25 і 26 сьнежня ў Горках, што ў 80 км ад Магілёва, адбыўся фэстываль «Рок-Каляды».
Фэст праводзiцца з 2001 году. Цягам сямi год зьмянялiся пляцоўкi, арганiзатары, але асноўная iдэя захавалася: па-за палiтыкай, па-за грашыма. За гэты час у фэсьце прынялi ўдзел гурты з усёй Беларусi – Vodar Susviet, Deviation, АШ, Глюкi, Акропаль, Каракулi, Гараж , Eihel Straat, Всё и ничего, Сьцяг, Рок-кi, Cord.
Смалявiцкi гурт «Акропаль» на сёлетнi фэст запрасiлi у якасьцi госьця разам з камандамi Zatoczka, «Забытый Город», «Калачиком рядом» і іншымі.
Як распавялі ўдзельнікі гурту, у цэлым, уражаньні ад фэсту ў іх станоўчыя: “Было прыемна выступаць на музычным фэсце ў якасьці гасцёў. Гэта другі наш прыезд у Горкі. У 2005 годзе мы ўжо прымалі ўдзел у “Рок-калядах”. Праўда, тады было іншае памяшканне. І паболей было, і пасалідней”. Адзінай непрыемнасцю музыкі называюць тэхнічныя непаладкі. Так пад час выступу “Акропаля” нечакана зьнікла электрычнасьць, з-за чаго прыйшлося спыніць выступ.
Але ж нягледзячы ні на якія перашкоды, хлапцы адыгралі сваю праграму. Былі выкананыя як старыя гіты, так і новыя нікому дагэтуль невядомыя кампазыцыі.
Гурт “Акропаль” заўважае, што заўжды прыемна вандраваць РАЗАМ з сябрамі па Беларусі і выступаць перад прыхільнікамі.
Гурт «Акропаль» з’явіўся ў 2001 годзе у горадзе Смалявічы, удзельнічаў у канцэртах у Жодзіна, Барысаве, Горках, Крэве, Полацку, Менску і ў Сягежы (Расія). Удзельнік музычных фэстаў: Рок-кола, Ноч Ваўкалака і Басовішча. На ліку ў музыкаў тры праграмы: «Фабрыка мяккіх цацак», «У двух кроках ад жыцця» і «Дзе вы згубілі мяне?». Паслухаць музыку гурта «Акропаль» можна тут – akropal.ucoz.net/load/