У Менску з публічнай лекцыяй «Сталінскія рэпрэсіі» выступіў вядомы францускі гісторык Нікаля Вэрт (Nicolas Werth), навуковы дырэктар Інстытуту сучаснай гісторыі ў Парыжы — піша Свабода. Ён адзін зь вядучых у сьвеце спэцыялістаў па гісторыі Савецкага Саюзу, тэмамі сталінізму і рэпрэсій займаецца больш за 40 гадоў.
У 1975–1977 гадах Нікаля Вэрт выкладаў францускую мову ў Менску ў Інстытуце замежных моваў, мае ў Беларусі знаёмых і сяброў. Тады ў Францыі замест вайсковай службы можна было адслужыць цывільную службу за мяжой.
«Менск для мяне вельмі дарагі як горад, я выкладаў тут разам з жонкай у Інстытуце замежных моў. Дзякуючы Шарлю дэ Голю быў цікавы абмен паміж СССР і Францыяй — штогод па 70 спэцыялістаў абменьваліся. У мяне тут шмат сяброў», — узгадвае прафэсар.
Першая кніга Нікаля Вэрта выйшла ў 1981 годзе і называлася «Быць камуністам пры Сталіну». Яна грунтавалася на вывучэньні партыйных архіваў Смаленшчыны. Гэта адзіны архіўны фонд КПСС, які быў даступны заходнім гісторыкам, таму што ў 1941 годзе быў вывезены ў Нямеччыну, а потым трапіў у ЗША.
Усяго Вэрт напісаў 20 кніг, сярод іх «Маскоўскія працэсы, 1936–1938», «Востраў канібалаў: 1933, дэпартацыя на волю лёсу ў Сібіры», «Тэрор і зьбянтэжанасьць: Сталін і яго сыстэма», «П’яніца і кветачніца: аналіз масавага забойства, 1937–1938 гг»., «Шлях на Калыму», «Гісторыя Савецкай дзяржавы. Ад Расейскай імпэрыі да СНД, 1900–1991».
Масавыя рэпрэсіі ў СССР за чвэрць стагодзьдзя мелі самыя розныя формы: судовыя і пазасудовыя; палітычныя і непалітычныя; калектыўныя і індывідуальныя.
Рэпрэсіі разгортваліся ў самых розных беспрэцэдэнтных відах:
Гэта былі звычайныя грамадзяне, якія атрымалі суровае пакараньне, не адпаведнае іхнай правіне (ад 5 да 10 гадоў за дробны крадзеж бохана хлеба ці некалькіх каласкоў — ад страшэннай галечы, нястачы і голаду).
Самым жорсткім быў указ ад 1947 году — аб крымінальнай адказнасьці за крадзеж дзяржаўнай і грамадзкай маёмасьці, так званы ўказ аб «трох каласках». З 1947 па 1953 год каля 1,5 мільёна грамадзян (у тым ліку больш за 400 тысяч жанчын і непаўналетніх) былі асуджаныя на вялікія тэрміны лягераў, дзе іх называлі «ўказьнікамі».
Ад 5 да 8 гадоў давалі ажно да 1948 году за самавольны сыход з ваенізаванай вытворчасьці. Паводле ўказу ад 26 сьнежня 1941 году былі асуджаныя каля 1 мільёна чалавек.
Усе гэтыя рэпрэсіі не падпадаюць пад катэгорыю «палітычныя», хоць пра крымінальшчыну тут не ідзе гаворкі.
З 1940 па 1953 год у СССР больш за 15 мільёнаў чалавек былі асуджаныя на пазбаўленьне волі. І яшчэ 20 мільёнаў — на папраўчыя працы.
За дэзэртэрства ці самавольны сыход з ваенізаваных прадпрыемстваў асуджалася ад 300 да 500 тысяч у год.
На гэтым фоне ўражваюць нізкія лічбы крымінальных злачынстваў: каля 10 тысяч чалавек у год асуджана за наўмысныя забойствы, ад 3 да 5 тысяч — за згвалтаваньні, ад 10 да 15 тысяч — за рабунак і разбой.
