Смог у Тбілісі і пах гару ў Вільні: высвятляем з экспертам, якім паветрам дыхаюць беларусы замежжа

З’яжджаючы з Беларусі, рэлаканты рэдка ўсур’ёз разглядаюць чысціню паветра як фактар ​​пры выбары новага месца пражывання. Экалагічная арганізацыя высветліла ў эксперта па якасці паветра ініцыятывы AirMQ, чым жа дыхаюць беларусы ў самых папулярных для эміграцыі гарадах.


смог у Тбілісі .jpg
Смог у Тбілісі

AirMQ ужо больш за два гады збірае дадзеныя аб забруджанасці паветра ў больш чым 30 гарадах Беларусі, а таксама ў Польшчы і Літве. Акрамя таго, разам з грузінскімі прыродаабарончымі арганізацыямі яны запусцілі праект па маніторынгу паветра ў Тбілісі і іншых гарадах Грузіі. Удзельнікі ініцыятывы — энтузіясты, якія самастойна ўсталёўваюць сэнсары чысціні паветра, дадзеныя з якіх затым публікуюцца на сайце airmq.by і ў дадатку AirMQ для Android.

У чым небяспека забруджанага паветра?

Празмернае забруджванне атмасферы ёсць адной з асноўных прычын высокай смяротнасці насельніцтва. Згодна з рэгулярнымі справаздачамі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя менавіта бруднае паветра ўваходзіць у лік крытычных фактараў, якія нясуць пагрозу нашай дыхальнай, сардэчна-сасудзістай і нервовай сістэмам.

«У забруджванні паветра ў асноўным вінныя прамысловасць і транспарт, — адзначае эксперт. — Акрамя таго, у гарадах, дзе ў ацяпляльны перыяд працягваюць выкарыстоўваць дровы і вугаль, паветра становіцца істотна горш менавіта ў халодную пару года». Трэцім, але не менш важным фактарам пагаршэння якасці паветра, з’яўляюцца асобныя метэаралагічныя з’явы — напрыклад, рэзкія змены тэмпературы, якія чаргуюцца з бязветранасцю.

Смог у Варшаве фота SŁAWOMIR KAMIŃSKI.jpg
Смог у Варшаве, фота SŁAWOMIR KAMIŃSKI

Што адбываецца з якасцю паветра ў Варшаве, Вільні, Тбілісі, Алматы — гарадах, куды за апошнія тры гады пераехала шмат беларусаў?

«Ніводны з пералічаных гарадоў, — кажа наш суразмоўца, — нельга аднесці да безумоўна паспяховых адносна якасці паветра. Хаця ў Польшчы найбольш забруджаным лічыцца прамысловы поўдзень, у Варшаве паветра не менш забруджана з-за высокай шчыльнасці індустрыі і гарадскога транспарту».

У Вільні, паводле яго слоў, у гэтым плане лепш, але ў ацяпляльны сезон якасць паветра пагаршаецца праз тое, што жыхары прыватнай забудовы ўсё яшчэ выкарыстоўваюць дровы для ацяплення дамоў. Зімой, у перыяды бязветранасці, дым ад печаў часам накрывае практычна ўсю даліну Нярыса і цэнтральную частку горада.

Тбілісі ж, як апынулася, моцна пакутуе ад інтэнсіўнага транспартнага руху. Пры гэтым вузкая і завілістая даліна ракі Мтквары не спрыяе эфектыўнаму перамяшчэнню паветра. Акрамя таго, у сталіцы Грузіі таксама не вырашана праблема з пячным ацяпленнем дровамі і вуглём.

Смог над Алматы фото Igors Jefimovs Wikimedia Commons.jpg
Смог над Алматы, фота: Igors Jefimovs, Wikimedia Commons

У Алматы аб праблемах з паветрам паведамляюць мясцовыя актывісты. Прычынай таго, што гранічна дапушчальныя паказчыкі забруджвальнікаў перавышаны ў 18-19 разоў, называюць хаатычную і непрадуманую забудову, у якой не застаецца месца для зялёных насаджэнняў, а таксама празмернае выкарыстанне аўтамабіляў і, як следства, бясконцыя пробкі. З-за гэтага кожную зіму жыццё алмацінцаў ператвараецца ў пекла.

Як распазнаць празмернае атмасфернае забруджванне?

«Універсальнага спосабу распазнаць празмерна забруджанае паветра «на вока» няма, — адзначае наш суразмоўца. — Некаторыя забруджвальнікі, напрыклад аксіды азоту і ўгарны газ, не маюць ні візуальных прыкмет, ні паху. Іншыя ж, напрыклад, фенол і лятучыя вуглевадародныя злучэнні, маюць характэрны «хімічны» пах. Самым частым спадарожнікам любога забруджвання, паводле яго слоў, з’яўляюцца мікраскапічныя ўзважаныя часціцы — яны выклікаюць памяншэнне празрыстасці паветра, візуальна прыкметную смугу або смог, і маюць яскравы пах гару.

Стан паветра ў Мінску скрын з сайта AirMQ .PNG
Стан паветра ў Мінску, скрын з сайта AirMQ 


Як засцерагчыся ад празмерна забруджанага паветра?

Калі вы вызначылі, што ў дадзены момант узровень забруджвання паветра высокі, устрымаецеся ад частых і доўгіх праветранняў памяшкання: паветра ўнутры ў большасці выпадкаў чысцей, чым звонку, таму праветранні могуць толькі пагоршыць якасць паветра ў хаце. Калі вы карыстаецеся прытокавай вентыляцыяй — наш суразмоўца раіць выкарыстоўваць пылавыя фільтры, якія затрымліваюць цвёрдыя часціцы дыяметрам да 2/5 мікрон.

«Выходзіць на вуліцу ў такія дні варта толькі па неабходнасці, паспрабуйце не хадзіць на доўгія шпацыры, устрымайцеся ад заняткаў спортам звонку. Не саромейцеся выкарыстоўваць ахоўныя маскі і рэспіратары, якія затрымліваюць трапленне забруджвальнікаў у наш арганізм», — дадае спецыяліст.

люди в масках.jpg

Калі вы цікавіцеся рэгулярным маніторынгам стану паветра, эколагі раяць выкарыстоўваць сэрвісы і дадаткі, якія атрымліваюць інфармацыю непасрэдна з сэнсараў, змешчаных на мясцовасці. Яны паказваюць найбольш аб’ектыўную карціну ў пэўным месцы ў пэўны момант. Варыянт крыху прасцей: маніторынг сэрвісаў па глабальным адсочванні якасці паветра, напрыклад iqair.com або waqi.info. Яны рэгулярна публікуюць індэксы і прагнозы забруджвання атмасферы, грунтуючыся на дадзеных спадарожнікавага назірання. За больш падрабязнай кансультацыяй можна звярнуцца ў AirMQ.