«Slutsk або сьмерць». Аўстраліец распавёў, навошта стварыў фан-клюб беларускай каманды і што будзе далей

01.04.2020 Замежжа

Да пачатку пандэміі каранавірусу аўстраліец Шэйн Робінсан нават ня чуў пра існаваньне Слуцку. Але ўжо больш як тыдзень ніхто ў сьвеце ня можа пахваліцца, што робіць для славы гэтага гораду больш, чым ён — піша Свабода.

F9D93866-927D-40D3-AF9F-54376D7AA842_cx1_cy12_cw99_w1023_r1_s.jpg

Шэйн Робінсан жыве ў Адэлаідзе, у Паўднёвай Аўстраліі. Ён вялікі аматар футболу. Сам пачаў гуляць у 12 гадоў, а цяпер судзіць матчы аматарскай лігі Паўднёвай Аўстраліі. На радзіме ён заўзее за Adelaide United, а ў міжнародных спаборніцтвах — за ангельскі «Лівэрпуль»: з гэтага гораду паходзіць яго сям’я.

Але цяпер Adelaide United і «Лівэрпуль» займелі канкурэнта. Нечакана для самога сябе Шэйн стаў найбольшым у сьвеце папулярызатарам футбольнага клюбу «Слуцак».

Групу «FK Slutsk Worldwide» на Фэйсбуку ён стварыў 9 дзён таму. Сёньня колькасьць яе сяброў перасягнула 2 тысячы. Гэта ня толькі заўзятары з усяго сьвету ад Аўстраліі, Новай Зэляндыі праз Інданэзію да ЗША, Вялікай Брытаніі ды Індыі з Тайляндам. Сёньня, напрыклад, да групы далучыўся і гулец самога «Слуцку» Арцём Сярдзюк.

DFD28A10-8437-4F49-B5ED-4601253A431C_cx1_cy10_cw96_w650_r1_s.jpg

«Каранавірус спыніў увесь футбол у сьвеце. Мае сябры ў футболе і я шукалі любую гульню, якую можна было б паглядзець, — апавядае Шэйн Робінсан. — Не спыніўся толькі беларускі чэмпіянат. „Слуцак“ быў у першай гульні, якую мы знайшлі, і яны выйгралі. Дзякуючы ім мы таксама выйгралі крыху грошай. І пасьля мы вырашылі стварыць групу ў Фэйсбуку, якая нечакана стала віруснай».

Яшчэ тыдзень таму Шэйн ведаў пра Беларусь толькі тое, што яна мяжуе з Расеяй. А зь беларускіх футбалістаў — Глеба і Шытава. Сёньня яму даводзіцца адказваць на пытаньні ня толькі беларускіх ці расейскіх журналістаў, але і расказваць пра «Слуцак» выданьням у Аўстраліі.

У фэйсбук-групе тым часам кіпіць жыцьцё. Людзі знаёмяцца, дзеляцца ўражаньнямі, жорстка ганяць супернікаў «Слуцку», апавядаюць гісторыі, зьмяшчаюць мэмы, відэаролікі, прыдумляюць крычалкі. Адным з папулярных воклічаў стала «Slutsk or die» («Слуцак або сьмерць»).

Шмат хто лічыць, што групу стварылі выключна як жарт у сувязі з назвай. Рэч у тым, што назва клюбу ў ангельскай трансьлітарацыі Slutsk сугучная з грубым ангельскім словам, якое азначае жанчыну з багатым сэксуальным жыцьцём і шматлікімі партнэрамі. Мноства допісаў у групе датычаць менавіта гульні гэтых словаў. Нехта піша, што прыйшоў у групу праз назву, але не пакіне яе, бо знайшоў там супольнасьць. Але Шэйн плёткі пра назву як прычыну стварэньня групы рашуча зьняпраўджвае.

A04F5589-8604-4B7B-B0D8-371279C555AE_w650_r0_s.jpg

«Усе думаюць, што мы пачалі падтрымліваць „Слуцак“ праз назву. Гэта ня так. Мы пачалі ўсё гэта, бо гульня „Слуцку“ была самай першай у беларускай прэм’ер-лізе, якую мы ўбачылі. Шмат каму клюб можа спадабацца ў сувязі з назвай, але гэта ня тая прычына, дзеля якой мы заснавалі групу», — тлумачыць Шэйн.

Першыя дзьве гульні случакоў ён ацэньвае як нядрэнныя і раіць камандзе знайсьці творчага паўабаронцу, а таксама наладзіць абарону. Асабліва Шэйн хваляваўся за каманду падчас матчу з «Дынама-Берасьце», дзейнымі чэмпіёнамі Беларусі.

«Не пашанцавала згуляць хаця б унічыю. Але мы вельмі спадзяёмся, што „Слуцак“ можа правесьці добры сэзон, і верым у выхад у эўрапейскі футбол у наступным сэзоне».

На пачатку існаваньня групы заўзятары зь Беларусі прапаноўвалі Шэйну дапамогу ў навязваньні кантакту са «Слуцкам». Але ў гэтым ужо няма патрэбы, бо аўстраліец кантактуе з клюбам наўпрост.

«Ёсьць пэўныя рэчы, якія мы вырашаем. Таксама мы даведаліся, што ў „Слуцку“ ёсьць пэўныя грашовыя праблемы. Спадзяюся, што клюб адкрые інтэрнэт-краму, каб фанаты змаглі купляць там гульнявыя наборы і шалікі. Мы хочам паспрыяць „Слуцку“ фінансава. Паспрабуем таксама сабраць сродкі праз краўдфандынг», — кажа Шэйн Робінсан.

У Аўстраліі дзейнічае жорсткі карантын. Нельга зьбірацца ў групы, большыя за 2 асобы. Для Шэйна і ягоных сяброў гэта вялікая праблема, бо яны ня могуць глядзець матчы «Слуцку» разам.

Ці скончыцца гэтая гісторыя пасьля пандэміі? Шэйн запэўнівае, што ні ў якім разе. Сачыць за гульнямі «Слуцку» ён зьбіраецца і пасьля.

«Наша задача цяпер — каб з усіх беларускіх клюбаў „Слуцак“ стаў самай папулярнай камандай сярод заўзятараў у сьвеце. А калі каранавірус нарэшце перамогуць і сьвет ізноў стане нармальным, то я хацеў бы наведаць Слуцак. Гэта будзе неймаверна».