрады і рабілі ахвярапрынашэнні старажытныя насельнікі тутэйшых мясцінаў. Да гэтага часу суседняе возера называецца Шаманскі Заружак. Да нашых дзён старажылы захавалі паданні аб жахлівых ваўках і русалках, якія жывуць ва ўрочышчы Зыбень, якое яшчэ называюць «Гецаў яр».

Потым мілаградцаў, якія былі ці то балтамі, ці то праславянамі, змяніла зарубінецкая археалагічная культура. Адны даследчыкі таксама лічаць «зарубінцаў» сваякамі сучасных літоўцаў і латышоў, іншыя — старажытнымі славянамі. Ёсць і версія, што яны былі бастарнамі — старажытнагерманскім або кельцкім племем, пра якое рымскі гісторык Палібій пісаў, што яны вылучаюцца «велізарным целаскладам і доблесцю воінаў». У далейшым бастарны нактраваліся на берагі Дуная — спусташаць і заваёўваць рымскія правінцыі, дзе яны зніклі бясследна.

Х2.jpg

Старэнне старадаўняга палаца

Але вернемся на бераг Сожа, да галоўнай славутасці Хальчы — палаца, пабудаванага ў пачатку XIX стагоддзя ўладальнікамі мястэчка Халецкімі. Да іх у 1785 годзе Хальч яшчэ лічыўся ўласнасцю княгіні Радзівіл. Месцам для свайго «гнязда» памешчыкі Халецкія таксама абралі старажытнае гарадзішча на мысе, верагодна, і таму, што агляд адсюль адкрываўся дзівосны.

Палац прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі, яго можна агледзець з усіх бакоў. Гэта двухпавярховы будынак з порцікам-калонамі і драўляным франтонам ля галоўнага ўваходу і з тэрасай-балконам — з іншага боку. Старадаўняя сядзіба глядзіцца, вядома, рамантычна, але шмат у чым каларыт старажытнасці надаюць ёй сляды разбурэння. На жаль, час не пашкадаваў стары палац. Больш за ўсё пацярпеў балкон-тэраса, дзе паўсюль фрагменты абвалу. Адна з цагляных апорных калон станчылася ледзь не напалову, час і агрэсіўнае асяроддзе літаральна «абгрызлі» яе. Каб тэраса не абвалілася, пад ёй усталяваныя металічныя падпоркі. За палацам складзеныя распілаваныя векавыя дрэвы. Паміж калодамі шнараць вёрткія яшчаркі. Група турыстаў, якая зайшла наступнай, абураецца: «І тут дрэвы пасеклі!» Аднак па некаторых спілах відаць — ствалы дрэваў,  пасаджаных, магчыма, яшчэ пры манархіі Раманавых, згнілі знутры.

Х3.jpg

Хальчанскія старажылы яшчэ памятаюць сёе-тое аб сваіх «панах». Напрыклад, што на палях у іх працавалі не толькі сяляне, але і іх дзеці. Пры гэтым дзецям плацілі, вядома ж, менш, чым дарослым. Грошы выдавалі па росце, хто вышэй — 20 капеек, хто менш — 15. А вось Мішка «Пан» працаваць на пасеве бульбы не любіў, але быў кемлівы — пры разліку станавіўся на дыбачкі, каб здавацца вышэй ростам і больш атрымаць. За гэта і зарабіў сваю мянушку: «Мішка, ты як пан — не працуеш, а грошы хочаш».

У 1812 годзе Халецкія падтрымалі французскае ўварванне, а пасля выгнання Напалеона таксама пакінулі Хальч. Новымі ўладальнікамі мястэчка, палаца і сялян сталі памешчыкі Войніч-Сенажэнскія.

Тым часам прадстаўнік роду ранейшых уласнікаў Хальча Іван Халецкі зрабіў нядрэнную кар’еру ў царскай арміі. Службу пачаў у лейб-гвардыі гусарскім Гродзенскім палку разам з Міхаілам Лермантавым. У 1854 годзе, падчас Крымскай вайны, генерал-маёр Халецкі камандуе брыгадай лёгкай конніцы ў знакамітай бітве пад Балаклавай. Англійскі кавалерыст выбіў шаблю з рук генерала і ледзь не засек яго, але ўдар брытанскага палаша своечасова адбіў ардынарац Халецкака унтэр-афіцэр Півенка. Гусарскія афіцэры пасля скінуліся і набылі генералу новую шаблю, якая зараз і захоўваецца ў Зброевай палаце.

Х4.jpg

Дарэчы, шаблі знаходзілі і пад самім Хальчам. Адзін раз з Сожа дасталі шаблю часоў ВКЛ XVII стагоддзя, якая някепска захавалася.

