Сляпянкі, Слепня, Слепенька, Слепень — фальваркі і ўрочышчы, маёнткі і вёскі, карчмы і млыны — багатая мінская тапаграфія з коранем -слеп- налічвае, сама мала, 500-гадовую гісторыю і праходзіць па тэрыторыі чатырох буйных сталічных раёнаў (Першамайскі, Партызанскі, Заводскі і Ленінскі), ахапіўшы абшар да 1/5 сучаснага горада! Стагоддзямі тут віравала сваё, насычанае жарсцямі, падзеямі і асобамі жыццё. І колькі з тых гісторый вядома нам, мінчукам, сёння?
Не марнуючы часу, запрашаем вас у шматвяковае і шматкіламетровае падарожжа ўздоўж рэчышча сённяшняй Сляпянскай воднай сістэмы.
Калі ўпершыню ўзгадваецца рэчка Слепня, каму належалі сляпянскія абшары, якія мясціны натхнялі на пейзажы бацьку Станіслава Манюшкі? Якая буйная гаспадарка пастаўляла ў Мінск жывую рыбу? Куды зніклі гістарычныя сляпянскія назвы і што цяпер на іх месцы? Пра гэтыя і іншыя цікавосткі з гісторыі сляпянскіх абшараў піша даследчык Змітро Пілецкі.
Сляпянскія пачаткі
Памяцi маiх бабулi i матулi
Фрагмент мапы-рэканструкцыі «Формирование территории Минска (1800–2004)» з нанесенымі на ёй тапонімамі з коранем -слеп- (жоўтым трохкутнікам пазначана сукупнасць дробных тапонімаў, што зніклі да канца ХІХ ст.). Крыніца: Гісторыя Мінска / История Минска. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2006. — С. 550–551.
Найбольш пашырана меркаванне, што ўпершыню рэчка Слепня ўзгаваецца ў 1557 г. у вялікакняскім акце «...ревизорского разграничения кгрунтов мещан меньских з кгрунтами шляхетскими» — гэта першы захаваны да нашых дзён маштабны дакумент па ўпарадкаванні гарадской мяжы Мінска, прычым настолькі важны, што ён дзейнічаў як юрыдычная норма больш за трыста гадоў(!). У вялікакняскім прывілеі 1552 г. згадваецца і «Слепль» у Мінскім павеце, на абшары паміж Камароўскай і Лагойскай дарогамі, за местам (горадам). Больш за тое, акты канца XVI ст. зафіксавалі судовыя спрэчкі паміж мяшчанамі і князямі Жыжэмскімі за маставое мыта, якое прыносіла добры прыбытак гораду з магдэбургскім правам.
Гэтыя аркушы археаграфічна выдадзеных дакументаў XVI ст. распавядаюць, як мінскія мяшчане адстойвалі свае правы на збор маставога мыта на рацэ Слепні (Крыніца: зборнік «Беларускi архiў». — Мн., 1930, т. III) Фрагмент рэканструяванай мапы Міншчыны паказвае найбуйнейшыя шляхецкія, духоўныя і дзяржаўныя ўладанні ў наваколлі тагачаснага Мінска напрыканцы XVI ст. (Крыніца: Памяць. Мiнскі раён. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1998)
Канфлікт атрымаўся настолькі зацятым і расцягнуўся на некалькі гадоў, што вялікі князь быў вымушаны ўмяшацца асабіста і паставіць сваім выракам кропку. Зазначым — не на карысць арыстакратыі: мяшчанам «шкоды не чыніць». Як бачым, не толькі Свіслач, але і яе прыток Слепня адыгрывалі значную ролю ў мясцовай эканоміцы.
Базыльяне, езуіты, Радзівілы і архірэй — уладальнікі сляпянскіх абшараў
Менавіта так: кляштар базыльян, Менскі калегіум езуітаў, князі Радзівілы і праваслаўны архірэй былі найбуйнешымі землеўласнікамі ў гэтай частцы будучага Мінска. За перыяд XVII–XVIII стст. сляпянская тапаграфія пачынае выразна падзяляцца: геаграфічна — на паўночна-ўсходнюю і паўднёвую групы, у маёмасным сэнсе — на шляхецкія і духоўныя ўладанні.
На паўночна-ўсходніх абшарах, прыблізна ад межаў прадмесця Залатая Горка і ўсцяж на поўнач, ад XVII стагоддзя землеўласнікамі былі Радзівілы, захаваўшы ў абазнаным рэгіёне першае месца фактычна да 1813 года, калі за ўдзел у напалеонаўскай кампаніі іхныя валоданні былі секвестраваныя расійскімі ўладамі. У ХІХ ст. і да канчатковага ўсталявання бальшавіцкай улады над краем галоўную ролю ў Сляпянцы адыгрывалі дзве галіны заможнага роду Ваньковічаў, якія пакінулі значны след у эканамічным, палітычным і культурным жыцці самога Мінска.
