Ігравое кіно постсавецкай прасторы вылучаецца дзвюма адметнымі рысамі: няўдалай гульнёй у «жанравасць» і вялікім страхам перад рэчаіснасцю. У расійцаў, з іх аўтарытарнай уладай і вялікімі бюджэтамі, больш-менш атрымліваецца рабіць забаўляльныя кінапраекты, але без намёкаў на сучаснасць – дзеянне ў іх часцей за ўсе разгортваецца ў часы СССР ці наогул у выдуманых сусветах.
У значна больш палітычна свабодных украінцаў усё наадварот: іх кінематаграфісты могуць шчыра распавядаць пра ўласныя праблемы, але забаўляльнае кіно ў іх пакуль прадстаўленае даволі слаба. На фоне суседзяў беларуская кінапрастора ўвогуле выглядае як бедны сваяк – праз ідэалагічную ангажаванасць і абмежаванае фінансаванне ў нас фактычна адсутнічае магчымасць шляхам ігравога кіно прэпараваць сучаснасць, а забаўляльныя стужкі выходзяць такія, што іх лепш увогуле не глядзець.
Таму калі на нашай неўрадлівай кінаглебе з’яўляюцца першыя эксперыментальныя парасткі, у якіх аўтары спрабуюць скрыжаваць сённяшнюю сацыяльную павестку і чысты жанр, гэта падаецца як сапраўднае адкрыццё. Менавіта так узвышана прэзентаваўся камедыйны хорар «Спайз бойз», які спачатку трапіў у пазаконкурсную праграму Маскоўскага кінафестывалю, ледзь не з’явіўся ў нацыянальным конкурсе сёлетняга вераломна адмененага «Лістапада», а потым аказаўся на вялікіх экранах кінатэатраў. Крэдыт даверу да дэбютнай працы тэлепрадзюсара і сцэнарыста Уладзіміра Зінкевіча аказаўся значна большы, чым можна сабе ўявіць, але вынік расчараваў.
Аддаўшы абавязак радзіме, з войска ў свой маленькі гарадок вяртаецца брутальны хлопец па мянушцы Чысты. Яго чакае раўнівая дзяўчына Іна, з якой былы жаўнер пасля дзембеля абяцаў ажаніцца, а таксама сябры – сціплы інвалід Ламбада і нахабны мажор Кілбаса. Кампанія маладзёнаў, да якой дадаецца яшчэ Васіліса, сяброўка Іны, і дзве блізняткі –каханкі Кілбасы, здымае вялікі катэдж у дзядзі Жоры, у якім і пачынаецца святкаванне, якое хутка перарастае ў крывавую баню, калі хлопцы ўпотай вырашаюць «дунуць» набытых у дылера новых моцных наркотыкаў.
Нягледзячы на заявы стваральнікаў пра драматычны трылер, па сваёй форме «Спайс бойз» з’яўляюцца класічным прыкладам адаптацыі амерыканскага слэшара – крывавага хорару ці «кіно пра мёртвых падлеткаў», як яго іранічна называюць аматары жанру. Тут таксама галоўнымі героямі з’яўляюцца маладыя людзі, якія, апынуўшыся на новай незнаёмай тэрыторыі, пачынаюць з зайздроснай рэгулярнасцю гінуць. Нешта падобнае можна было ўбачыць два гады таму ў «Вупырах» Макса Сірага і Андрэя Грынько, дзе моладзь забіваюць містычныя пачвары на палескім возеры, з тым адрозненнем, што «Спайсы» больш трымаюцца канонаў жанру.
Але гэта ім не вельмі дапамагае. Па вялікім рахунку, на экраны выйшла поўнаметражная варыяцыя моладзевага серыяла пра свет крыміналу «Арэлі», з тым жа тэмпарытмам, персанажамі, дыялогамі і недасканалай драматургіяй, стваральнік якога – таксама Уладзімір Зінкевіч. Праз гэта фільм усю першую палову хронаметражу з’яўляецца не самай цікавай меладрамай пра гарманальна нястрыманых маладых людзей. І толькі амаль праз гадзіну пачынаецца нешта падобнае на хорар, падставай для якога стала рэальная гомельская гісторыя 2014 года, калі два сябры, абкураныя спайсамі, пазбавілі трэцяга зроку. Гэтую па ўсіх прыкметах маргінальную трагедыю аўтары зрабілі цэнтральнай падзеяй другой паловы стужкі, гіпербалізаваўшы вынікі. У гэты момант «Спайс» больш-менш працуе як забаўляльнае кіно пра крывавых маньякаў, тым не менш не даючы адказаў на самае галоўнае пытанне: чаму гэта ўсё адбылося.
Як і гомельскі суд, што не адказаў грамадскасці пра матывацыю злачынцаў, аўтары «Спайса» таксама толкам не разумеюць, чаму іх персанажы ў адзін момант ператвараюцца ў забойцаў, якіх дэманаў у іх галовах абудзілі наркотыкі. А з улікам недасканала прапісаных характараў іх ахвяр суперажываць падчас прагляду нікому не атрымліваецца. Не дадае карысці і плакатнае маралізатарства пра шкоду наркотыкаў, калі сапраўдная ахвяра гомельскай разні з’яўляецца на экране з фінальным маналогам. Выніковае спалучэнне сацыяльнай рэкламы і жанравага кіно выглядае недарэчным.
«Спайс бойз» эфектыўна не спрацоўвае ні ў адным з абраных аўтарамі амплуа, пакідаючы гледача разгубленым у цемры кіназалы.
P.S. Высветлілася, што «Спайс бойз» – не першая беларуская экранізацыя гомельскага злачынства. Два гады таму мінская арт-менеджарка і рэжысёрка Ліна Мядзведзева больш удала ўвасобіла яе у кароткаметражнай працы «Твае вочы».
Тарас Тарналіцкі, budzma.by