Кінакрытык Тарас Тарналіцкі піша пра тое, чаму варта звярнуць увагу на фільм Тані Гаўрыльчык «Моўныя партызаны».
Бурлівыя падзеі 2020 года вынеслі на беларускі бераг процьму цікавых гісторый, вартых увасаблення на вялікім экране. І гаворка не толькі пра яскравыя трансфармацыі палітычных актывістаў ці драматычныя выпрабаванні палітвязняў. Такіх стужак пра тую ж Святлану Ціханоўскую ці Кацярыну Андрэеву ўжо хапае. А вось нетыповых прыкладаў змагання якраз бракуе.
Вось як у абаронцаў беларускай мовы Аліны Нагорнай і Ігара Случака. Пра частку іх сумеснага жыццёвага шляху якраз і зняла свой кароткаметражны фільм «Моўныя партызаны» фатографка і дакументалістка Таня Гаўрыльчык, вядомая пераважна сваімі аператарскімі працамі («Смеласць» Аляксея Палуяна ці сумесны з журналісткай Аляксандрай Дынько рэжысёрскі дэбют «Гэта песенька завецца 328»).
Скрыншот з фільма "Моўныя партызаны"
У фільма «Моўныя партызаны» няпросты лёс — ён здымаўся насуперак абставінам, ва ўмовах складанасцяў і абмежаванняў, і па выніку толькі дзякуючы ўпартасці сваіх стваральнікаў дабраўся да экранаў. Хай і не фестывальных — стужку адразу выклалі на стрымінгу Vodblisk — на «Моўных партызанаў» варта звярнуць увагу хаця б таму, што гэта амаль што рэлікт шчырага кіно, якое здымалася ўнутры Беларусі. Ствараць такое ў сённяшніх палітычных умовах амаль немагчыма.
Назва стужкі красамоўна тлумачыць дзейнасць герояў. Аліна і Ігар не бралі актыўнага ўдзелу ў пратэстах, бо іх супраціў меў куды больш сістэмны і ўплывовы характар. З другой паловы 2010-х яны займаліся пашырэннем беларускай мовы ў публічнай прасторы, дапамагаючы беларусам, якія сутыкнуліся з дыскрымінацыяй па ўжыванні беларускай мовы, змагацца за свае правы: падтрымлівалі, рыхтавалі скаргі, займаліся асветай і даволі паспяхова патрабавалі ад кампаній змяшчаць беларускую мову на ўпакоўцы сваіх прадуктаў.
І тое было сапраўды важнай справай. Моўнае пытанне ў сучаснай Беларусі дагэтуль застаецца занадта палітызаваным. Сфармаваныя ў савецкай сістэме, дзе ўніверсальным сродкам камунікацыі была расейская, Аляксандр Лукашэнка і яго дзяржапарат адразу пасля прыходу да ўлады распачалі неаб’яўленую вайну з беларускай мовай. Яе вынікі нескладана заўважыць — нацыянальную мову немагчыма пачуць у паўсядзённасці. А спробы яе ўжывання ў публічнай прасторы ўспрымаюцца як сапраўдны выклік, прыроўнены да непадпарадкавання ўладзе.
Асветніцкая дзейнасць па яе пашырэнні, магчымая ў 2010-х, пасля 2020 года праз ціск і рэпрэсіі ў дачыненні да не лаяльных рэжыму людзей стала небяспечнай справай.
На маладую сям’ю моўных актывістаў улады распачалі сапраўднае паляванне. Але замест таго, каб з’ехаць з краіны, Ігар і Аліна прынялі рашэнне застацца. І за два наступныя гады ў паўпадпольных умовах паспелі напісаць кнігу «Мова 404» і нарадзіць двух сыноў.
Падчас гэтага выпрабавання іх і застае аўтарка. Назіраючы спачатку ў Беларусі, а затым, пасля эвакуацыі, у Літве за складаным лёсам людзей, якіх дзяржава (і яна ж улада) хоча бачыць выключна за кратамі.
Наведванне Ігарам сваёй хаты ў прыцемках, доўгія пераезды з месца на месца пад вячэрнім сонцам. «Моўныя партызаны» цалкам маглі б стаць палітычным трылерам пра нераўнапраўную барацьбу маленькага чалавека і ўплывовай аўтарытарнай сістэмы. Але пафас і рамантызацыя змагання — не той фокус, які абірае Гаўрыльчык.
Абазначыўшы вастрыню моўнага пытання для краіны, фільм з грамадска-палітычнага пераходзіць на ўзровень прыватных стасункаў. Камера назірае, як паступова розная матывацыя і несупадальнае разуменне небяспекі для сям’і з чатырох чалавек, два з якіх малыя дзеці, расколваюць яе знутры. Гэтаму разлому, праўда, не хапае псіхалагічнай глыбіні і ўсвядомленасці, магчыма, таму што стужка здымалася ў няпростых умовах.
Дадатковае вымярэнне выгадна вылучае фільм ад эпізоду «Кніга «Мова 404» ютуб-праекта «Артэфакты» шоу-ранера Максіма Шведа. Там тая ж самая гісторыя актывісцкага партызанства паказана лінейна і даволі павярхоўна, як звычайны телерэпартаж, які проста пераказвае выпрабаванні герояў. У «Моўных партызанах» дыстанцыя для рэфлексіі ўсё ж прысутнічае.
І грае на драматургію, балазе антаганізм герояў ярка праступае ў другой частцы фільма, калі яны нарэшце апынаюцца ў бяспецы ў Літве. Тут разрыў паступова выліваецца ў медыйныя скандалы, хатні гвалт і судовую забарону для Ігара набліжацца да былой жонкі. Большасць акалічнасцяў сямейнай драмы застаюцца за кадрам, а ў фільме мы бачым толькі расстанне былых сужэнцаў і паплечнікаў у сумеснай барацьбе.
Грамадскі канфлікт становіцца адлюстраваннем канфлікту сямейнага. Таму «Моўныя партызаны» — гэта гісторыя не столькі пра стаўленне антынацыянальнай улады да беларускай мовы, колькі пра тое, як упартае, у нечым фанатычнае змаганне не можа спалучацца з традыцыйнымі сямейнымі адносінамі, у любым выпадку патрабуючы сваіх ахвяраў. І набліжаючы яе носьбітаў да самаразбурэння. А там — і да новага этапу ў жыцці.
Паглядзець стужку «Моўныя партызаны» можна ў анлайн-кінатэатры Vodblisk.
Тарас Тарналіцкі, Budzma.org