Таямніца Стражаўскага крыжа

16.02.2021 Гісторыя

Ці скіфы стварылі Стражаўскі крыж і чым сапраўды адметны гэты помнік даўніны? Рапсавядаем пра самы загадкавы каменны крыж Беларусі.

Бягучы год пагражае нам чарговай гістарычнай сенсацыяй: выяўлены паклонны тысячагадовы скіфскі крыж з выявай Хрыста і святога князя Уладзіміра. І не дзесьці далёка, а ў Кіраўскім раёне Магілёўскай вобласці. Пра гэта паведаміў праваслаўны інфармацыйны партал sobor.by. Гэта так неверагодна гучыць, што адразу цяжка паверыць і хочацца праверыць, наколькі прыведзеныя ў згаданым артыкуле звесткі адпавядаюць рэчаіснасці.

Пра што гаворка? Каменны крыж, пра які распавядаецца, высечаны з чырвонага граніту, вышынёй 0,8 м, шырынёй 0,5 м і таўшчынёй 0,3 м. З вонкавага боку па ўсёй паверхні крыжа ёсць рэльефная выява чалавека ў доўгім жупане, зашпіленым на гузікі і падпярэзаным поясам і ў шапцы. Рукі сагнуты ў локцях, далоні на поясе. Рысы твару выразныя. Па краях лопасцей крыжа высечаны невялікія крыжыкі, а з адваротнага боку — выява распяцця. На тарцавых паверхнях ёсць яшчэ рэльефныя выявы жывёл, магчыма, леапардаў (адзін з аднаго боку, два — з другога). Ніжняя частка апрацавана ў выглядзе пастамента.

3jOgSFicieQ.jpg

Стражаўскі крыж. Крыніца – globus.tut.by

Адкуль крыж? Ужо з самага пачатку пры выкладанні гісторыі знаходкі «скіфскага» крыжа заўважны відавочныя недакладнасці і замоўчванне некаторых акалічнасцяў, хаця можна меркаваць, што аўтар артыкула мог усяго і не ведаць. Паводле артыкула, крыж быў выяўлены падчас земляных прац у вёсцы Гарадзец Кіраўскага раёна на глыбіні 1,5-2 м. У 2013 годзе крыж быў выняты з зямлі і перавезены ў храм Кіраўска.

4l6x-V2R57Q.jpg

Стражаўскі крыж. Крыніца – globus.tut.by

Насамрэч пра гэты крыж гісторыкам было вядома даўно. У 1984 г. яго выявіла ў часе экспедыцыі археолаг Людміла Дучыц, якая адзначыла, што крыж у той час знаходзіўся на могілках в. Стража Кіраўскага раёна. Пра гэты крыж яна згадвала ў сваіх публікацыях у 1985 і 1986 гадах. Таксама ёй належыць артыкул «Стражаўскі крыж» у другім томе энцыклапедыі «Археалогія Беларусі» (2011 г.). У вёсцы распавядаюць, што сапраўды крыж раней быў на мясцовых могілках, але недзе ў 2006 г. яго сцягнулі трактарам і хацелі перавезці ў в. Паўлавічы Кіраўскага раёна, аднак мясцовыя жыхары не дазволілі гэта зрабіць. У выніку крыж абяцалі завезці назад на могілкі, якія былі яшчэ раней зруйнаваны, калі рабілі дарогу, аднак так і не вярнулі, а проста скінулі крыж па дарозе, дзе ён і заставаўся пэўны час. У 2011 г., крыж быў абследаваны ўдзельнікамі экспедыцыі, арганізаванай Студэнцкім этнаграфічным таварыствам. Помнік быў часткова прыкапаны, але выступаў з зямлі, быў заўважны і ўрэшце рэшт расчышчаны ўдзельнікамі экспедыцыі. Адпаведна, калі ў 2013 г. адбылася наступная, ужо паспяховая, спроба вывезці крыж, ён насамрэч быў добра бачны і не быў на глыбіні пад зямлёй. Ніякіх земляных прац там не было, як і выпадковай знаходкі, пра крыж ведалі і мэтанакіравана падымалі, каб вывезці. Момант вельмі спрэчны з розных бакоў, мясцовыя жыхары прама казалі, што крыж быў скрадзены, чым абураліся. У выніку гэтай гісторыі помнік апынуўся ў Свята-Пакроўскай царкве ў Кіраўску, дзе і захоўваецца сёння.

