Траплянне ў папярэдні спіс азначае, што аб’ект афіцыйна становіцца кандыдатам на ўнясенне ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, піша «Наша Ніва».
Брэсцкая крэпасць з’яўляецца важным ідэалагічным аб’ектам для «рускага свету». Фота: фэйсбук Генконсульства Расіі ў Брэсце
Заяўка для будучай расійска-беларускай транснацыянальнай намінацыі «Мемарыялы героям Вялікай Айчыннай вайны: Брэсцкая крэпасць і Мамаеў курган» была падрыхтаваная калектывам аддзела сусветнай спадчыны і міжнароднага супрацоўніцтва Расійскага навукова-даследчага інстытута культурнай і прыроднай спадчыны імя Д. С. Ліхачова пад кіраўніцтвам Надзеі Філатавай.
Праца над заяўкай была сімвалічна завершана да 9 мая гэтага года. Яна вялася ва ўзаемадзеянні з мемарыяльным комплексам «Брэсцкая крэпасць-герой» і Дзяржаўным гісторыка-мемарыяльным музеем-запаведнікам «Сталінградская бітва».
Заяўка прэзентуе два маштабныя мемарыяльныя комплексы, звязаныя з пачаткам і пераломным момантам баявых дзеянняў на Усходзе, як
«грандыёзныя творы чалавецтва, якія фарміруюць новую мастацкую мову, і як унікальныя сведчанні, закліканыя ўвекавечыць подзвіг савецкага народа-пераможца і ўшанаваць памяць абаронцаў Айчыны, якія загінулі ў самым кровапралітным канфлікце XX стагоддзя».
Для Расіі гэта 32-гі аб’ект у папярэднім спісе, для Беларусі — шосты. У 2004 годзе туды былі ўключаныя Аўгустоўскі канал, Спаса-Праабражэнская царква і Сафійскі сабор у Полацку, Барысаглебская (Каложская) царква ў Гродне, культавыя збудаванні абароннага тыпу ў Беларусі, Польшчы і Літве, драўляныя цэрквы Палесся. Насамрэч быў і сёмы аб’ект — ансамбль праспекта Незалежнасці, які сёння бясследна знік з сайта ЮНЕСКА.
Большасць аб’ектаў у беларускім папярэднім спісе — гэта транснацыянальныя серыйныя намінацыі, якія ўключаюць помнікі адразу ў некалькіх краінах. Існуе распаўсюджанае меркаванне, што Камітэт сусветнай спадчыны больш спрыяльна ставіцца да заявак, якія засведчваюць трансгранічнае культурнае супрацоўніцтва паміж краінамі, чым да індывідуальных, якія праслаўляюць нацыянальную асаблівасць.
Мемарыял «Мужнасць» у Брэсцкай крэпасці. Фота: сайт Саюзнай дзяржавы
Нежаданне ўключаць шматлікія індывідуальныя заяўкі тлумачыцца тым, што ЮНЕСКА фінансуецца ледзь не цалкам краінамі Захаду. Так, напрыклад, на долю ЗША выпадае 22% бюджэту арганізацыі. Бенефіцыярамі ад уключэння ў спіс Сусветнай спадчыны становяцца менш развітыя краіны, унёсак якіх мізэрны. Каб пазбегнуць фінансавага калапсу, Камітэт стаў больш строга ставіцца да заявак асобных краін.
Для Беларусі такое супрацоўніцтва важнае, бо ў краіне адсутнічаюць інтэлектуальныя магчымасці падрыхтаваць дасье цалкам. Ідэя была ў тым, што суседнія краіны прычэпам уцягнуць у спіс Сусветнай спадчыны і беларускія аб’екты. Але за 20 гадоў, якія мінулі з уключэння ў папярэдні спіс, гэтая схема не спрацавала.
Суседзі здолелі самастойна падрыхтаваць дасье для індывідуальных заявак: Латвія — для гістарычнага цэнтра Кулдыгі, Літва — для мадэрнісцкай архітэктуры Коўна. У Беларусі ж у гэтым кірунку не зроблена нічога.
Аб’екты ў сумесных прапановах сталі закладнікамі палітыкі рэжыму Лукашэнкі. Пасля фальсіфікацыі і здушэння пратэстаў у 2020 годзе і саўдзелу ва ўварванні Расіі ва Украіну ў 2022 годзе супрацоўніцтва з еўрапейскімі суседзямі стала немагчымым. У гэтай сітуацыі застаецца толькі супрацоўніцтва з Расіяй, якая амаль штогод паспяхова ўносіць свае аб’екты ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Беларусь ізноў чакае, што Расія зробіць усю працу за яе.
Гэта не першая спроба ўключыць Брэсцкую крэпасць у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У тым жа 2004 годзе было складзена дасье на трансгранічныя фартыфікацыйныя збудаванні XIX — пачатку XX стагоддзя. З Папярэдняга спісу крэпасць была выключана ў 2016-2017 гадах. Магчыма, прычынай стала ўзвядзенне за савецкім часам на тэрыторыі крэпасці манументаў Вялікай Айчыннай вайны.
Брэсцкую крэпасць спрабавалі ўключыць у Спіс ЮНЕСКА як помнік фартыфікацыі XIX — пачатку XX стагоддзя, але перашкодзілі савецкія манументы на яе тэрыторыі. Фота: Wikimedia Commons
Рэч у тым, што да 2021 года дзейнічаў мараторый на ўнясенне ў Спіс ЮНЕСКА аб’ектаў, звязаных з падзеямі ваеннай гісторыі. Хоць з гэтага правіла было і выключэнне — збудаванні былога канцэнтрацыйнага лагера «Аўшвіц».
У 2020 годзе зноў прапрацоўвалі пытанне аб прапанове для ўключэння Брэсцкай крэпасці ў Спіс ЮНЕСКА не ў якасці аб’екта Вялікай Айчыннай вайны, а як абарончага аб’екта Расійскай імперыі XIX-XX стагоддзяў.
Цяпер жа, калі мараторый зняты, Брэсцкая крэпасць уключаная ў Папярэдні спіс выключна як мемарыял Вялікай Айчыннай вайны.
Трохмерная рэканструкцыя касцёла бернардзінак у Брэсце, накладзеная на фотаздымак руін кляштарнага комплексу. Уключэнне Брэсцкай крэпасці ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА можа перашкодзіць аднаўленню барочных культавых комплексаў на яе тэрыторыі. Фота: А. Невар
Наступным этапам работы будзе падрыхтоўка заяўкі на Папярэднюю ацэнку — новы абавязковы этап намінацыйнага працэсу. Атрыманне мемарыяльным комплексам «Брэсцкая крэпасць-герой» статусу аб’екта Сусветнай спадчыны можа стаць перашкодай для цэласнай рэканструкцыі старажытнага Берасця, знішчанага пры пабудове крэпасці.