«41 верш з максімальным захаваннем мовы арыгіналу». Чаму зборнік Ларысы Геніюш гучыць надзвычай сучасна для беларусаў праз 80 гадоў

У выдавецтве Skaryna Press выйшаў зборнік «Spiritus flat ubi vult. Вершы 1945–1947», рукапіс якога Ларыса Геніюш стварыла ў Празе 81 год таму, незадоўга да арышту і прымусовага вывазу ў СССР у 1948-м. Пасля гэтага, амаль чатыры дзесяцігоддзі месцазнаходжанне зборніка заставалася невядомым. У інтэрв’ю парталу «Будзьма беларусамі!» даследчыца творчасці Геніюш, гісторык Таццяна Астроўская распавядае пра гісторыю кнігі, складанасці выдання і актуальнасць зборніка для сённяшніх беларусаў.

Tacciana Astroŭskaja
Таццяна Астроўская. Фота: Tatsiana Vlasenka (гераіняй публікацыі)

Пасля прымусовага вяртання з Чэхаславаччыны ў Савецкі саюз у 1948 годзе Ларыса Геніюш была асуджана і адпраўлена ў ГУЛАГ.

Напрыканцы 80-х рукапіс славутай беларускай паэткі трапляе ў Лондан. Толькі ў 1992 годзе там выходзіць першае машынапіснае, памножанае на ксераксе выданне зборніка, падрыхтаванае брытанскім беларусістам-літаратуразнаўцам Арнольдам Макмілінам з дапамогай айца Аляксандра Надсана, кіраўніка Скарынаўскай бібліятэкі.

«Знайсці невядомы дагэтуль рукапіс — падзея заўсёды шчаслівая й важная, асабліва, калі тычыцца буйнога пісьменніка, чый даробак часткова нявыяўлены з нагоды акалічнасцей жыццёвых ці гістарычных», — напісаў тады Макмілін.

Новая кніга, якая выйшла ў траўні 2026-га, спосабам друку ды ілюстрацыямі імітуе рукапіс, які Ларыса Геніюш сабрала разам і перапляла, распачаўшы беларускую гісторыю «самвыдавецтва».

«Будзьма» паразмаўляла з даследчыцай беларускага дысідэнцтва, доктаркай гістарычных навук Таццянай Астроўскай, якая напісала ўступны артыкул да зборніка. Яна кажа, што ўнікальнасць выдання ёсць не толькі ў спосабе друку ды максімальнай аўтэнтычнасці рукапісу.

Zbornik Larysy Hienijuš «Spiritus flat ubi vult. Vieršy 1945–1947»
Зборнік Ларысы Геніюш «Spiritus flat ubi vult. Вершы 1945–1947», выдадзены ў 2026 г.

— Мне падаецца, гэта вельмі правільнае слова ў вашым пытанні — у чым унікальнасць гэтага выдання. Якраз такое слова, якое трапна апісвае і сам арыгінал, і кнігу, якая ўжо выйшла ў траўні ў Skaryna Press.

Зборнік існаваў у адзіным экземпляры, аніякіх чарнавых копій ці іншых нам невядома. Як я пішу ў сваёй прадмове, гэта рукатворнае і рукапіснае выданне — Ларыса Геніюш сабрала разам і перапляла рукапіс, такім чынам распачаўшы беларускую пасляваенную гісторыю «самвыдаву».

Не менш унікальны і кантэкст, у якім паэтка стварае гэтую кнігу. Гэта час, калі сканчаецца Другая сусветная вайна. Здавалася б, вельмі такі аптымістычны момант, але Ларыса Геніюш разумее, што наступае савецкая ўлада па новых тэрыторыях, што Іосіф Сталін мае экспансіянісцкія планы на краіны Цэнтральнай Еўропы. І што ўсё гэта нейкім чынам можа таксама паўплываць на сям’ю Геніюшаў, зразумела, яе прадчуванні не надта пазітыўныя.

— Вайна ўжо прынесла шмат стратаў яе сям’і…

— Так, але яна пра многае яшчэ не ведае, калі піша гэтую кнігу. Канешне, вайна для яе вялікай сям’і мела вельмі трагічныя наступствы, бо калі Чырвоная Армія ўвайшла 17 верасня 1939-га ў Заходнюю Беларусь, то бацьку яе арыштавалі і пасля забілі ў Гродне. Яе маці і сясцёр выслалі ў Казахстан, маці там і загінула. Яе браты аказаліся на фронце, двое з трох братоў загінулі падчас вайны.