Высновы, зробленыя ў 1955 годзе афіцыйнымі ўладамі:
Ад усіх відаў рэпрэсій цягам 25 гадоў (з 1929 па 1953) пацярпелі каля 50 мільёнаў чалавек — у сярэднім па 2 мільёны ў год.
22 мільёны былі асуджаныя на лягеры, 6 мільёнаў чалавек асуджаныя пазасудовымі органамі і вайсковымі трыбуналамі за так званыя контрарэвалюцыйныя злачынствы. Тэрміны — ад 10 да 25 гадоў, а таксама вышэйшая мера пакараньня.
Рашэньні аб дэпартацыях прымаліся на самым высокім узроўні партыйнымі органамі, часьцяком з ініцыятывы органаў НКВД.
Масавыя дэпартацыі «сацыяльна шкодных элемэнтаў», «падазроных» альбо «вінаватых» народаў былі формай сацыяльнай і этнічнай інжынэрыі, накіраванай на стварэньне прынцыпова «новай гістарычнай супольнасьці — савецкага народу».
Масавыя сакрэтныя апэрацыі мелі на мэце «ачысьціць савецкае грамадзтва ад сацыяльна шкодных, чужых элемэнтаў, якія лічыліся патэнцыйна небясьпечнымі», а таксама ад прадстаўнікоў розных дыяспар (асабліва немцаў, палякаў, прыбалтаў, фінаў), якія нібыта папаўнялі «пятую калёну шпіёнаў і дывэрсантаў».
Голад быў ва Ўкраіне, на Кубані, у Паволжы, Казахстане, Заходнім Сібіры, на Ўрале і нават у паўднёвай Беларусі.
Ахвяры голаду — ахвяры масавых рэпрэсій, бо голад у руках Сталіна быў зброяй, каб нанесьці зьнішчальны ўдар па хлебаробах, якія, на яго погляд, «праводзілі „італьянку“ (сабатаж!) і былі ня супраць пакінуць рабочых, Чырвоную Армію бяз хлеба... па сутнасьці, вялі „ціхую“ вайну з савецкай уладай. Вайну на змор» (зь ліста Сталіна Шолахаву, напісанага ў траўні 1933 году).
Насамрэч голад стаў калектыўным пакараньнем, рэпрэсіяй за так званы сабатаж з боку калгасьнікаў, якія былі ня ў стане выканаць нерэальныя пляны дзяржаўных нарыхтовак хлеба, мяса, малака, бульбы.
Як пісаў у сваім апошнім артыкуле вядомы гісторык-аграрнік Віктар Данілаў, «голад пачатку 1930-х гадоў быў арганізаваным голадам, мэтай якога было зламаць сялянскі супраціў калгаснаму ладу».
Па зводках АГПУ, у СССР у 1930 годзе было больш за 13 800 хваляваньняў, беспарадкаў, паўстаньняў, страйкаў, у якіх удзельнічалі больш за 3 мільёны сялян, ня лічачы 14 200 тэрактаў.
Каля 4 мільёнаў чалавек з 30 мільёнаў, што пражывалі ва Ўкраіне, памерлі ад голаду за 8 месяцаў (са сьнежня 1932 па ліпень 1933 году). 95% зь іх — сяляне, 5% — жыхары малых гарадоў, якія не атрымлівалі дзяржаўнага пайка.
Праблема Галадамору стала вялікім палітычным пытаньнем, ключавым элемэнтам украінскай постсавецкай ідэнтычнасьці.
Служба бясьпекі Ўкраіны адкрыла архівы і дапусьціла туды і ўкраінскіх, і замежных гісторыкаў. Сотні дакумэнтаў апублікаваныя. Ні ў Расеі, ні ў Казахстане гэтага не адбылося.
Ва Ўкраіне ад голаду 1930-х гадоў памерлі 4 мільёны чалавек. Ці быў гэта генацыд, гісторык казаць адмовіўся, заявіўшы, што такую ацэнку павінны рабіць юрысты. У Казахстане памерлі ад голаду ад 1,2 да 1,4 мільёна. У Расеі — каля 1 мільёна чалавек.
На пачатку 1933 году ў перапоўненых турмах СССР, разьлічаных на 200 тысяч чалавек, апынуліся 800 тысяч. Таму ў 1934–1935 гадах колькасьць асуджаных рэзка зьнізілася — рэпрэсіі давялося затармазіць на некалькі гадоў.
