Служба вышуку Беларускага Чырвонага Крыжа: «Узяў Рэйхстаг і знік… Шукаем дагэтуль»

25 гадоў у Беларусі працуе Служба вышуку Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Па ўсім свеце яна шукае звесткі пра людзей, якія былі разлучаныя з прычыны надзвычайных сітуацый. Як гэта ні сумна, галоўнай надзвычайнай сітуацыяй для нас дагэтуль застаецца Другая сусветная вайна.

— Штогод нам паступае каля 400 новых зваротаў ад нашых грамадзян і таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца іншых краін. 80% з іх тычацца Другой сусветнай вайны, — распавядае Ідаэль Герэро, спецыяліст аддзела па надзвычайных сітуацыях і вышуку БТЧК. — Людзі просяць знайсці месцы пахавання іх родных, звесткі пра сваякоў, сувязь з якімі была страчаная праз тую вайну. У большасці выпадкаў у нас атрымліваецца знайсці такую інфармацыю, таму што мы маем магчымасць накіраваць запыты ў арганізацыі Чырвонага Крыжа па ўсім свеце, шчыльна супрацоўнічаем з архівамі, з Міжнароднай службай пошуку ў Бад-Арользене, дзе захоўваюцца шматлікія звесткі пра пацярпелых ад нацысцкага пераследу, у тым ліку пра вязняў канцлагераў, прымусовых рабочых.

Аднак бываюць сітуацыі, калі дапамагчы немагчыма. Гэта залежыць ад захаванасці архіўных дадзеных, а таксама ад умоў прыватнасці ў розных краінах.

— Цяжэй за ўсё высветліць інфармацыю па зніклых без вестак, — тлумачыць Ідаэль. — Але нават калі нам удаецца знайсці след чалавека, не заўсёды можна атрымаць патрэбную інфармацыю. Напрыклад, у ЗША і Канадзе жорсткія правілы прадстаўлення персанальных дадзеных. Мы калісьці займаліся адным зваротам, дзе чалавек прасіў знайсці інфармацыю аб зніклым без вестак бацьку. Праз архіў Бад-Арользена мы даведаліся, што яго вызвалілі з нямецкага канцлагера амерыканцы і далі магчымасць з’ехаць у ЗША. Так ён апынуўся ў Штатах, у яго з’явіліся нашчадкі. Сам ён ужо памёр, але нам удалося звязацца з яго сваякамі, яны пагадзіліся даць свае дадзеныя, і мы перадалі іх кантакты нашаму заяўніку. Але бываюць выпадкі, што родныя эмігрантаў не хочуць аднаўляць адносіны і не даюць свае дадзеныя. Тады мы нічым дапамагчы не можам, бо прытрымліваемся палітыкі захавання канфідэнцыйных дадзеных.

Пра пахаванні

З пошукам месцаў пахавання сітуацыя прасцейшая — знайсці іх нескладана, але на гэта можа сысці год, а часам і некалькі гадоў.

— Асноўныя пахаванні Другой сусветнай вайны знаходзяцца на тэрыторыі Расіі, Германіі, Польшчы. Часцяком у архівах захоўваюцца дадзеныя аб першасных пахаваннях. Але ў пасляваенны перыяд многія парэшткі былі перапахаваныя на мемарыялы або ваенныя могілкі, і мы дапамагаем высветліць, куды. Працэдура працяглая, бо запыт праходзіць некалькі этапаў: ад спецыяліста Чырвонага Крыжа да мясцовых органаў улады, на тэрыторыі якіх знаходзяцца могілкі. Расія і Германія могуць адказаць цягам года, а вось адказ з Польшчы можа зацягнуцца на больш значны тэрмін. У Польшчу ідзе вялікі паток зваротаў, галоўным чынам з Расіі, а штат службаў вышуку Чырвонага Крыжа, як правіла, невялікі. У беларускай службе, да прыкладу, працуюць два чалавекі. У Польшчы, вядома, больш, але іх таксама не хапае.

