Смажонка з бульбай «пад дзіч». Гатуем разам з Будзьма

Сытны абед ці вячэра або пачастунак нават на святочны стол — гэтым разам гатуем з «Будзьма» смажонку з бульбай і мясам «пад дзіч». Гэты рэцэпт не зойме шмат часу, а прадукты для стравы можна нядорага набыць у бліжэйшай краме.



Страва з нямецкімі каранямі

Смажонка мае нямецкія карані, на нашыя землі патрапіла страва ў сярэдзіне XVII стагоддзя, але гатавалася без бульбы і не была падобная на сённяшні вядомы нам варыянт стравы. Ёсць меркаванне, што смажонка — гэта трансарфаманы «Sauerbraten» — традыцыйная нямецкая калядная страва з мяса, вытрыманага ў вытанчаным марынадзе і прыгатаванага на агні. Рускае «жаркое» таксама мае шмат агульнага са смажонкай, але і адрозніваецца — яго тушаць.
Раней смажонка была стравай шляхты, якая адразу пасля палявання ўжывала сваю здабычу. З бульбай пачалі гатаваць смажонку толькі ў другой палове ХІХ стагоддзя. Тады страва змянілася, але ад гэтага стала толькі смачней. Страву пачалі гатаваць з бульбай дзеля ашчаджэння мяса і дзеля павелічэння аб’ёму стравы, каб хапіла на вялікую сям’ю. 

Як гатаваць смажонку?

Каб прыгатаваць смажонку, трэба добрае мяса. Лепш за ўсё браць свініну, але можна замяніць на мяса дзіка, калі ёсць да яго доступ. 

Каб мяса было мяккім і смачным, яго трэба патрымаць 4 гадзіны ў марынаднай заліўцы. Для такой заліўкі спатрэбіцца паўлітра вады, туды дадаць лаўрушку, гваздзіку, каляндру і кмен, перац, давесці да кіпення і даць астыгнуць.

Мяса варта нарэзаць кавалкамі, заліць марынадам і даць яму час увабраць у сябе смак марынаду. Пасля гэтага свініна будзе крыху нагадваць па смаку мяса дзіка.

Другі складнік стравы — бульба, яе трэба парэзаць на долькі і абсмажыць да залацістай корачкі, пасаліць па смаку ў час жаркі. Мяса таксама абсмажыць. 

Пакуль смажацца бульба і мяса, варта замарынаваць цыбулю. Лепш выкарыстоўваць чырвоную, яна будзе своеасаблівым топінгам для стравы. Цыбулю парэзаць тонка, заліць вадой, дадаць крыху воцату, солі і цукру, добра вымешаць, каб цыбуля «аддала» ў ваду ўсю горыч і церпкасць. Паўгадзіны дастаткова, каб цыбуля добра прамарынавалася.
Далей бярэм гаршчочак, туды кладзем кавалак масла, яно дасць страве крыху сметанковы смак і не дазволіць прыгарэць. Дадаем у гаршчочак бульбу і мяса, ставім яго ў духавую шафу ці печ на 40 хвілін. Тэмпература мусіць быць прыкладна 180 градусаў.

Пакуль гатуецца смажонка, трэба зрабіць смятанна-часночны соус. Нацерці ці дробна парэзаць часнок, дадаць лыжку смятаны, крыху перцу, трошкі вады, каб соўс быў вадкі і ім было зручна паліваць страву. Часнок і колькасць перцу — па індывідуальнаму смаку. Соус трэба добра вымешаць. Пакуль страва гатуецца, то нашая паліўка настаіцца і будзе мець яскравы часночна-смятанны смак. Смажонку падаюць з салёным агурком, нарэзаным круглымі кавалачкамі. 

Дастаць смажонку з духоўкі ці печы, даць крыху астыць і падаваць на талерцы. Можна падаваць і ў гаршчочку, але перамешваць яе будзе не надта зручна. На гатовую страву пакласці агурок і пасыпаць марынаваную цыбулю, а потым паліць поліўкай. Хоць на спатканне пасля такога абеда ці вячэры ісці не рэкамендуецца, але есці вам будзе такую страву дакладна смачна!

На адну порцыю спатрэбіцца:

Мяса — 200 грамаў
Бульба — 200 грамаў
Цыбуля — 50 грамаў
Масла — 30 грамаў
Алей — 20 грамаў
Вада — 600 мілілітраў
Тры лаўровыя лісты
Перац — 10 гарошын
Каляндра — 10 гарошын
Два цвічкі гваздзікі
Шчопаць кмену
Адзін салёны агурок
Лыжка воцату
Шчопаць цукру
Лыжка смятаны
Зубок часнаку
Соль і пераць па смаку

АМ, Budzma.org