Наколькі Сляпянка была буйной, важнай і даходнай маёмасцю, сведчыць подпіс на мапе 1771/2 г. картографа Джавані Антоніа Рыцы-Дзаноні (Giovanni Antonio Bartolomeo Rizzi Zannoni), які выканаў серыю картаў Рэчы Паспалітай на замову дзяржаўнага дзеяча, гісторыка і мецэната Юзафа Аляксандра Ябланоўскага. На працягу XVIII ст. па першую палову ХІХ ст. уезд-выезд з горада ў бок Смаленска/Масквы для іншаземных вандроўнікаў і паслоў заставаўся пажаданым праз Барысаўскі тракт: на мапах можна пабачыць паштовыя станцыі з карчмамі Сляпянка і Юхнаўка (вёска існуе і зараз — у складзе Каладзішчанскага сельсавета). Злева на калажы — мапы найбольш буйных мясцовых уладальнікаў — князёў Жыжэмскіх, паноў Валадковічаў і Свянтарэцкіх, князёў Радзівілаў і роду Ваньковічаў
Лёс сляпянскіх уладанняў на поўдзень крута памяняўся двойчы, у XVIII і ХІХ стагоддзях. Спачатку ў Рэчы Паспалітай быў скасаваны ордэн езуітаў у 1773 г., а ягоныя валоданні распраданыя ў свецкія рукі — так з’явіліся ўладанні вядомых на Міншчыне Валадковічаў, Свентарэцкіх і тых жа Радзівілаў. Потым, па апошнім падзеле Рэчы Паспалітай у 1795 г., расійскія ўлады падпарадкавалі ўніяцкія цэрквы (таксама паступова і іх маёмасць) праваслаўнаму архірэю — так пачалі з’яўляцца назвы кшталту Архірэйская Слепня. Астатняя ўласнасць падрабілася на шляхецкія засценкі, фальваркі ды карчмы. Пасля паўстання 1863 года частка гэтай маёмасці трапіла або напрамую ў рукі расійскіх памешчыкаў, або ўскосна — у фінансавую ад іх залежнасць; расійскія ўлады, акром таго, дазвалялі іўдзейскім месцічам трымаць арэнадаю ад памешчыкаў корчмы.
Гэты калаж з фрагментаў расійскай мапы генеральнага межавання (паміж 1797 і 1800 гг.), спісу вуліц (1898 г.), плана горада (1910 г.) і чырвонаармейскай тапаграфічнай мапы РСЧА (1930-я гг.) ілюструе, як прамысловае развіццё горада (спачатку — прычыгуначныя прадмесці, а потым — будучыя раёны плошчы Ванеева, Велазавода, Трактарнага завода і Серабранкі) праглынулі старажытную тапаніміку.
З адкрыццём чыгуначнай Лібава-Роменскай лініі прылеглыя прадмесці і вёскі пачалі паступова злівацца з горадам.
Мясціны, што натхнялі на пейзажы бацьку кампазітара Станіслава Манюшкі
Часлаў Манюшка. (а) «Партрэт Зыгмунта (насамрэч — Эдварда, бацькі Зыгмунта) Ваньковіча». Папера, пяро, каля 1834(?) г.; (б) Сядзіба Ваньковічаў у Вялікай Сляпянцы. Папера, акварэль, к. 1830 г. Public Domain
Часлаў Манюшка, бацька знакамітага кампазітара, удзельнік вайны 1812 года на баку Напалеона, быў у сваяцкіх адносінах з родам Ваньковічаў праз сваю маці Еву, часта гасцяваў у сядзібах абедзвюх мінскіх галінаў Ваньковічаў — у Малой і Вялікай Сляпянках. Манюшка-старэйшы меў цёплыя сяброўскія стасункі з мастакамі Валенціем Ваньковічам і Янам Дамелем, і хаця не атрымаў добрай мастацкай адукацыі, упарта займаўся маляваннем — як вынік, дзякуючы яму сёння мы маем цэлы шэраг замалёвак не толькі побыту тагачаснай мінскай арыстакратыі, але і відарысаў самога Мінска. І, што больш важна ў нашым падарожжы: з ягоных замалёвак тушшу і акварэллю мы можам уявіць сабе, як выглядалі загарадныя сядзібы і асобныя пабудовы маёнткаў Ваньковічаў, а таксама — і іх ветлівыя гаспадары.