І гэта ўсё і ёсць кантэкст кнігі. З аднаго боку, вось гэта прадчуванне чагосьці новага трагічнага, што набліжаецца, з іншага боку, толькі скончаная вайна з яе усімі згубамі і стратамі.

І ў той жа час, гэтая кніга вельмі, як мне падаецца, мусіць адгукацца сучаснаму беларускаму чытачу — Ларыса Геніюш у ёй вельмі шмат разважае пра досвед эміграцыі, адзін з цэнтральных матываў яе паэзіі таго часу – гэта туга па Радзіме і немагчымасць вярнуцца.

Staronki zbornika Larysy Hienijuš «Spiritus flat ubi vult. Vieršy 1945–1947»
Старонкі зборніка Ларысы Геніюш «Spiritus flat ubi vult. Вершы 1945–1947», выдадзенага ў 2026 г.

— Сапраўды, актуальна для дзясяткаў тысяч беларусаў сёння.

— Безумоўна. І Геніюш піша штодзень пра тое, як гэты досвед ёй адчуваецца. Яна ж пакуль не ведае, што будзе далей, што яе хутка вывезуць у СССР. І ёсць вось гэта адчуванне, што яна не можа вярнуцца на тую Радзіму, якую яна пакінула ў 1936 годзе. Зразумела, што ў любым выпадку яна ніколі не змагла б вярнуцца туды, бо гэта ўжо была зусім не тая краіна, канешне, у якую яна вярнулася пасля лагераў.

Для Ларысы Геніюш пісьмо заўсёды было спосабам, па-першае, перажыць траўматычны досвед. Паэзія для яе адначасова і тэрапеўтычная праца —зразумець, што з ёй адбываецца, выказаць свае пачуцці.

І вось яна стварае гэтую кнігу якраз перад тым, як яе прымусова вывезуць у Савецкі Саюз, і стварае яе літаральна рукамі (таму і рукапісная, і рукатворная кніга), і хавае яе на доўгія гады.

Staronki zbornika Larysy Hienijuš «Spiritus flat ubi vult. Vieršy 1945–1947»
Старонкі зборніка Ларысы Геніюш «Spiritus flat ubi vult. Вершы 1945–1947», выдадзенага ў 2026 г.

— Як знайшоўся рукапіс?

— Толькі праз 41 год — у 1988-м — у Лонданскай (Скарынаўскай) бібліятэцы. Тады з рукапісам працуюць айцец Аляксандр Надсан і знаны даследчык, прафесар славістыкі Арнольд Макмілін. Яны ствараюць першае, «хуткае», выданне гэтага зборніка. Гэта фактычна ізноў жа самвыдаў — бо простая папера, простае выданне на простай тэхніцы. І там было дастаткова шмат розных недакладнасцяў, таму што цяжка было расчытаць почырк, не было часу на гэта і не было экспертызы.

А выданне, якое мы прадстаўляем, унікальнае і ў тым сэнсе, што яно максімальна дакладнае, то бок мы, наколькі магчыма, намагаліся перадаць і матэрыяльнасць гэтага зборніка, то бок там ёсць усе адбіткі старонак рукапісу Геніюш, друкаваная кніга такая ж крохкая і сціплая, як і рукапіс, і мы максімальна аўтэнтычна спрабавалі перадаць спецыфіку яе мовы.


Staronki zbornika Larysy Hienijuš «Spiritus flat ubi vult. Vieršy 1945–1947»
Старонкі зборніка Ларысы Геніюш «Spiritus flat ubi vult. Вершы 1945–1947», выдадзенага ў 2026 г.

— У чым спецыфіка?

— Як вядома, мова ў Геніюш вельмі арыгінальная, яна ніколі ў стандартным сэнсе не вучылася беларускай мове (Геніюш вучылася па-польску ў Ваўкавыскай гімназіі), мова ў яе натуральная, яна сапраўды паходзіць з яе асяроддзя, з сям’і, але таксама і з літаратуры, канешне. Яна мае спецыфіку гарадзенскіх гаворак, і, канешне, яна вельмі мілагучная. І гэта арганічная частка яе паэзіі — гэтая спецыфіка мовы.

