Ці магчыма за год зрабіць са свайго горада сталіцу стрыт-фуда? А стварыць у ім крэатыўную вуліцу? Кампанія “Будзьма беларусамі!” сустрэлася з кіраўніцамі маладзечанскага Дыскусійнага клуба Валянцінай Сідоркінай і Ганнай Холад, каб паразмаўляць пра неабыякавых грамадзян і вулічныя фестывалі.
Фота Таццяны Сафонавай
Як паўстаў дыскусійны клуб
Валянціна Сідоркіна: У мінулым лістападзе я завяла старонку ў інстаграме, каб прасоўваць нейкія актыўнасці ў Маладзечне. Таму мне было цікава, ці ёсць у нашым горадзе людзі, якія хацелі б далучацца да арганізацыі івэнтаў, нешта рабіць на карысць Маладзечна. Менавіта каб пазнаёміцца з імі, я запісалася ў майстэрню ідэй “Ліхтар”, арганізаваную ў нашым горадзе кампаніяй “Будзьма Беларусамі” вясной 2018 г. У ходзе сустрэч стала зразумела, што рабіць гарадскія падзеі нескладана і нястрашна, асабліва калі ў цябе ёсць аднадумцы. У якасці “выпускнога” пасля майстэрні мы вырашылі зрабіць фэст. Бо насамрэч цікава паспрабаваць нешта новае — шмат прыкладаў удалых мерапрыемстваў у Віцебску, у Магілёве, а ў нас да гэтага часу праходзіў толькі фестываль песні і паэзіі.
Ганна Холад: Я не паспела запісацца на майстэрню, але калі там праводзілі занятак па працы са СМІ, захацела трапіць. Пасля яго вырашыла далучыцца і да наступных сустрэч. Я не сказаць каб планавала займацца гарадскім актывізмам, але мы скаапераваліся з Валянцінай і пачалі працаваць разам. Мы разумелі, што зрабіць маштабную падзею ўдвох цяжка, таму звярнуліся да людзей праз сацсеткі: каму цікава зрабіць народны фестываль?
На наш заклік адгукнуліся гараджане, мы атрымалі каля пяцідзесяці заявак. Хто захацеў далучыцца? Проста жыхары горада: прадстаўнікі бізнесу, рамеснікі і тыя, хто хоча самарэалізавацца.
Пасля мы прыйшлі ў Мінскі абласны краязнаўчы музей, бо гэта выдатная пляцоўка з вялікім дворыкам. Упэўненасці, што нас падтрымае дзяржаўная ўстанова, не было, але кіраўніцтва музея нас падтрымала, дамовіцца аказалася досыць лёгка.
Неабыякавасць анлайн
ВС: Мы ўзялі прыклад з віцебскага фэсту “Кардонка”, дзе было шмат розных пляцовак, і для дзяцей, і для дарослых. У музеі праходзілі майстар-классы, выступы музыкантаў, разнастайныя актыўнасці для дзяцей, а таксама ток-шоў: абмяркоўвалі, што можна палепшыць у нашым горадзе, сабралі ідэі для крэатыўнай карты горада. Наш фэст стаў гэткім стартам — атрымалася ахапіць частку гараджан, якія пасля далучыліся да дыскусійнага клуба.
Сустрэчы клуба пачаліся з першага верасня, кожныя два тыдні да нас прыходзіла 15-20 удзельнікаў, многія з іх бралі адказнасць за пэўную ініцыятыву. Мы зрабілі чат у вайберы для ўсіх удзельнікаў клуба, і людзі пачалі далучацца ад абмеркавання анлайн.
Насамрэч анлайн-фармат вельмі добра паказаў сябе: напрыклад, на першай сустрэчы было цяжка паставіць кропку ў канцы, але на ёй мы абралі пяць ці шэсць ідэй, якія падаліся самымі важнымі і за якія нехта з удзельнікаў клуба мог узяць адказнасць, і пачалі працу.
ГХ: Напрыклад, у нас ёсць праект па інклюзіўным грамадстве: мы правялі першы інклюзіўны фестываль у горадзе, дзве інклюзіўныя вечарыны і выезд на конны спартыўны комплекс. Гэты праект з’явіўся, бо на першую сустрэчу прыйшлі мамы дзяцей з інваліднасцю, яны агучылі пэўныя свае патрэбы, адной з якіх была арганізацыя інклюзіўных мерапрыемстваў, дзе маглі б удзелінічаць як дзеці з інваліднасцю, так і без яе.
Адгукнуліся нават людзі, якія не сутыкаліся з праблемай. Так, напрыклад, Марыя Калеснікава узялася ў цэлым курыраваць увесь праект, накіраваны на інклюзіўнасць. Пры гэтым за кожнае асобнае наша мерапрыемства адказваў адзін з ўдзельнікаў клуба, і жадаючых прымаць удзел у арганізацыі далучалася ўсё болей. Сутнасць была ў тым, каб сабраць разам людзей з інваліднасцю і без, і вучыцца жыць побач, нешта рабіць разам.
Валянціна Сідоркіна. Фота – Ганна Тавгень
ВС: Так атрымалася, што інклюзіўны фестываль “Я – супергерой” выпаў на адзін дзень з іншай нашай ініцыятывай — прэзентацыяй вуліцы стрыт-фуда. Гэта быў вельмі цікавы досвед – правесці ў адзін дзень два праекты з рознай тэматыкай, было цікава паглядзець, як яны пераклікаюцца.