Якая буйная гаспадарка пастаўляла ў Мінск жывую рыбу?
Тры сыны Валенція Ваньковіча — Адам, Казімір і Ян — бралі актыўны ўдзел у паўстанні 1863–1864 гг., праз што былі пакараныя расійскімі ўладамі, а маёнтак Малая Сляпянка з 1863 і да 1917/19 гг. пераходзіў у рукі расійскіх памешчыкаў, адным з якіх быў П. Хітроў. Памяць пра першасных уладальнікаў пачала так хутка зацірацца, што раскапанае ўшыркі рэчышча непадалёк ад сядзібы атрымала назоў «возера Хітрова» — так яно і пазначана на міжваенных польскіх і савецкіх мапах. Міф пра дасягненні савецкай гаспадаркі ў першыя дзесяцігоддзі савецкай улады абапіраецца на «панскую» рупліва створаную спадчыну.
Былое панскае «возера Хітрова» і савецкая рыбаводчая гаспадарка ў Сляпянках
Паміж тагачаснымі саўгасамі Вялікая Сляпянка і Малая Сляпянка ў 1928–1930 гг. была арганізавана і запушчана Сляпянская рыбная гаспадарка Навукова-даследчага інстытута імя У. І. Леніна. Аднак задоўга да гэтай даты ў цячэнні Слепні-Сляпянкі самімі Ваньковічамі і наступнымі ўладальнікамі былі настаўлены 4 дамбы, каб павялічыць плошчу поймы і падвысіць ураджайнасць сена на сенажацях; тамсама была пракапана і гаспадарская сажалка (згаданае «возера Хітрова»), дзе разводзіўся карп.
Кожны год з савецкай Сляпянскай гаспадаркі ў Мінск паступала 2,5–4 т свежай рыбы.
Сядзіба для даследавання бульбы
У былым маёнтку Ваньковічаў Вялікая Сляпянка ў 1928 г. была адкрыта Цэнтральная бульбяная станцыя Навукова-даследчага інстытута імя У. І. Леніна агульнай плошчай 310 га. На ампірным будынку вялізнымі літарамі пазначана новае яго прызначэнне. Бульбяная станцыя спыніла сваю працу ў час вайны, а ў пасляваенны перыяд сядзіба выкарыстоўвалася ў розных іншых мэтах, нават як жыллё. У 1990-х і 2000-х гг. тут месціліся офісы, але сам будынак быў у вельмі занядбаным стане.
У калажы выкарыстаны здымкі з фотаальбома «Беларусь Савецкая» (1932), Aftanazy. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. Tom 1 (1991), з асабістага фотаархіву В. Дашэнкава
Сёння ў ім размешчаны элітны рэстаранны комплекс, часткова адноўлены інтэр’ер і вонкавыя элементы палаца. Але недарэчная мадэрновая паркоўка побач, і яшчэ горш — блізкае суседства тыповых шматпавярховікаў наводзяць на думку, што савецкая бульбяная станцыя насамрэч адсюль так і не з’ехала...
Чаму будоўля побач з Абсерваторыяй каторы раз заканчваецца правалам?
Мясцовыя старажылы раней казалі: як месца намоленае, то праз знішчэнне памяці аб продках зямля будзе выклятая.
Размова пойдзе пра зніклыя Сляпянскія могілкі былых вёсак Вялікая і Малая Сляпянка, што знаходзіліся побач з цяперашнімі дзяржаўнай абсерваторыяй і былым аўтавакзалам. Першы раз пра іх згадваецца ў XVII ст.
Ля падножжа ўзвышша, на якім сёння стаіць Гідраметэаралагічная станцыя, міжваеннымі мапамі адзначана праваслаўная царква (пошук зроблены пры дапамозе сэрвісу «Рухомая мапа Беларусі»)
Па даведнікавых выданнях ХІХ ст. вядома (а міжваенныя мапы гэта пацвярджаюць), што непадалёк ад сённяшняй трасы праспекта стаяла драўляная прымогілкавая царква Іаана Прадцечы, падпарадкаваная Кацярыненскаму сабору ў Мінску. Царква, па некаторых звестках, працавала да 1934 г. і была разбурана ў пачатку 1950-х гг. Таксама маецца інфармацыя, што да 1930 г. у той царкве служыў беларускі рэлігійны і грамадскі дзеяч Філарэт Раменскі, расстраляны ў 1937 годзе.
