«Спяваем, каб падтрымліваць наш беларускі вольны дух». У Варшаве прайшоў фестываль «Беларускі Спас» (фота, відэа)

Беларускі дом у Варшаве 27 жніўня прыняў фестываль «Беларускі Спас». Хэдлайнерам быў гурт Relikt.


2022-08-27 Спас_Алена Ляшкевіч_04.jpg

Утульны дворык Беларускага дома прывабіў шмат сем’яў з дзецьмі. Самыя маленькія беларусы апынуліся і самымі актыўнымі ўдзельнікамі інтэрактыўных імпрэз, і самымі адданымі слухачамі музычных выступаў. На фестывалі можна было паспаборнічаць у гульнях, навучыцца выконваць беларускія традыцыйныя танцы, паслухаць лекцыю краязнаўцы Рамана Абрамчука, паспяваць разам з Хорам вольных беларусаў, адарвацца пад гурт Relikt.

Хор вольных беларусаў пачаў збірацца яшчэ на радзіме, у адным з мястэчак пад Мінскам. Некалькі ўдзельнікаў былі арыштаваныя, прайшлі праз Акрэсціна і КДБ. Праз пераслед спевакі з’ехалі з Беларусі. У Варшаве вырашылі зноў спяваць, да іх далучыліся новыя людзі. «Спяваем, каб падтрымліваць адно аднаго, наш беларускі вольны дух», — казалі харысты са сцэны.

2022-08-27 Спас_Алена Ляшкевіч_01.jpg

Хор выконваў добра вядомыя публіцы песні і заклікаў спяваць разам. Прагучалі «Сцяг», «Муры», «Магутны Божа», «Гэта мы», «Пагоня», гімн БНР «Ваяцкі марш», «Малітва» на словы Янкі Купалы.


Гурт Relikt выканаў некалькі апрацовак народных песень з альбома «Дрэва жыцця», старыя хіты «Чаго ты, лосю», «Люцэрна».

2022-08-27 Спас_Алена Ляшкевіч_06.jpg

Бубнач Relikt Аляксандр Дземідзенка паведаміў: «Мы ў Польшчы з красавіка. Адыгралі ўжо чатыры сольныя канцэрты ў Варшаве, Кракаве і Мюнхене. Плануем выступы 30-га верасня ва Уроцлаве, 1-га кастрычніка ў Торуні. Робім рамонт на ўласнай студыі, плануем там і рэпетаваць, і запісваць альбомы. Паступова выходзім па колькасці выступаў на дакавідны ўзровень».

2022-08-27 Спас_Алена Ляшкевіч_03.jpg

2022-08-27 Спас_Алена Ляшкевіч_05.jpg

Арганізатар фестывалю, прадзюсар, рэжысёр і актор Аляксей Бурнасенка распавёў: «Я сабраў усіх гэтых цудоўных людзей, удзячны, што яны прыехалі. Удзячны таксама нашым партнёрам і спонсарам. Гэта ініцыятыва „Міжнародныя дні беларускай культуры“, Беларуская Рада культуры, амбасада Нідэрландаў у Варшаве, Беларускі дом у Варшаве.

Сёння двухгадзінную гульнёвую праграму і танцы праводзіла Мінская школа народных танцаў свету і я як яе частка. Школа пераехала ў Варшаву. Тут мы дзейнічаем не так актыўна, як у Беларусі. Пэўны час мы ледзь не адзіныя ў Мінску займаліся беларускімі традыцыйнымі танцамі. А цяпер ужо шмат ініцыятыў і ў Беларусі, і за мяжой. Я прапаную беларусам супрацоўнічаць, успрымаць адно аднаго як калегаў, а не канкурэнтаў».


Алена Ляшкевіч, budzma.org

Фота і відэа аўтаркі