Чаргаваньне «надзвычайшчыны» і адступленьняў, масавых арыштаў і масавых амністый, рознага кшталту рэпрэсіўных кампаній са сваімі пэўнымі рытмамі — спачатку наступ зь перагібамі і «галавакружэньнем ад посьпехаў», потым рэзкае тармажэньне — усё гэта сьцірала межы паміж законам і беззаконьнем, свабодай і несвабодай.
Страшныя ўмовы жыцьця, асабліва ў галадаючых калгасах, таксама спрыялі сьціраньню межаў паміж жыцьцём на волі і зьняволеньнем, прымусовымі працамі.
Заходняя Ўкраіна, Заходняя Беларусь, Прыбалтыка, Малдова былі гвалтоўна саветызаваныя пазьней за іншыя рэгіёны. Там быў моцны збройны супраціў з боку нацыянальных партызанскіх груповак. У пастанове прэзыдыюму ЦК КПСС «Аб палітычным і гаспадарчым стане заходніх абласьцей Украінскай ССР» ад 26 сакавіка 1953 году (праз 3 тыдні пасьля сьмерці Сталіна) прызнавалася, што з 1944 па 1952 гады ў заходніх рэгіёнах Украіны рэпрэсавана каля 500 тысяч чалавек (расстраляна больш за 153 тысячы, арыштавана 134 тысячы, выслана назаўсёды 203 тысячы).
У адной Літве за пасьляваенны пэрыяд было рэпрэсавана каля 270 тысяч чалавек — 10% усяго насельніцтва краіны.
На пачатку 1930-х дэпартацыя і раскулачваньне былі дрэнна арганізаваныя, праводзіліся ў духу клясавай барацьбы з шырокім прыцягненьнем сялянскай беднаты і рознага кшталту актывістаў.
Рэпрэсіі 1937–1938 гадоў былі сакрэтнымі, ведамаснымі апэрацыямі, якія праводзіліся апаратам НКВД.
З дэпартацыяй тое самае. Калі на пачатку 1930-х 8дэпартаваных проста выгружалі сярод тайгі альбо стэпу, то праз 10 гадоў арганізацыя масавых дэпартацый зрабілася больш эфэктыўнай і прафэсійнай.
Больш за 500 тысяч чачэнцаў і інгушоў дэпартавалі цягам літаральна 6 дзён, з 23 па 28 лютага 1944 году — пры ўдзеле 119 тысяч прадстаўнікоў спэцвойскаў НКВД.
Рэпрэсіі, практыка кіраваньня грамадзтвам заразілі ўсе сфэры гаспадарчага, грамадзкага і нават духоўнага жыцьця.
Яскравы прыклад з эканамічнай гісторыі — дэпартацыя на поўнач якутаў. Вайна, трэба карміць фронт, харчоў не хапала. Самай таннай і лёгкай здабычай палічылі рыбу. Прыгадалі Якуцію, міжрэчча Лены і Алдана. Але людзі там займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. Дзяржкамітэт абароны і Якуцкі абкам партыі пастанавілі перасяліць некалькі дзясяткаў калгасаў на пару тысяч кілямэтраў на поўнач у тундру — рыбу лавіць. У 1944 годзе якутаў выгналі з дамоў, загналі на баржы, зьвезьлі ў тундру лавіць рыбу. У першую ж зіму каля 2 тысяч перасяленцаў памерлі. Рыбы яны не налавілі. У 1947 годзе якутам дазволілі вярнуцца дадому. Гэтым сялянам ніякіх палітычных абвінавачваньняў не выстаўлялася, іх быццам бы і не дэпартавалі.
Сталінскія масавыя рэпрэсіі выйшлі далёка за межы рэпрэсіўнай палітыкі, яны проста ўвайшлі ў жыцьцё цэлага пакаленьня савецкіх грамадзян, у грамадзкую сьвядомасьць, яны сталі складнікам пэўнай сыстэмы каштоўнасьцяў, якая не магла так хутка і раптоўна зьнікнуць, калі памёр Сталін. Як нагадваў філёзаф і гісторык Міхаіл Гефтэр яшчэ падчас перабудовы, «Сталін памёр учора».