Старажытныя інкунабулы на выставе ў гарадзенскім Новым замку

На выставе “Кніжныя скарбы музея (кнігазбор графа Вандаліна Пуслоўскага і графіні Марты Красінскай)” прадстаўленыя старажытныя кнігі XV–XVI стст., старадрукі, манеты і зборы з прыватных калекцый.

“85 гадоў таму графіня Марта Красінская з роду Пуслоўскіх падаравала Гарадзенскаму дзяржаўнаму музею свой кнігазбор з маёнтка Свіслач, што пад Горадняй. Яго ўсё жыццё збіраў яе бацька, граф Вандалін Пуслоўскі, і іншыя прадстаўнікі гэтага роду. Іх партрэты мы доўга шукалі ў музеях Польшчы, Літвы і Беларусі і знайшлі ў Кракаве, у музеі Ягелонскага ўніверсітэта”, – паведамляе супрацоўніца аддзела рэдкай кнігі гарадзенскага музея Алена Развановіч, якая правяла для кампаніі “Будзьма беларусамі!” невялікую экскурсію па дзвюх залах, дзе выстаўленая калекцыя.

“У гэтым родзе былі вядомыя дзяржаўныя і грамадскія дзеячы. Пачаў збіраць гэтую бібліятэку Войцех Пуслоўскі. Побач партрэты пяці яго сыноў: Францішка, Уладзіслава, Адама Тытуса, Францішка Ксаверыя і Вандаліна. У спадчыну ад бацькі яны атрымалі: прадпрымальніцкія здольнасці, схільнасць да навук і захапленне кнігамі.

Самым заўзятым збіральнікам быў малодцы брат Вандалін. Гісторык і археолаг, нумізмат і буйны прамысловец, ён пабудаваў вядомы палац у Косаве, дзе і сабраў шматтысячны збор.

Сярод кніг, прадстаўленых на выставе, – тры інкунабулы пад адной вокладкай. Інкунабулы – гэта кнігі-першадрукі, выдадзеныя да 1500 года. Такіх мала захавалася ў свеце. Першая – “Падручнік па логіцы” Яна Глагоўскага”, (1500), другая – трактат “Аб быцці і сутнасці” Эгідыя Рымскага (Лейпцыг, 1493), самае старое выданне ў нашым кнігазборы. Трэцяе – філасофскі слоўнік “Аб тлумачэнні цяжкіх тэрмінаў тэалогіі, філасофіі і логікі”, выдадзены ў Кёльне ў 1499 годзе. А палеатыпы – гэта кнігі, выдадзеныя з 1500 па 1550 год. Палеатып, прадстаўлены на выставе, – гэта “Падручнік для святароў-спавядальнікаў” напісаны Геранімам Саванаролам, тым самым, што за свой выступ супраць папства быў адлучаны ад касцёла і спалены на вогнішчы.

Збор трапіў да нас праз Марту Пуслоўскую, малодшую дачку Вандаліна. Марта атрымала збор у пасаг і перавезла ў маёнтак Свіслач. Частку гэтай спадчыны можна пабачыць на выставе”.

Выстава будзе працаваць цягам найбліжэйшых месяцаў.

Андрэй Мялешка