Мастака Міцю Післяка асудзілі на 20 сутак прабацыі за графіці ў падтрымку Украіны, якое ён зрабіў у Соха на Манхэтане, паведамляе BelarusWithUkraine.
Вядома, гаворка ідзе пра нелегальны стрыт-арт. Пра гэта мастак напісаў на сваёй старонцы ў Facebook: «Калі заставалася зрабіць некалькі апошніх штрыхоў, пад’ехала паліцэйская машына і мяне арыштавалі. Знялі адбіткі пальцаў, сфатаграфавалі, на некалькі гадзін пасадзілі ў камеру».
Падчас суда мастаку прызначылі пакаранне — 20 сутак выпрабавальнага тэрміну, у гэты час нельга парушаць ніякіх правілаў паводзінаў у грамадстве. У тым ліку — не маляваць без дазволу на сценах. Потым справа будзе закрытая.
Міця Післяк цяпер ладзіць дабрачынны праект Mr.Cloudy for Ukraine — збор сродкаў для дапамогі ўкраінскім сем’ям, што былі вымушаныя пакінуць свой дом. У межах праекта ён стварае ілюcтраваныя NFT, прысвечаныя ўкраінскім падзеям, і размяшчае іх для продажу на платформе RARIBLE.