BdJs1RLRosE.jpg

Стражаўскі крыж. Крыніца – globus.tut.by

А што ж не так? Калі далей разглядаць артыкул «Святыни Кировской земли... Тысячелетний скифский крест», то кідаецца ў вочы яшчэ нямала недакладнасцяў і памылак, прычым менавіта на іх і грунтуецца гіпотэза пра скіфскі крыж ХІ ст. з выявай святога князя Уладзіміра. Нават без адмысловага паглыблення можна заўважыць асноўныя хібы.

ty3l3Wwgbkk.jpg

Стражаўскі крыж. Крыніца – globus.tut.by

Каменны крыж не мог быць створаны скіфамі ў ХІ ст. Паводле згаданай энцыклапедыі «Археалогія Беларусі», культура скіфаў існавала ў Паўночным Прычарнамор’і ў VII–III ст. да н. э. На тэрыторыі Беларусі, сапраўды, прасочваюцца ў жалезным веку пэўныя сувязі з скіфамі: напрыклад, іх старажытнасці сустракаюцца на паселішчах плямён Мілаградскай культуры. Але потым існуе велізарны храналагічны разрыў паміж часам скіфаў і меркаванай датай стварэння крыжа. Акрамя таго, скіфам невядомы каменныя крыжы.

Не можа не выклікаць усмешку спасылка на летапісца Нестара, які ўслед за грэкамі крывічоў, радзімічаў і іншыя плямёны назваў «Вялікая Скіфь». Аднак гэта не сведчыць, што тут сапраўды жылі скіфы. З такім жа поспехам можна верыць, што шляхта Рэчы Паспалітай папраўдзе была сарматамі.

Параўнанне з выявамі «на крестах из скифских курганов у станицы Келермесская в России», як прамы мастацкі аналаг, насамрэч не з’яўляецца карэктным, бо, па-першае, крыжоў там няма, па-другое, тыя курганы датуюцца VII–VI ст. да н. э., але ж ніяк не XI ст., а, па-трэцяе, скіфскія выявы стылістычна не адпавядаюць тым, што ёсць на Стражаўскім крыжы.

Інтэрпрэтацыя выявы чалавека ў якасці святога князя Уладзіміра таксама не вытрымлівае крытыкі, бо для гэтага ўвогуле няма ніякіх аргументаў.

Падобна, што мы сутыкнуліся з чарговай спробай штучна стварыць гістарычную сенсацыю. На першы погляд, гэтая містыфікацыя ствараецца, як і ў іншых падобных выпадках, для прыцягнення ўвагі да помніка, для яго сакралізацыі, вынікам якой, у выпадку поспеху, будзе плынь цікаўных турыстаў і паломнікаў. У той жа час, разам з падменай уласнай гісторыі праз падобныя тэорыі фармуецца пэўны ідэалагічны кантэкст, які не спрыяе асэнсаванню і разуменню значэння помніка ў гісторыі культуры Беларусі. Застаецца толькі здагадвацца пра сапраўдныя матывы тых, хто гэта робіць.

А што там насамрэч? А вось гэта вельмі добрае пытанне. Спачатку варта згадаць меркаванне Людмілы Дучыц. На яе думку, Стражаўскі крыж датуецца XVII–XVIII ст., а на крыжы можа быць партрэтная выява нейкага мясцовага нябожчыка-шляхціча. Падобныя партрэтныя выявы на каменных крыжах у Беларусі пакуль больш не выяўлены, хаця пры некаторым дапушчэнні тут можна спрабаваць праводзіць паралелі з скульптурнымі магнацкімі надмагіллямі XVI–XVII ст., а вобраз чалавека на крыжы мог быць натхнёны сармацкім партрэтам. У такім выпадку мы можам мець справу з цікавым узорам інтэрпрэтацыі дарагіх скульптурных надмагілляў мясцовым майстрам у кантэксце так званага «нізавога» барока. Можна канстатаваць, што падобны каменны крыж не быў даступны простаму селяніну. Ён мае, відавочна, статусны характар, таму версія пра прыналежнасць крыжа да шляхецкай культуры выглядае досыць імавернай.

Трэба мець на ўвазе, што каменныя крыжы масава распаўсюджваюцца на беларускіх землях з XVI ст., хаця ёсць яшчэ меркаванне, што яны пашырыліся з XV ст., што, аднак, прынцыпова не змяняе сітуацыю. І хоць на дадзены момант у Беларусі невядомы каменныя крыжы з дакладным датаваннем раней за XVI ст., іх існаванне не выключаецца.

У справе атрыбуцыі помніка варта звяртаць увагу на наступныя акалічнасці: 1) стылістычныя асаблівасці выяў жывёл; 2) выяўленчыя асаблівасці выявы чалавека (вопратка, пастава) 3) форма крыжа; 4) іканаграфічныя асаблівасці распяцця.

Апошні момант можа быць найбольш істотным. Справа ў тым, што Стражаўскі крыж мае нетыповую форму распяцця: Хрыстос укрыжаваны на канструкцыі ў выглядзе двух слупоў з папярэчынай, што выглядае як літара «П», наверсе якой размешчаны невялікі крыжык. Гэта зусім нехарактэрна і для праваслаўных, і для каталікоў, і для ўнітаў, і для пратэстантаў. Таксама яшчэ не выяўлены адпаведнікі. Менавіта гэтая адметная рыса можа даць асноўныя адказы, але ж патэнцыйна і справакаваць новыя пытанні. Гэта асобная загадка, чаму майстар менавіта так высек распяцце, бо такая форма дакладна не памылка, а вынік свядомай мэтанакіраванай працы. Ці гэта ўласная ініцыятыва майстра, ці выкананне волі замоўцы, што гэта значыць? Пытанняў тут нямала.

