Смяротнае пакаранне: за паўкроку да адмены?

З тыдзень таму ў інтэрнэт пралезла інфармацыя, якая ў іншы час выглядала б сенсацыяй. Але ў наш час гэтай сенсацыі амаль ніхто не заўважыў — інтэрнэт-сайты збольшага адсправаздачыліся дзяжурнымі паведамленнямі. І дзеля гэтых дзяжурных паведамленняў мы два дзесяцігоддзі ламалі дзіды, біліся аб сцяну ілбамі, спрабавалі зламаць свядомасць нязломных народных абраннікаў. А скончылася ўсё дзяжурнай навіной.

Навіна гэтая пра тое, што Беларусь урэшце за паўкроку ад адмены смяротнага пакарання.

А так можна было?

Падаецца, такая навіна мусіла б узрушыць увесь свет. Бо нашая краіна — адзіная ў Еўропе і на постсавецкай прасторы, якая не толькі захоўвала гэты від пакарання, але і прымяняла яго. Уявіце сабе — апошняя на краіна ў Еўропе, што адмяняе смяротнае пакаранне!

Доўгія часы Захад настойліва раіў нам гэта зрабіць. Менавіта наяўнасць смяротнага пакарання была перашкодай для ўступлення Беларусі ў Савет Еўропы. Беларускія ж улады пастаянна спасылаліся на рэферэндум 1996 года, калі, маўляў, «народ прагаласаваў» за захаванне dead penalty. І нібыта нічога з гэтым не зробіш: воля народа — «святая карова» айчынных чыноўнікаў.

Усе думалі, як жа можна абысці гэтую «волю народа». Праваабаронцы праелі апошнюю плеш, сцвярджаючы, што можна ўвесці хаця б мараторый на выкананне гэтага пакарання ўказам кіраўніка дзяржавы, і на гэта патрэбная толькі палітычная воля.

Аднак, як высветлілася, усё вырашаецца проста. Не трэба зменаў у Канстытуцыю, дзе сказана, што Сінявокая імкнецца да адмены смяротнага пакарання. Не трэба ніякіх спецыяльных указаў і мараторыяў. Сутнасць сённяшняга варыянту адмены смяротнага пакарання прыгожая і элегантная. Прапануецца проста ўнесці змены ў Крымінальны і Крымінальна-выканаўчы кодэксы, прыбраўшы з іх «выключную меру пакарання» як від пакарання ўвогуле.

І гэта геніяльна. Нібыта і Канстытуцыя не мяняецца, і кіраўнік дзяржавы ні пры чым, а смяротнае пакаранне проста знікае як факт. Яго нельга прымяніць, бо яго працэдура ўжо нідзе не прапісаная.

Відавочна, за такое элегантнае рашэнне яго вынаходнікаў трэба расцалаваць, а тым з іх, хто не мае адпаведнага статусу, неадкладна надаць званне «заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь». Сапраўды, так абысці складаную праблему — гэта трэба мець не галаву, а Дом Саветаў. Тым больш калі гэтая праблема не вырашалася дзесяцігоддзямі.

Узнікае толькі адно пытанне — чаму цяпер?

Замірымся з Еўропай?

Зразумела, што пасля жніўня-2020 нашыя адносіны з цывілізаваным светам сапсаваліся да крытычнага ўзроўню. А Захад — гэта не толькі санкцыі, гэта і крыніца грошай, гэта беларускія еўрабонды, гэта інвестыцыі і тэхналогіі. Варта зазначыць, што ўсе больш-менш інвестыцыйныя паспяховыя праекты, якія існуюць у Беларусі — еўрапейскія, пачынаючы з завода па выпуску электрычак «Штадлер» і заканчваючы мабільным аператарам А1.

Таму, каб паспрабаваць замірыцца з Захадам, трэба прадаць яму «што-небудзь непатрэбнае». І крок па фактычнай адмене смяротнага пакарання як прыклад «дэмакратызацыі» краіны — вельмі моцны.

Аднак у сённяшняй сітуацыі гэта наўрад ці пракоціць. Таму што адмяніць смяротнае пакаранне ў дэ-факта паліцэйскай дзяржаве, у якую ператварылася Беларусь… Рэакцыя Захаду будзе, хутчэй за ўсё, такая ж, як і рэакцыя мясцовай прэсы: дзяжурнае «ўхваленне» з чарговым выказваннем «глыбокай занепакоенасці» наконт агульнай сітуацыі ў краіне. Бо на вырашэнне палітычнага крызісу ў Сінявокай адмена смяротнага пакарання не ўплывае, як і не ўплывае на спыненне практыкі адвольных затрыманняў, катаванняў, і на рост колькасці палітычных зняволеных.

Сапраўды, фактычная адмена смяротнага пакарання магла б быць моцным крокам — у іншых умовах. Цяпер на такую «замануху» Захад наўрад ці купіцца.

А вось на што сур’ёзна ўплывае фактычная адмена смяротнага пакарання — дык гэта на лёс чыноўнікаў у агляднай будучыні. У тым ліку на лёс тых парламентарыяў, якія вельмі элегантна знайшлі вырашэнне невырашальнай, падавалася б, дылемы. Што зробіш, адчайныя часы патрабуюць не менш адчайных рашэнняў!