Царкоўныя выданні ХІХ ст., на жаль, не падаюць дакладнай інфармацыі аб выглядзе і памерах прымогілкавай царквы
Самі могілкі падчас будаўніцтва Маскоўскай шашы былі часткова знішчаны ўжо ў 1930-х гг. Пазней, на пачатку 1970-х гг., падчас пашырэння і добраўпарадкавання праспекта, яшчэ частка пахаванняў была знішчана. Пры гэтым частка пахаванняў перавезена па згодзе сваякоў у іншыя месцы, частка ліквідавана, пра што сведчаць і мясцовыя старажылы. У 2000-х гг. энтузіясты яшчэ фіксавалі паасобна захаваныя надмагільныя камяні, пліты і іхныя рэшткі.
Гучныя загалоўкі з «Савецкай Беларусі» і «Вечернего Минска» падчас афіцыйнага адкрыцця аўтавакзала
Спадзяемся, нашыя чытачы памятаюць аўтавакзал «Маскоўскі», які знаходзіўся на перакрыжаванні пр. Незалежнасці і вул. Філімонава, і ягоны нешчаслівы лёс. Праект вакзала быў падрыхтаваны яшчэ ў 1990 г., але праз фінансавыя праблемы будаўніцтва скончылася толькі ў 1999 г. У 2014 г. стала вядома пра рашэнне знесці аўтавакзал, на месцы якога планавалася пабудаваць новы комплекс расійскай кампаніі «Газпрам», а на скрыжаванні вуліцы Філімонава і праспекта Незалежнасці — транспартную развязку. Вакзал хуценька разабралі, новая транспартная развязка была зроблена, але праз складаныя адносіны беларускага ўрада з самім «Газпрамам» праект быў замарожаны і фактычна праваліўся.
Эпілог. Факты і паданні
Малая Сляпянка і Вялікая Слепня ўвашлі ў склад горада ў 1959 г., Вялікая Сляпянка — пасля 1980 г. Савецкая сістэма нівеліроўкі мясцовай тапаніміі і урбаніміі зрабіла сваю чорную справу: у пасляваенным, адноўленым і заселеным іншымі людзьмі Мінску пакручасты лёс Сляпянак быў добра забыты... Настолькі забыты, што засталіся толькі сівыя легенды аб іх, дзе перамяшаныя гістарычныя асобы і легендарныя падзеі...
«Калісьці гэтыя землі належалі памешчыку Сляпнёву (а хто ён і адкуль — невядома).
У яго не было сыноў, а толькі дзьве дачкі. Адну дачку ён аддаў за Хітрова, памешчыка з Расеі, і ў пасаг той атрымаў вёску Малая Сьляпянка. Другую дачку Сляпнёў ажаніў з Пятром Ваньковічам, і ў пасаг таму засталіся вёскі Зеляноўка (Зялёны Луг), Азярышча, Уручча, Слепня, Зарэчча (частка Сьлепні за ракой), Ліпкі і інш.» (З мясцовых паданняў, запісаных за Ганнай Кучмель (1910–2002)
Слаўная гісторыя Сляпянак так моцна забылася і перамяшалася, што і савецкая тапаграфічная карта 1980-х гг., і зацемка з «Вечернего Минска» (1995) памыляюцца на гістарычныя факты
Сёння няма вуліцы Сляпянскай (праходзіла на поўнач ад сучаснай вуліцы Гікала). Знікла і Малая Сляпянка (пакінуўшы хіба напамін у выглядзе назвы прыпынку «Сляпянка» на 1-м Запарожскім завулку). Памяць пра яе за савецкім часам настолькі зацёрлася, што ў сур’ёзных кнігах і даведніках сядзібай мастака Валенція Ваньковіча пачалі называць не Малую, а Вялікую Сляпянку. Больш за тое, нават гарадскую сядзібу Ваньковічаў на вул. Валоцкай (сённяшняя Інтэрнацыянальная) таксама пачалі прыпісваць да маёмасці мастака.
Як вынік: ганаровая дошка на аднайменнай вуліцы, у Вялікай Сляпянцы — месцы, дзе мастак ніколі не жыў, а таксама музей у сядзібе на Інтэрнацыянальнай, якой мастак ніколі не валодаў...
Ад вёскі Вялікая Слепня (яе месца заняў мікрараён з уніфікаванай савецкай назвай «Усход») застаўся напамін у выглядзе аднайменнай вуліцы, што цягнецца ўздоўж Севастопальскага парку і не мае аніводнага адрасу, а таксама перпендыкулярны ёй, такі ж на сёння безадрасны, 5-ты Сляпянскі завулак, што выглядае звычайнай пясчанай тропкай па дарозе да паркоўкі. І толькі велічны будынак сядзібы Ваньковічаў на беразе былой рэчкі Слепня ўпрыгожвае аднайменны жылы квартал Вялікая Сляпянка, за якім нейкім цудам захавалася гістарычная назва...
Змітро Пілецкі, budzma.org