Сам жа былы генерал расійскай арміі Іван Альбертавіч Халецкі падчас паўстання 1863 года перайшоў на бок паўстанцаў. Паўстанцаў 1863 года хавалі ў Хальчанская палацы і Войніч-Сенажэнскія.

Яшчэ ў XVIII стагоддзі тут была місія «айцоў-езуітаў», а пасля ў Хальчанскім палацы нібыта існавала асобная зала для правядзення масонскіх сходаў.

У рэвалюцыю 1905 года мясцовыя сяляне сталі патрабаваць зямлі, і ў Хальч па просьбе памешчыкаў для падаўлення сялянскіх выступленняў была ўведзена цэлая рота салдат.

Х5.jpg

Пасля рэвалюцыі 1917 года ў палацы быў адкрыты прытулак для бяздомных дзяцей, а пасля — працоўная калонія «Воля». У гэтай назве першапачаткова не было ніякага здзеку: у 20-я гады, яшчэ поўныя рэвалюцыйнымі надзеямі зрабіць новы свет шчаслівым, мэтай заключэння сапраўды ставілася перавыхаванне асуджанага для новага жыцця на волі. Старажыл Хальчы Емяльян Бабкоў распавядаў «Моцным Навінам», што зняволеныя з «Волі» свабодна хадзілі па Хальчу, выменьвалі махорку. Калонія была змяшаная, мужчынская і жаночая. Па вечарах там спявалі песні, зразумела, не самыя вясёлыя. Дарэчы, у Гомельскім папраўчым доме ў 20-я гады самімі арыштантамі выдавалася газета «Голас зняволенага», якая дазваляла сабе нават ўмераную крытыку адміністрацыі.

Усё змянілася па меры таго, як «сталінская» бюракратыя скончыла з апошнімі рэшткамі «савецкай дэмакратыі». У 30-я гады працоўная калонія ў Хальчы стала часткай бязлітаснай машыны ГУЛАГу.

У 1954 годзе, пасля смерці Сталіна і напярэдадні «адлігі», калонія ў Хальчы была ліквідаваная, як і многія па ўсёй краіне.

Х6.jpg

Яшчэ на тэрыторыі сядзібы ўсталяваны помнік байцам і камандзірам Чырвонай арміі, якія загінулі пры вызваленні Хальча восенню 1943 года.  У штурме Хальча ўдзельнічалі і штрафныя батальёны, і маршавыя роты з мабілізаваных ураджэнцаў нядаўна вызваленай Браншчыны. Кажуць, што многія ішлі ў бой ў тым адзенні, у якім прыбывалі з хаты. Але частка груп прарыву была, верагодна, узмоцнена падрыхтаваная. Так, на месцы баёў пад Хальчам была знойдзена сталёвая кіраса, якую выкарыстоўвалі ў баі савецкія штурмавыя групы.

На тэрыторыі Хальча — два воінскіх пахавання, у якіх прах 703 воінаў. Брацкія магілы дагледжаныя, на іх ускладзеныя вянкі.

Х7.jpg

У 1950-х у палацы размясціўся спачатку клуб, а потым праўленне мясцовага саўгаса. У 1970-х гадах будынак быў перададзены Гомельскаму абласному краязнаўчаму музею. Былая загадчыца аддзела савецкай гісторыі Гомельскага абласнога краязнаўчага музея (ГАКМ) Ала Ягорава ўзгадвае:

— У канцы 70-х — пачатку 80-х гадоў, у бытнасць дырэктарам музея Людмілы Шыловіч, у палацы ў Хальчы планавалася адкрыць базу адпачынку, аднак справа застапарылася з-за адсутнасці нармальнага пад’езду. Тут было арганізавана адкрытае захоўванне фондаў. У экспазіцыі на першым паверсе была выстаўлена старажытная мэбля, у тым ліку і з дваранскіх сядзіб, і скульптуры. На другім паверсе — прадметы этнаграфіі і археалогіі. Тут экспанаваліся тыя артэфакты, для якіх не хапіла месца ў музеі ў Гомельскім палацы. У музейны філіял у Хальчы часта прывозілі розныя дэлегацыі, у тым ліку і замежныя.

Яшчэ ў былой сядзібе быў пакой адпачынку для супрацоўнікаў музея, якіх камандзіравалі на працу ў саўгас «Хальч». Палац абслугоўвалі дзве штатныя наглядчыцы і апальшчык, якія падтрымлівалі там парадак.

Х8.jpg

У пачатку 2000-х гадоў экспазіцыі ГАКМ у Гомельскім палацы былі дэмантаваныя пад мемарыяльныя залы Румянцавых-Паскевічаў, а экспанаты перавезены ў Хальчанскі палац. З гэтага часу ён выкарыстоўваецца фактычна як склад. У сярэдзіне «нулявых» тут захоўваўся, у ліку іншага, бюст беларускай паэткі Алаізы Пашкевіч (Цёткі).

