Дачка Вітаўта Соф’я, стаўшы вялікай княгіняй маскоўскай і ўладзімірскай, не засталася проста жонкай Васіля І Дзмітрыевіча з асноўнай функцыяй дзетанароджання і гадавання спадчыннікаў вялікаму князю. Яна дзесяцігоддзямі амаль да самай смерці была важным гульцом у палітычным жыцці не толькі адной Масковіі.
Характарам пайшла ў бацьку, умела быць уладарнай, выклікаць павагу і паслушэнства. Належала да роду Гедыміна, а Гедымінавічы ў маскоўскай феадальнай іерархіі ставіліся вышэй за Рурыкавічаў.
Соф’я Вітаўтаўна
Чытайце яшчэ:
Соф’я Вітаўтаўна — дачка вартая вялікага бацькі Частка 1. Заручыны з уцекачом.
Выдатная маці
Цягам дваццаці гадоў між 1395 і 1415 гг. нарадзіла пяцёра сыноў і чатыры дачкі. Праўда, лёс не быў літасцівы да сыноў, яны паўміралі падчас эпідэмій у дзіцячым ці юначым узросце, акрамя малодшага Васіля — будучага вялікага князя.
Дочкі пражылі даўжэй, старэйшая Ганна выйшла за візантыйскага імператара, другая Настасся вярнулася ў Літву, стаўшы жонкай кіеўскага князя Алелька, унука Альгерда. Дзвюх малодшых Васілісу і Марыю выдалі за суздальскага і старадубскага князёў.
«Пасол міра» паміж Масквой і Літвой
Соф’я Вітаўтаўна стала сапраўдным «паслом міра» паміж мужам і бацькам, між Масквой і Літвой. Гэта была нялёгкая справа, лагодзіць адносіны паміж непрымірымымі канкурэнтамі ў аб’яднанні ўсходнеславянскіх земляў, дзяржавамі-антаганістамі з розным грамадскім ладам. Адно што сілы на той час былі няроўныя.
Вялікае Княства Літоўскае — наймацнейшая дзяржава ва Усходняй Еўропе, стараннямі дзядоў Соф’і дуумвіраў Альгерда і Кейстута (1345–1377) выцесніла з пазіцыі лідара аслабелую Залатую Арду. Афіцыйную дэкларацыю вялікага князя Альгерда «ўся Русь павінна належыць Літве» настойліва праводзіў у жыццё ягоны пляменнік Вітаўт, стаўшы гаспадаром Літвы ў 1392 г. Альгерд з Кейстутам занялі большасць Украіны, Вітаўт завяршыў аб’яднанне беларускіх земляў праз далучэнне да Літвы Смаленскага княства.
Маскоўскае княства хоць і прысвоіла сабе тытул Вялікае, змагалася за лідарскую пазіцыю адно ў сваім рэгіёне — Паўночна-Усходняй Русі — будучай Расіі. Каб цягацца з Літвой за валоданне ўсёй Руссю, не было і гутаркі. У Маскве з вялікім непакоем сачылі, як Вітаўт забірае Смаленск (самыя б хацелі), але адкрыта выступіць не насмельваліся, толькі прынялі ў сябе выгнанага смаленскага князя.
Васіль І і скінуты Вітаўтам смаленскі князь. Літаграфія 1838 г.
Аднак калі Вітаўт заходзіў занадта далёка ў «законную» зону маскоўскага ўплыву, падбіраўся блізка да Масквы, Васіль Дзмітрыевіч рашуча таму пярэчыў, нават з ужыткам збройнай сілы.
Некалькі разоў зяць і цесць збіраліся ваяваць, сыходзіліся ў полі, але да бітвы ніколі не даходзіла. У 1406 г. пскавічы, у якіх Вітаўт разарыў прыгарадны горад Каложу, звярнуліся па дапамогу да Масквы.
Васіль вывеў войска ў поле, сустрэў Вітаўта на смаленскай мяжы і заключыў з ім перамір’е на год (хоць яго дружына была ўзмоцненая яшчэ цверскім і татарскім аддзеламі).
Васіль І у паходзе на Вітаўта. Мініацюра XVI ст.
Тое ж паўтарылася ў наступным годзе, калі зяць з цесцем сышліся пад Вязьмай.
У 1408 г. Вітаўт пайшоў вайной на Васіля, бо той прыняў у сябе яго ворага князя Свідрыгайлу Альгердавіча. І зноў да бітвы справа не дайшла, пагаварылі, дамовіліся, замірыліся і разышліся.
Гісторыкі не сумняваюцца, што галоўнай прычынай такога міралюбства была асоба Соф’і Вітаўтаўны і яе палітыка прымірэння мужа з бацькам. Крыніцы засведчылі, што яна рэгулярна ездзіла ў Літву, здаралася, што разам з мужам, каб сустрэцца з бацькам і паказаць таму ўнукаў. Васіль Дзмітрыевіч сам не аднойчы прыязджаў у Літву да Вітаўта.
Васіль Дзмітрыевіч. Партрэт з Царскага тытулярніка 1672 г.
У 1393 г. Васіль і Соф’я ездзілі ў Смаленск «на повиданье» з Вітаўтам, у 1396 г. Васіль з Вітаўтам святкавалі ў Смаленску Вялікдзень, а восенню таго года сустракаліся ў Каломне.
У 1398 г. Соф’я разам з дзецьмі гасцявала ў бацькі ў Смаленску. Яе бачылі пры Вітаўце ў 1414 г. у адным з замкаў над Нёманам.
Расійскія летапісы адзначаюць вялікую павагу Васіля Дзмітрыевіча да Вітаўта, выкліканую, напэўна, не толькі моцай яго дзяржавы, але і асабістымі адносінамі да цесця. Не выпадкова сваім тастаментам ён перадаў таму пад апеку сям’ю і дзяржаву.
Васіль Дзмітрыевіч памёр у 1425 г. ва ўзросце 54 гадоў, і ў жыцці княгіні-ўдавы пачаўся новы доўгі і самы бурлівы перыяд. Соф’я Вітаўтаўна стала рэгентам пры дзесяцігадовым вялікім князі Васілі Васіллевічы і прайшла поруч з сынам праз дзесяцігоддзі міжусобнай вайны за вярхоўную ўладу ў Масковіі.
(працяг будзе)
Сцяпан Сарока, Budzma.org
Ілюстрацыі з адкрытых інтэрнэт-крыніцаў
Чытайце яшчэ:
Апошняя бітва Тадэвуша Касьцюшкі