Мы сапраўды вельмі доўга думалі, якім чынам гэта захаваць, мне падаецца, што гэта ўдалося. Хаця было няпроста, пачалі працу ў 2023-м і думалі, што ўсё будзе больш лёгка і хутка. Ды і сам правапіс рукапісу адметны — гэта варыянт тарашкевіцы, які нельга звесці ні да адной з вядомых кадыфікацый.

Можна сказаць, 41 верш зборніка ўпершыню публікуецца з максімальным захаваннем мовы арыгіналу.

Таму і ажно тры ўступныя артыкулы, якія раскрываюць кантэкст, гісторыю, значэнне і мову зборніка.

Як даследчыца беларускага гісторыка-культурнага супраціву, гісторыі беларускага самвыдаву і непадцэнзурнай літаратуры, я, канешне, таксама лічу, што гэта выданне адметнае, бо яно па сутнасці адкрывае (як адна з першых пасляваенных самавыдавецкіх кніжак) доўгую гісторыю і шырэйшую — ад прывычнай і вядомай нам — гістарычную перспектыву беларускага самавыдаву і тамвыдаву. А таксама гісторыю беларускага культурнага супраціву ў агульным еўрапейскім і глабальным кантэксце.

Гэтая кніга ўзнікае ў Чэхаславакіі. Дарэчы, у той самы час у гэтай краіне таксама ўзнікаюць першыя непадцэнзурныя выдавецтвы, такія як Edice Půlnoce, створанае Эганам Бонды і Івай Водседзялекам (1951). І пасля працяглага часу рукапіс з’яўляецца ў Лондане, кніжка выдаецца ў Лондане, перапраўляецца ў Беларусь, канешне, чытаецца тут, а цяпер ізноў выдаецца ў Лондане. Такая вось транснацыянальная гісторыя.

Зараз у акадэмічных даследаваннях мы бачым уздым цікавасці да гісторыі супраціву ў часы позняга сацыялізму. Таму мне падаецца, што гэтая кніжка ёсць таксама вельмі істотным крокам у пазіцыянаванні беларускай гісторыі па-за межамі Беларусі і беларускіх даследаванняў. Таму і прадмовы да кнігі мы таксама зрабілі на ангельскай.

— А як усё ж патрапіў рукапіс кнігі Геніюш у Лондан? Не надта вядомая гісторыя, як разумею?

— Так, не надта. Выданне мы рабілі таксама ў кааперацыі з Міхасём Геніюшам, унукам Ларысы Геніюш. Паводле Міхася, кніжку прывёз у лонданскую бібліятэку ягоны бацька Юрка Геніюш, сын Ларысы. Дакладна вядома, што ён наведваў Бібліятэку ў 1980 годзе. Тады ж ён прывёз турэмную робу паэткі, яна там захоўваецца як адзін з вельмі важных экспанатаў. На жаль, у нас дакументальных звестак пра тое, што тады ж Юрка прывёз і рукапіс, няма.


Lahiernaja roba Hieniju
Лагерная роба Геніюш, перададзеная яе сынам Юркам, захоўваецца ў Беларускай бібліятэцы імя Францыска Скарыны ў Лондане

Арнольд Макмілін жа піша ў сваёй прадмове, што кніжка патрапіла ў бібліятэку ў 1988 годзе, а гэта ўжо як тры гады пасля смерці Юркі Геніюша. Таму гэтая гісторыя яшчэ чакае свайго раскрыцця.

— Назва зборніка — у першым выданні, тым «хуткім», яе ж не было?

— Гэта яшчэ адзін цікавы і істотны момант. У першым выданні 1992 года «Spiritus flat ubi vult» (цытата з Евангелля ад Яна, «Дух вее, дзе хоча») была счытаная як эпіграф. Бо, як кажа наша рэдактарка, гэта вельмі рэдкая сітуацыя, калі лацінскі выраз выкарыстоўваецца як назва беларускай кнігі.