У цэлым адказы па пахаваннях станоўчыя. За 2017 год 250 справаў былі завершаныя са станоўчым вынікам. Праблемы ўзнікаюць з магіламі ў канцлагерах, у месцах палону, дзе не вяліся дакладныя спісы. Многіх вязняў хавалі ў брацкіх магілах, проста скідваючы ў ямы, і тады нам складана высветліць імёны загінулых. Але звычайна ў такіх месцах устаноўленыя мемарыялы, і родныя могуць наведаць іх, — тлумачыць Ідаэль Герэро.

 

Што можа дапамагчы ў пошуках

Перад тым, як звяртацца ў службу вышуку БТЧК, людзі могуць правесці самастойныя даследаванні.

— Асноўная база дадзеных захоўвацца ў архіве Міністэрства абароны РФ. На сайце obd-memorial.ru вы можаце ўвесці прозвішча сваяка і атрымаць звесткі пра яго ваенны лёс. Некалькі гадоў таму запрацавала яшчэ адна, падрабязнейшая, база дадзеных «Памяць народа» pamyat-naroda.ru, дзе можна прасачыць баявы маршрут чалавека, даведацца пра ягоныя ўзнагароды. Запытаць інфармацыю таксама магчыма ў ваенных камісарыятах Рэспублікі Беларусь.

Дзякуючы ініцыятыве Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа створаная інтэрнэт-платформа www.familylinks.icrc.org, якая дае магчымасць аднавіць сямейныя сувязі, страчаныя праз катастрофы або вайну. Гэты сэрвіс больш дапамагае ў пошуку па сучасных канфліктах, але можна запытваць дадзеныя і па Другой сусветнай вайне.

Праз гэты сайт можна падаць запыт наўпрост у тую краіну, дзе абарваўся кантакт з чалавекам.

 

Унікальныя запыты

Цікава, што служба вышуку БТЧК атрымлівае запыты і з нямецкага боку.

— Нядаўна да нас звярнуліся супрацоўнікі міжнароднай службы пошуку Бад-Арользена, — расказвае Ідаэль. — У сваіх архівах яны знайшлі рэчы вязня канцлагера — пярсцёнак і фатаграфію, і папрасілі нас знайсці яго родных, каб перадаць ім тыя рэчы. Цяпер мы вядзём пошук. Такія звароты — рэдкасць. У Расіі з імі сутыкаюцца больш. І сітуацыі не заўсёды радасныя. Бываюць непрыемныя моманты, калі родныя, атрымаўшы гэтыя каштоўныя рэчы, перш за ўсё пытаюцца, колькі яны каштуюць. Гэта, вядома, бянтэжыць. Таму што, займаючыся пошукам, мы прапускаем праз сябе гісторыі людзей. Вось цяпер у мяне ў працы запыт адной жанчыны. У апошнім лісце бацька напісаў ёй, што ўзяў Берлін, Рэйхстаг і ідзе па заданні камандзіра аглядаць нейкую тэрыторыю. Пасля гэтага ён знік, і пра яго нічога не вядома дагэтуль. Будзем шукаць. Мы не закрываем справы, пакуль не будзе станоўчага адказу.

Чырвоны Крыж таксама працуе з дыяспарамі, прыцягваючы іх на дапамогу ў пошуку звестак пра іх суайчыннікаў. На дадзены момант у гэтую працу ўцягнутыя 190 мясцовых супольнасцяў па ўсім свеце.

Ганна Кручкова

Фота з архіву БТЧК

ВАЖНА ВЕДАЦЬ

Каб звярнуцца ў Службу вышуку БТЧК, неабходна запоўніць анкету, прыкласці наяўныя дакументы. Гэта трэба падаць асабіста або даслаць па пошце. Па факсе і электроннай пошце заявы не прымаюцца.

Анкеты для звароту размешчаны на сайце Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа

Служба вышуку не займаецца крымінальным і генетычным пошукам, пошукамі, звязанымі з сямейнымі канфліктамі і спадчынай, пацвярджэннем захаванасці грамадзянскіх пахаванняў.