Некаторую інфармацыю дае і першасны агляд формы крыжа. Вядома, што для розных рэгіёнаў і перыядаў можна прасачыць адметнасці ў выглядзе і канструкцыі крыжа. Стражаўскі крыж мае кароткія прастакутныя лопасці. Расійскія даследчыкі Аляксандр Патраўнаў і Таццяна Хмельнік вылучылі гістарычныя рэгіёны з існаваннем традыцыі каменных крыжоў, якія маюць сваі характэрныя формы. Згодна з іх даследаваннем, крыжы с прастакутнымі лопасцямі найчасцей сустракаюцца на землях былога Вялікага Княства Літоўскага. Таксама асаблівасцю Стражаўскага крыжа з’яўляюцца рэльефныя выявы. Ужо згаданыя аўтары адзначаюць, што каменныя крыжы з рэльефнымі выявамі распяцця ва Усходняй Еўропе датуюцца часамі пасля XV ст. У той жа час, распяцце на Стражаўскім крыжы зусім не падобнае на тыя, што вывучылі расійскія аўтары. Трэцяя асаблівасць вывучаемага помніка — гэта масіўная і шырокая ніжняя частка, якая з’яўляецца пастаментам для замацавання ў вертыкальным становішчы. І крыж, і пастамент утвараюць адзінае цэлае і былі высечаны з аднаго каменя. Такая канструкцыя прызначалася для ўсталявання крыжа на на мяккіх грунтах, каб цэнтр цяжару апынуўся як мага бліжэй да паверхні зямлі ці ніжэй за яе узровень. Напрыклад, каменны крыж з падобным пастаментам захаваўся ў в. Сіняя Нікола Краснагародскага раёна Пскоўскай вобласці. Прыведзеныя звесткі не даюць канчатковых адказаў, але з вельмі вялікай доляй верагоднасці сведчаць пра мясцовае паходжанне Стражаўскага крыжа і імавернасць яго стварэння пасля XV ст. Такім чынам, нягледзячы на стылістычную архаічнасць выяў, першапачатковая версія Людмілы Дучыц можа стацца блізкай да праўды.

Яшчэ раней у прыватных абмеркаваннях агучваліся ідэі пра тое, што выява чалавека пачаткова была на культавым валуне паганскіх часоў, з якога пасля быў высечаны крыж, на другім баку якога зроблена распяцце, а з цягам часу крыж трапіў на могілкі. На маю думку, гэта малаверагодна, бо заўважна стылістычнае падабенства абедзвюх выяў, але для канчатковага вырашэння гэтага пытання варта яшчэ рабіць дадатковы мастацтвазнаўчы аналіз, а таксама параўнанне тэхналагічных слядоў апрацоўкі, калі такія захаваліся на паверхні крыжа. Калі б выявы рабілі ў розныя часы, то будзе адрознівацца не толькі стылістыка, але і тэхналогія вырабу.

Таксама ёсць думкі, што Стражаўскі крыж адлюстроўвае сінкрэтычную рэлігійную традыцыю і з’яўляецца прыкладам узаемаўплываў паганства і хрысціянства. Пэўнымі аналагамі падобнага могуць быць каменныя выявы Усходняй Германіі, якія суадносяць з сярэднявечнымі паганскімі славянскімі старажытнасцямі (напрыклад, камяні з Альтэнкірхена, Бергена на Ругене, Вольгаста, Белгерна і інш.).

Пра сімвалічнае значэнне жывёл, як і пра вызначэнне іх відавой прыналежнасці, зараз нельга дакладна сказаць, але на першы погляд можна правесці стылістычныя паралелі з выявамі леапардаў на манетах ВКЛ, якія з’явіліся ў 80-х гадах XIV ст. І гэта таксама можа быць яшчэ адным аргументам на карысць тутэйшага паходжання крыжа. Дакладна можна сцвярджаць, што на помніку выявы жывёл з’явіліся менавіта тады, калі камень стаў крыжам, бо яны аздабляюць яго бакавыя паверхні.

Стражаўскі крыж — гэта той выпадак, калі сапраўды помнік з’яўляецца ўнікальным ва ўсіх сэнсах. Яго адметнасць была, ёсць і будзе. І для гэтага нават не трэба выдумляць новыя міфы і штучна прыцягваць скіфаў і князя Уладзіміра. У Беларусі гэтаму крыжу няма аналагаў, і, як падкрэслівае Людміла Дучыц, падобныя помнікі на тэрыторыі Усходняй Еўропы невядомы. І гэта так. Нават у іншых рэгіёнах пакуль не выяўлены адпаведнікі, якія б дазволілі праліць святло на магчымы час стварэння і паходжанне помніка. Крыж яшчэ чакае разгадкі сваёй таямніцы. Яго сапраўдная гісторыя нашмат цікавей, чым міфы, якія пра яго спрабуюць стварыць.

budzma.by