Але для хрысціянскага светапогляду Геніюш гэта вельмі арганічна, цытата вельмі пасуе таму, чаго яна трымалася ўсё жыццё. Мы прыйшлі да высновы, што гэта ўсё ж назва. Яна вельмі моцна і добра адпавядае зместу кнігі — пра дух, які не мае межаў. Ларыса Геніюш магла думаць пра Радзіму, вяртацца ў сваіх думках туды і ніхто не мог ёй гэта забараніць.


Tacciana Astroŭskaja
Таццяна Астроўская. Фота з асабістага архіву гераіні

— У прадмове вы пішыце пра «аўтаномнае сталенне Ларысы Геніюш», бо яна была па-за пэўнымі ідэалагічнымі, мастацкімі асяродкамі. Да таго ж, не было і беларускай адукацыі, літаратурнай адукацыі. І яна дакладна адчуваецца іншай у шэрагу беларускіх творцаў тых гадоў. Столькі невядомага шырокаму колу пра, здаецца, знакавую постаць беларушчыны.

— Так, абсалютна. У нас ёсць такое адчуванне, што мы нібыта добра ведаем Ларысу Геніюш, бо імя яе ну ўсе, здаецца, ведаюць. А я сутыкнулася з тым, што часам распавядаю пра рэчы, якія насамрэч нікому не вядомыя і якія выклікаюць здзіўленне і захапленне. Насамрэч яшчэ шмат чаго ў самой гісторыі Геніюш ёсць, на што мы не прывыклі звяртаць увагу.

Але колькі яшчэ важнага ў яе інтэлектуальнай спадчыне!

Сапраўды, адна з задач гэтай кніжкі і маёй працы, як я яе бачу, гэта не толькі зрабіць яе даступнай для беларускага чытача, а яшчэ і ўмантаваць у кантэкст глабальных акадэмічных ведаў.

Таму што, напрыклад, успаміны пра ГУЛАГ — гэта вельмі важная частка, да якой даследчыкі ўвесь час працягваюць вяртацца: што такое досвед ГУЛАГу? І кніжка Геніюш на гэтым акадэмічным глабальным узроўні амаль не вядомая. Таму вельмі важна, што мы для кнігі пераклалі прадмовы і на ангельскую, бо гэта прадстаўляе Геніюш як значную фігуру менавіта еўрапейскай і глабальнай гісторыі супраціву. Але сапраўды, у беларускім культурным полі яна прысутнічае як культавая фігура, але гэта не значыць, што ў яе гісторыі няма месца для адкрыццяў.

— Здаецца, гэта змрочнае лагернае мінулае засталося дзесьці там, але сёння бачым, што яно зусім не такое ўжо і мінулае.

— На жаль. Але што яшчэ ў гэтым кантэксце заўважу пра Геніюш. У грамадстве і тады, і можа быць, зараз часта быў такі штамп: «невінаватых не бывае», «пасадзілі, значыць, было за што», «проста так ніхто не пасадзіць» і г.д. Быццам бы людзі і ведаюць, што гэта была рэпрэсіўная машына, якая проста ўсіх падмінала пад сябе, але з іншага боку — «можа быць, нейкая правіна была». А вось у Геніюш гэтага пачуцця нейкай вінаватасці абсалютна няма.

У Геніюш настолькі моцная чалавечая годнасць і адчуванне сваёй абсалютнай невінаватасці і праўды, якую яна адстойвала — гэта выдатны прыклад, як мне падаецца, для сённяшніх беларусаў.

Годнасць і шляхетнасць ідуць ад яе вершаў. З аднаго боку, ёсць трагічнасць, з другога, адчуваеш увесь час надзею ў яе радках, нібыта яна прамаўляе: «Нягледзячы на ўсё тое, што са мной адбываецца, у мяне ўвесь час ёсць гэтае святло, гэтая надзея, якой я трымаюся, і я ўсё роўна буду стаяць і заставацца сабой». Пачуццё годнасці ў гэтых вершах неверагоднае.

Кніга Ларысы Геніюш «Spiritus flat ubi vult. Вершы 1945–1947» выйшла накладам 500 асобнікаў, яе можна замовіць на сайце выдавецтва Skaryna Press. Укладальнік кнігі — Ігар Іваноў.

Рыгор Сапежынскі, budzma.org