На bookster.by з’явілася новая рубрыка “Спіс літаратуры”, дзе будуць з’яўляцца рэкамендацыі кніг пра любыя актуальныя і важныя, альбо наадварот, выпадковыя і неістотныя рэчы, падзеі ды з’явы. Першы спіс ад Каці Рускевіч пра нацыяналізм.

Які месяц хвалюецца Украіна, у Францыі на выбарах у Еўрапарламент лідзіруе Нацыянальны фронт – сямейнае прадпрыемства, «не патрэбнае моладзі», як спяваецца ў адной вясёлай панкаўскай песні, у родных мясцінах адгрымела спартыўнае свята, крыкі «Расія» і салют. Госці раз’ехаліся, залева змыла алкагольныя рэшткі, Няміга выйшла з берагоў метафарычна, Свіслач амаль па-сапраўднаму. У думках застаўся непрыемны паслясмак братоў-славян, постсавецкай сімволікі і перагорнутай нацыянальнай самаідэнтыфікацыі нецвярозых заўзятараў – хто , адкуль і куды будзе. Увесь лакальны і сусветны бардак зноў прыводзіць да развагаў пра нацыяналізм і права быць.
Нацыяналізм – панятак складаны і шматгранны. З аднаго, добрага, боку, ён раўняецца патрыятызму, з другога, дрэннага, знаходзіцца побач з ксенафобіяй і негатыўнымі «ізмамі», пасярэдзіне – нейтральная, навукова-тэарэтычная спроба апісаць доўгі і складаны працэс самаідэнтыфікацыі. Разважаючы пра нацыяналізм, лёгка пераскочыць на развагі пра мультыкультурнасць і посткаланіяльныя тэорыі, таталітарызм, Еўропу, новы пралетарыят, etc …. Прац, прысвечаных праблематыцы і блізкім тэорыям, вялікае мноства. Праўда, ёсць адна асаблівасць: лягчэй і зручней спасылацца на навуковыя, гістарычныя і філасофска-публіцыстычныя працы. З мастацкай літаратурай усё некалькі складаней, ступень абстрагавання ад тэксту, а тэксту ад аўтара – не настолькі высокая. Пры гэтым існуе законнае права аўтара на бязмежнае выкарыстанне выяўленчых прыёмаў, а маральна-этычная ацэнка учынкаў герояў рамана ды сюжэтных хадоў не заўсёды дарэчы.
Адразу хацелася б выбачыцца за суб’ектыўны характар падабраных і не згаданых, у тым ліку, аўтараў.
![]()

Першае месца ва ўласнай галаве і гэтым спісе назаўжды застанецца за Бенедыктам Андэрсанам і працай «Уяўныя супольнасці. Развагі пра вытокі і асаблівасцінацыяналізму» («Imagined Communities. Reflections on the Origin and Spread of Nationalism»).
Бенедыкт Андэрсан (родны брат вядомага ангельскага філосафа-марксіста Перы Андэрсана) нарадзіўся ў Кітаі, доўгі час працаваў у Тайландзе і Інданезіі, у 1983 годзе напісаў працу «Уяўныя супольнасці. Развагі пра вытокі і асаблівасці нацыяналізму». У працы дакладна і проста тлумачыцца, як з’яўляюцца і фармуюцца нацыі, і чаму не трэба блытаць нацыю з этнасам і народам. Нацыяналізм як культурная самаідэнтыфікацыя, замена манархічнага ўтварэння на палітычныя. Аўтаномная, ўяўная, то бок сканструяваная супольнасць – так, але не як прамая лінія пакаленняў з глыбіні стагоддзяў.
Ва «Уяўных супольнасцях» ёсць мноства прывабных момантаў: тонка і дакладна апісаныя гістарычныя паралелі, гісторыя адраджэння шэрагу еўрапейскіх моваў, важная роля кніжнага слова і ўзнікненне першых нацыянальных дзяржаваў менавіта ў Лацінскай Амерыцы. Напрыклад, хваля азіяцкіх нацыянальна-вызваленчых рэвалюцый, адрознівалася маладосцю і адначасовасцю. Магчыма, да вызваленчага руху прывяла аднолькавая школьная праграма калоній, зацверджаная метраполіяй. Пагадзіцеся, дзіўна вывучаць гісторыю барацьбы за незалежнасць Нідэрландаў ад Іспаніі, з’яўляючыся пры гэтым юным жыхаром галандскай калоніі.
Пра сябе Андэрсан у адным з інтэрв’ю кажа: «Я, магчыма, адзіны з аўтараў, якія пішуць пра нацыяналізм, хто не думае, што гэта жудасна». Варта дадаць: сярод сучасных аўтараў, якія займаюцца канструктыўным – ад слова канструяваць – бокам нацыяналізму.
![]()

Уладзімір Ільіч Ленін праца «Аб праве нацый на самавызначэнне» («О праве наций на самоопределение»), напісаная ў чэрвені 1914 году перад пачаткам Першай Сусветнай вайны, у супярэчлівы і неспакойны час.
У звыклым бойкім і энергічным тоне Ул. Ільіч тлумачыць пра «поўнае» права нацый на самавызначэнне і чаму не варта блытаць любоў да радзімы з буржуазным патрыятызмам, роўным шавінізму. Як вядома, у Савецкім Саюзе ўсе рэспублікі быў брацкія, і радзіма для ўсіх лічылася адна. На першым месцы першапачаткова знаходзілася агульная пралетарская барацьба і справа Інтэрнацыянала. Пытанне са схаванай праблемай аднак палягае ў тым, што першым і галоўным прыкладам агульнапралетарскай барацьбы павінен быў стаць рускі пралетарыят. Такім чынам, незалежна ад “барацьбы з нацыяналізмам і ў першую чаргу з рускім», агульны вектар адносінаў быў зададзены выразна і надоўга.