Пазбегнуць адказнасці

Пасля падзей 9–12 жніўня, ужывання зброі супраць мірных пратэстоўцаў, катаванняў і гвалту, многія з грамадзян краіны ўспомнілі артыкул 128 Крымінальнага кодэкса Беларусі «Злачынствы супраць бяспекі чалавецтва». Якраз пад гэты артыкул падпадаюць дзеянні сілавых структур краіны агулам і АМАПа ў прыватнасці — незаконнае ўтрыманне ў зняволенні, катаванні альбо акты жорсткасці, што здзяйсняюцца ў сувязі з палітычнай прыналежнасцю, дэпартацыя — усе гэтыя дзеянні цягнуць за сабою пакаранне аж да смяротнага.

Але гэты артыкул можна ўжыць толькі да сілавікоў, што непасрэдна здзяйснялі злачынствы. Між тым у беларускім Крымінальным кодэксе багата іншых прыгожых артыкулаў. Напрыклад, артыкул 357 — «Змова альбо іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады». Частка 2 гэтага артыкула прадугледжвае адказнасць за «захоп альбо ўтрыманне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам», а частка 3 кажа, што такія дзеянні, калі яны пацягнулі за сабою гібель людзей, караюцца смяротнай карай альбо пажыццёвым зняволеннем.

Розныя людзі па-рознаму ацэньваюць моманты, калі Лукашэнка неканстытуцыйна захапіў уладу. Былы дэпутат і паплечнік Зянона Пазняка Сяргей Навумчык лічыць што гэта адбылося 12 красавіка 1995 года, калі спецслужбы Лукашэнкі збілі дэпутатаў парламента, што галадавалі ў будынку Вярхоўнага Савета перад самым першым рэферэндумам. Такім чынам, лічыць Навумчык, Лукашэнка прымусіў іншых дэпутатаў прызначыць рэферэндум, адным з пытанняў якога было права прэзідэнта распускаць парламент. Гэтым «правам» ён і матываваў пазней роспуск Вярхоўнага Савета 13 склікання і канстытуцыйны пераварот 1996 года.

Але, пры ўсёй павазе да Навумчыка, такая трактоўка невідавочная.

Іншыя, як, напрыклад, доктар юрыдычных навук Міхаіл Пастухоў, лічаць, што Лукашэнка незаконна захапіў уладу ў лістападзе 1996-га. Тагачасны кіраўнік Цэнтрвыбаркама Віктар Ганчар, потым зніклы без звестак, адмовіўся падпісваць вынікі блізкага рэферэндуму. Тады байцы службы аховы Лукашэнкі проста выкінулі Ганчара з яго пакоя, а Лукашэнка прызначыў на яго месца Лідзію Ярмошыну — хаця права прызначаць старшыню Цэнтрвыбаркама на той момант меў толькі парламент, Вярхоўны Савет.

Так, гэтыя дзеянні суправаджаліся гвалтам, і не толькі ў дачыненні да Ганчара. У будынак ЦВК «красаўцы» са службы аховы Лукашэнкі не пусцілі спікера Вярхоўнага Савета Сямёна Шарэцкага і генпракурора Васіля Капітана. Але хоць гэта і суправаджалася фізічным уздзеяннем і можа лічыцца гвалтам, яно не суправаджалася гібеллю людзей.

Цяперашняя сітуацыя — відавочная. Яна адназначна можа трактавацца як захоп дзяржаўнай улады з выкарыстаннем арганізаваных сілавых структур, што пацягнулі за сабою гібель людзей: таго ж Тарайкоўскага, які, па словах старшыні КДБ, «з выклікам стаяў» перад АМАПам.

І цяпер усе асобы, датычныя да кіравання альбо прыняцця рашэнняў (дэпутаты парламента, напрыклад) могуць лічыцца саўдзельнікамі злачынства. Прычым злачынства, здзейсненага арганізаванай групай ці нават злачыннай арганізацыяй. Прычым, згодна з артыкулам 16 таго ж нашага КК, саўдзельнікі злачынства нясуць павышаную адказнасць, калі злачынства здзейсненае групай асобаў, альбо арганізаванай групай, альбо злачыннай арганізацыяй.

А ўжо калі Святлана Ціханоўская здзейсніць свае планы і наш АМАП і ГУБАЗіК абвесцяць тэрарыстычнымі арганізацыямі на міжнародным узроўні…

Па фактах гвалту над цывільным насельніцтвам, ужывання агнястрэльнай зброі і гібелі людзей парламентарыі нават не здолелі правесці парламенцкія слуханні. А значыць, не толькі маўкліва ўхвалілі злачынствы (саўдзел), але і — правільна, яшчэ адзін прыгожы артыкул КК, №425, «Бяздзейнасць службовай асобы».

Пра што гаворка?

Тое, што пытанне адмены смяротнага пакарання ўзнікла ў павестцы дня парламента, вельмі паказальна. Гэта азначае, што «на самым версе», на другой-трэцяй прыступцы ўлады, не сумняваюцца: час Лукашэнкі скончыўся. Трэба рыхтаваць «запасныя аэрадромы» — у тым ліку для сябе любімых. Там таксама ўсведамляюць, што былі здзейсненыя злачынствы, прычым злачынствы сур’ёзныя, якія цягнуць за сабою пакаранне аж да смерці.

«Народныя абраннікі», напэўна, чыталі Біблію, у прыватнасці кнігу Эклезіяста: «І сабаку жывому лепей, чым мёртваму льву». І цяпер спрабуюць хаця б крышачку «падаслаць саломкі» на тое месца, куды яны будуць так балюча падаць.

А значыць, «вертыкаль» хістаецца значна больш, чым нам падаецца.

Аліна Бялова, budzma.org