Калі б існавала адмысловая класіфікацыя беларускага кінамастацтва, то незалежная мультыплікацыя займала б у ёй нішу неспадзяваных скарбаў. Кінакрытык Тарас Тарналіцкі ў спецпраекце «Беларускае кіно на зломе эпох» распавядае пра такія неспадзяваныя скарбы апошніх гадоў.
Кадр з фільма «Занадта вялікі малюнак»
Гэта не проста прыгожыя словы — нават з сённяшнімі таннымі тэхналогіямі лічбавага мантажу і анімацыі працэс стварэння невялікіх кароткаметражных прац займае гады стараннай працы і патрабуе шмат грошай.
Нездарма большасць айчынных мастакоў усімі пальцамі трымаецца за свае працоўныя месцы на «Беларусьфільме», дзе хоць цяпер і пануе ідэалагічны кантроль і замова на прапагандысцкі кантэнт, усё ж захоўваюцца шчыліны для аўтарскай самарэалізацыі.
Але жыве анімацыя і па-за мурамі дзяржстудыі. Ствараюць яе звычайна мастакі-пасіянарыі, самадастатковыя творчыя адзінкі, якіх рухаюць наперад перадусім уласная фантазія і амбіцыі. І вынік іх працы часта здольны скласці канкурэнцыю і перамагчы нібы больш прафесійныя студыйныя праекты. Нават турбулентны пачатак новага дзесяцігоддзя не спыніў іх імпэт.
«Занадта вялікі малюнак»
Жыццё аніматара Генадзя Бута ўжо даўно сімвалічна падзелена на дзве часткі. Працуе мастак у Санкт-Пецербургу, а ездзіць да бацькоў у Гродна. Зарабляе грошы ў камерцыйнай анімацыі і рэкламе, а шукае прафесійнага прызнання ў аўтарскіх эксперыментах.
У яго фільмаграфіі можна адшукаць шмат дзіўных і правакатыўных прац, якія спалучаюць нечаканыя фарбы, формы, глядацкі вопыт успрымання рэчаіснасці. Напрыклад, 12-гадзіннае відэа «Фільм-забойца», падчас якога лічыльнік фіксуе, колькі вы страцілі часу свайго жыцця. Ці мінімалістычны 3D-мультфільм «Прымітывы» пра сутнасць мастацкай працы, у якім ажылыя класічныя геаметрычныя фігуры праз разбурэнне асяродка становяцца больш складанымі.
У гэтай паслядоўнасці візуальных перформансаў найбольш вылучаецца постдакументальны фільм «Занадта вялікі малюнак», у якой праца мастака рыфмуецца з працай бога. Аловак у руках творцы ці то пачынае вялікую вандроўку ад чыстага аркуша па ўсім белым свеце, ці то фактычна паўстае пад яго грыфелем. Любая трактоўка «Малюнка» так ці інакш натхняе на творчасць ці хаця б на пачатак чарговых прыгод.
«Калі я быў генерал»
Калі вы ўпэўнены, што для мастацкай працы неабавязкова мець адпаведную адукацыю, то варта прызнаць — магчымы і такі сцэнар самарэалізацыі. Таленавітыя і старанныя самавучкі, канешне, выключэнне з правілаў, але сустракаюцца і ў неспрыяльным беларускім асяродку. Юрый Сямашка — адзін з тых кінематаграфістаў, што стварылі сябе самі.
Разуменне як правільна і захапляльна распавесці гісторыю ў яго атрымалася рэалізаваць як у ігравым кіно, так і ў анімацыі. З апошніх вылучаецца яго сучасная лялечная казка «Калі я быў генерал» пра ратаванне безыменнага каралеўства адным адважным генералам.
Усцешвае ў гэтай працы літаральна ўсё: іранічны гумар аўтара, уручную створаныя лялькі і дэкарацыі, у якіх разгортваюцца падзеі, а таксама цікавы сцэнар, у якім хаваюцца нечаканыя сюжэтныя павароты. Канешне, візуальна мультфільм выглядае даволі спецыфічна, але гэта толькі дадае яму харызмы. А гледачу адчування, што ён сутыкнуўся з нечаканым шэдэўрам.
«Калыханка»
Іван Гапіенка — яркі прадстаўнік маладой генерацыі беларускіх мультыплікатараў, які паспеў папрацаваць на «Беларусьфільме», пашукаць лепшай долі ў айці-сферы, але па выніку абраў жыццёвым крэда менавіта незалежную анімацыю. Яго эмацыйная і візуальна насычная анімацыйная мова была заўважная па яго казачным фэнтэзі «Каралеўства зор», у якім ён асэнсоўваў драматычнасць чалавечай прыроды.
У падобнай рамантычнай стылістыцы зроблены яго асветніцкі паўнакупальны мультфільм «Мары зорак», прысвечаны гісторыі даследавання чалавекам касмічных прастораў.