Бясцэнныя скарбы

З пэўнага моманту Хальчанскі палац стаў разбурацца. Пры гэтым пытанне аб яго выратаванні абмяркоўвалася не раз, аднак поўная рэстаўрацыя каштуе нямала — каля 2 мільёнаў еўра. У 2011 годзе дзяржаўнае фінансаванне па рэстаўрацыі сядзібы скончылася. У 2014 годзе генеральны дырэктар ДГКУ «Гомельскі палацава-паркавы ансамбль» Аляксандр Госцеў, на балансе якога знаходзіцца гэтая сядзіба, паведамляў, што ў ёй плануецца арганізаваць шматфункцыянальны цэнтр вольнага часу.

Х9.jpg

У 2016 годзе адбыліся дзве працоўныя сустрэчы супрацоўнікаў Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, Веткаўскага райвыканкама, актывістаў грамадскай арганізацыі «Талака» і студэнцкага навуковага таварыства гісторыі, архітэктуры і краязнаўства ім. Шабунеўскага. На іх была намечана праграма дзеянняў па правядзенні суботнікаў, ачыстцы тэрыторыі і па даследчай працы. У жніўні таго ж года адзін з такіх сумесных суботнікаў з удзелам работнікаў Гомельскага палацава-паркавага ансамбля і валанцёраў грамадскіх арганізацый адбыўся.

А вось 15 сакавіка гэтага года на сустрэчы ў Гомелі міністру культуры РБ Анатолю Маркевічу быў прадстаўлены макет рэстаўрацыі Хальчанскага палаца. Міністр абяцаў узяць гэтую праблему пад увагу.

Але ўяўляецца, што знайсці каласальную суму, неабходную для рэстаўрацыі гістарычнага помніка-палаца ў Хальчы, пакуль не ўдалося. Магчыма, зрушыць гэтае пытанне з мёртвай кропкі маглі б далейшыя сумесныя намаганні грамадства і дзяржавы.

Х10.jpg

«Край курганоў» ля Сожу

Зрэшты, сама прырода ў гэтай мясцовасці з’яўляецца ўнікальным помнікам. Ад Хальча далей на паўночны захад ідзе аўтамабільная дарога і глыбокі яр, мабыць, старое рэчышча. Найбольш дапытлівыя краязнаўцы і турысты-экстрэмалы могуць паспрабаваць прайсці па гэтым рове, які густа зарос хмызняком і дрэвамі. Але пагаворваюць, што ў зарасніках «Гецавага яру» можна сутыкнуцца калі не з ваўком (памятаеце Герадота і неўраў?), то з дзікім кабаном, таму лепш па трасе.

Наступнае за Хальчам паселішча — пасёлак Радуга. Тут па поймавай даліне можна выехаць або выйсці да Сожу. Рака ў гэтым месцы ў час нашага наведвання была незвычайна чыстай і празрыстай. Цячэнне тут даволі хуткае, але Сож моцна змялеў. А вось на карціне знакамітага мастака Напалеона Орды, які наведваў гэтыя месцы ў 1887 годзе, выяўленыя парусныя судны і параходы, якія ідуць па Сожы. Зараз жа тут можна па пояс у вадзе дайсці ледзь не да сярэдзіны ракі.

Х11.jpg

Археалагічныя помнікі, гарадзішча радзімічаў і больш старажытных плямёнаў сустракаюцца і далей у даліне Сожа — у Шэрсціна, Прысна, Старым Сяле і ў многіх месцах. Як піша доктар гістарычных навук Алег Макушнікаў, раней тутэйшыя месцы клікалі «краем курганоў». Зараз жа большасць старажытных пахаванняў у выніку гаспадарчай дзейнасці разбурана. Сваю лепту ў знішчэнне ўнікальных артэфактаў мінулага ўносяць і «чорныя археолагі».

Яшчэ ў часы ВКЛ тут праходзіў ажыўлены «гомельскі шлях», па якім ехалі гандляры з Старадуба ў Чачэрск. Але, як вядома, дзе купцы там і разбойнікі. Ці захоўваюць яшчэ тутэйшыя лясы і ўрочышчы скарбы, пакінутыя мясцовымі «Робін Гудамі»?

Х12.jpg

Захаванне гістарычнай і прыроднай спадчыны нашага краю — гэта тая задача, якая, напэўна, усё ж блізкая і зразумелая кожнаму разумнаму чалавеку. Таму варта спадзявацца, што і Хальчанскі палац, як і мноства іншых помнікаў, здабудзе новае жыццё.

Моцныя Навіны