Вуліца стрыт-фуда імя ката Францыска
ГХ: Асноўная ідэя “Вуліцы стрыт-фуда” — зрабіць адну з вуліц у цэнтры горада (на якой, дарэчы, месціцца восем розных рэстарацый) крэатыўнай гарадской прасторай, дзе кожны можа рэалізаваць сябе. На пілотную прэзентацыю сабралася болей за тысячу чалавек. Мы паглядзелі, хто што можа рабіць. Напрыклад, рамеснікі, якія ўмеюць вязаць, узяліся адшукаць па шафах “бабуліны квадраты”. Так на вуліцы падчас пілотнай прэзентацыі з’явліся абвязаныя дрэвы. Зрабілі мы і яшчэ адзін цікавы арт-аб’ект – “музычны ліфт”.
Цяпер гэты праект — адзін з самых буйных, яго асвятляюць СМІ. Разам з ім мы ўдзельнічалі ў Social Weekend і атрымалі падтрымку ад кампаніі velcom. Актывісты звязалі для праекта ката Францыска, чыім прататыпам стаў рэальны кот, што жыве на гэтай вуліцы. Мы сабралі ў людзей варыянты народнай назвы вуліцы, цяпер яе ў народзе называюць “Міні-рынак”, хаця гэта вуліца Скарыны. Атрымалі больш за сто ідэяў: “Шлях да мары” (ад крамы “Мара”, што месціцца на гэтай вуліцы), “Свая Вольная”, “200 метраў крэатыву”, “Бабулін двор”, “Завулак ката Францыска”.
ВС: Насамрэч вуліца робіцца моладзевай, крэатыўнай. Ды і горад ужо неаднаразова называлі “сталіцай стрыт-фуда”.
Людзі прыходзяць да нас з розных прычынаў. Нехта хоча рэалізавацца як куратар праекта, камусьці проста цікава браць удзел у актыўнасцях. Да нашай першай сустрэчы шмат хто з нас жыў па схеме “праца-дом-праца”, а цяпер у ўдзельнікаў дыскусійнага клуба з’явіўся дадатковы інтарэс. Напрыклад, Ірына Тархан — вось такі актыўны чалавек, якому проста падабаецца працаваць над гарадскімі актыўнасцямі. Яна не толькі дапамагае ладзіць агульныя гарадскія падзеі, але і працуе над тэмай добрасуседства ў сваім двары – з пачатку студзеня ужо паспела арганізаваць суботнік і свята снегавікоў.
Крэатыўная мапа рукамі гараджан
ГХ: Паралельна мы рэалізавалі праект па стварэнні крэатыўнай карты. Я пісала дыпломную працу па ўзаемадзеянні турыстаў з мясцовымі жыхарамі. Турысты хочуць бачыць тое, што выходзіць за межы звычайнай турыстычнай карты, выбрацца з такой сабе “турыстычнай бурбалкі”. Людзям падабаецца, калі мясцовыя распавядаюць пра цікавыя месцы ў горадзе. Да таго ж і самі мясцовыя шмат чаго могуць даведацца пра свой горад.
Ганна Холад
ВС: Для людзей аказалася цікавым па-іншаму паглядзець Маладзечна. Падчас стварэння карты мы столькі месцаў знайшлі, пра якія самі не ведаем. Мы папрасілі жыхароў запоўніць анлайн-анкету, дзе трэба было расказаць пра гарадскія цікавосткі з розных бакоў, пыталіся пра самых знакамітых персанажаў горада, пра месцы з патэнцыялам. Паступова на карце з’яўляліся новыя пункты: месцы, дзе людзі сустракаюцца па інтарэсах. Цяпер мы ў пошуку новых аб’ектаў, хочам распрацаваць маршруты па карце. Карта існуе на дзвюх мовах: па-беларуску і па-руску, цяпер патрэбнае месца ў інтэрнэце, дзе карта магла б быць замацаваная, бо пакуль яе можна знайсці толькі праз спасылкі ў сацыяльных сетках.
Пра найбліжэйшыя планы
ГХ: Мы працягваем працаваць з нашай вуліцай стрыт-фуда, у найбліжэйшых планах — паспрабаваць зрабіць гэтую вуліцу пешаходнай, размясціць на ёй вулічную мэблю, а адкрыццё зрабіць у выглядзе гастрафэсту. 26 лютага стартуе праект “Інклюзіўны барыста”, які ініцыяваў знакаміты Саша Аўдзевіч.
Мы хочам зладзіць на нашай крэатыўнай вуліцы барахолку, а таксама правесці другую рэгіянальную прэмію FRAme.
ВС: Таксама ідзе праца над праектам для мам і дзетак “Разам”, які зараз курыруе Вольга Дашкевіч. Ідэя ў тым, што мамы з дзецьмі збіраюцца ў розных месцах: у фітнэс-цэнтры, кафэ, дзіцячых цэнтрах, дзеці займаюцца, а мамы ў гэты час удзельнічаюць у майстар-класах. І ніхто збоку ім не скажа, як тое часцяком бывае, што “прыйшлі ў грамадскае месца і дзіцёнка з сабой прыцягнулі”.
Пра актывізм ва ўласным жыцці
ВС: Канечне, мне складана часам сумяшчаць актывізм з працай і сям’ёй, але гэта дае вялікую матывацыю, таму я планую і далей працягваць.
ГХ: Для мяне гарадскі актывізм увогуле стаў асноўнай дзейнасцю, хоць я гэтага і не чакала. Гэта няпроста, але новыя выклікі, новыя праекты падбадзёрваюць. У нас ёсць амбітны план стварыць брэнд горада, дзе давядзецца шчыльна супрацоўнічаць з уладамі, з гараджанамі, распрацоўваць стратэгію. Таму гэты праект будзе доўгатэрміновым.