Больш сталай і сур’ёзнай выглядае яго апошняя праца «Калыханка». У ёй Гапіенка ў экспрэсіянісцкай форме перапрацоўвае траўму 2020 года, гвалт з людзей, адчуванне ўласнай самоты і бездапаможнасці.
Галоўны герой — тыповы гараджанін — становіцца ахвярай павука, які палюе на яго і знявольвае ў кокане ўласнага павуціння цэлы горад. «Калыханка» трапна адлюстроўвае сённяшнія змрочныя часы, пазбягаючы пры гэтым відавочнай эксплуатацыі палітычнай павесткі.
Shirey Mara
Пачынаючая кінематаграфістка Ната Карнеева, як і Юрый Сямашка, спрабуе сябе ў розных формах: ігравым і анімацыйным кіно. Агульнай застаецца тэма асэнсавання ўласнай самоты, здрады і разарваных рамантычных стасункаў.
Такую ж драму перажывае галоўны герой яе анімацыйнага дэбюта — Іосіф, у якога памірае маладая жонка Мара. Малады чалавек шукае суцяшэнне ў навакольнай прыродзе, якая ўвесь час нагадвае аб яго страчаным каханні.
Зробленая ў тэхніцы лічбавай перакладкі, «Shirey Mara» выглядае вельмі асабістай працай у творчасці аўтаркі, закранаючы пытанні ідэнтыфікацыі (з Беларусі Ната эмігравала ў Ізраіль) і балючага самакапання. Асаблівай драматычнасці аповеду дадае грамадска-палітычны кантэкст з войнамі і рэпрэсіямі, які ў пэўным сэнсе адлюстравала стужка.
«Long live Беларусь» і «Магутны Божа»
Працы аніматаркі Юлі Рудзіцкай — яскравы прыклад таго, што грамадзянская пазіцыя не абцяжарвае мастака, а наадварот, натхняе яго на дзейнасць.
Яе куратарскі праект «Long live Беларусь», зроблены восенню 2020 года, аб’яднаў дзясяткі аніматараў з 20 краін свету, якія вырашылі падтрымаць беларускія пратэсты. Атрымаўся бясшоўны альманах з чырвона-белай палітрай, які перацякае з адной гісторыі ў іншую, рэфлексуючы пра чалавечую годнасць, узаемападтрымку, барацьбу з гвалтам і несправядлівасцю. Пра працу сёння ўжо забыліся, але яна застаецца важным артэфактам, які ўвабраў настрой і энергію тых гістарычных падзей.
Пралогам да альманаха стаў музычны кліп «Магутны Божа», створаны Рудзіцкай для перапрацаванага гуртамі Rostany і Naka рэлігійнага гімна пасляваеннай беларускай эміграцыі. Атрымалася змрочная сюррэалістычная казка аб пошуку святла ў краіне цемры. Казка, якая сканчваецца на абнадзейлівай ноце.
Якія яшчэ працы вартыя ўвагі:
«Вячэра з індычкай»
Кухар і індычка сумесна жывуць і вядуць рэйтынгавае кулінарнае шоу. Але творчыя амбіцыі паміж партнёрамі даводзяць да сапраўднага злачынства.
Пярэсты і інтрыгоўны трылер выпускніка Эстонскай акадэміі мастацтваў Глеба Куфцерына.
«Блізняты-важаняты»
Мілы беларускамоўны дзіцячы мультсерыял (выйшла тры эпізоды) пра прыгоды сямейства вожыкаў, грошы на які аўтаркі — прадзюсарка Марыя Грыц, пісьменніца Ганна Янкута, рэжысёрка Алена Барушка і аніматарка Святлана Катлярова — шукалі праз краўдфандынг.
«Марыля. У пошуках дзіўнікаў»
Маленькая Марыля ненаўмысна выпускае на вуліцы Мінска страшных істот з іншай рэальнасці і сумесна з сябрам Алесем і дзядулем-прывідам спрабуе ўсё выправіць.
Зняты па замове кампаніі А1 прыгодніцкі дзіцячы мультсерыял можа пахваліцца не толькі беларускай мовай, але і прыемнай анімацыяй і цікавым фэнтэзійным сюжэтам. Агулам выйшла 12 серый, якія можна паглядзець на сэрвісе Voka.
«Багна»
Сімпатычна намаляваны экалагічны мульцік са зразумелым актывісцкім мэседжам пра тое, як важна супрацьстаяць эксплуатацыі прыроды. Дыпломная праца аніматарак Надзеі Гіл і Мілены Леонавай.
«Муха са стразамі»
Эксперыментальная праца мастачкі Юлі Лабковай, створаная ў выглядзе перакладнога калажа, у якой дзяўчыну пераследуе жудасная муха, упрыгожаная ружовымі стразамі.
Тарас Тарналіцкі, Budzma.org