«Сцэнар прыйшлося перапісваць»: беларускія рэжысёры знялі фільм пра Мінск

22.08.2022 Кіно

Хутка на экраны Беларусі выходзіць стужка «Гэта я, Мінск».

Яе аўтары — маладыя кінематаграфісты Андрэй Грынько і Дзмітрый Дзядок.

Запуск гульнявой карціны на кінастудыі «Беларусьфільм» адбыўся яшчэ ў 2019 годзе. Але праект аказаўся «замарожаны».

Што ж адбылося тады і пра што ў выніку будзе фільм? — Reform.by пастараўся даведацца ў аўтараў, вядомых у беларускім кіно найперш незалежнымі працамі.


2-6.jpg
Кадр з фільма «Гэта я, Мінск». Фота: https://belarusfilm.by

— Арганізацыйны працэс быў досыць складаны, — падзяліўся «асаблівасцямі» працы на кінастудыі «Беларусьфільм» з аглядальнікам Reform.by адзін з рэжысёраў гульнявой стужкі — Дзмітрый Дзядок. — У 2019 годзе складанасць узнікла ў тым, што былі цяжкасці з бюджэтам, хоць мы ўжо «прабілі» падрыхтоўчы перыяд, кастынгі, усё падрыхтавалі. У 2021 годзе нам прыйшлося ў сціслыя тэрміны ўсё нанова рабіць. Прычым частка бюджэту ўжо была выдаткавана ў 2019 годзе, таму мы аказаліся даволі моцна абмежаваныя ў магчымасцях.

3-6-1536x808.jpg
Кадр з фільма «Гэта я, Мінск». Фота: https://belarusfilm.by

Дзмітрый Дзядок — беларускі рэжысёр, для якога «Гэта я, Мінск» — далёка не першая стужка. Ён — аўтар дакументальных і гульнявых карцін «Невядомы мужчына», «Паміж небам і зямлёй», «Сумленны погляд», «Дзіма»; яго нельга назваць пачаткоўцам у кіно.

На пытанне, што ж падштурхнула аўтара на супрацоўніцтва з «Беларусьфільмам», Дзмітрый адказвае, што «жаданне папрацаваць на студыі, якую заснавалі майстры». Зараз жа атрыманы досвед малады кінематаграфіст апісвае як «незабыўны», аднак падкрэслівае, што ўдзячны камандзе і тым людзям, якія добрасумленна працавалі на фільме нават у вельмі складаных абставінах.

— Было цяжка [працаваць], ёсць шмат момантаў у сістэме вытворчасці, якія можна было б наладзіць, — адзначае Дзмітрый. — Прычым усім будзе лепш. Спадзяюся, што ў перспектыве гэта калі-небудзь здарыцца.

— Але фільм — зроблены. Гэта самае важнае, — дадае ён, удакладняючы, што ў працэсе стварэння кінакарціна зведала змены.

4-4-1536x808.jpg
Кадр з фільма «Гэта я, Мінск». Фота: https://belarusfilm.by

— Мы шмат чаго перарабілі, — дзеліцца рэжысёр. — Сцэнар прыйшлося перапісваць, бо прайшоў час, свет змяніўся. Мы пачыналі ў 2019-м, а цяпер — 2022. З больш рамантычнай гісторыі «Гэта я, Мінск» трансфармаваўся ў філасофскую прыпавесць. Перад намі стала цэнтральным пытанне: хто мы ёсць?

У фільме сюжэт такі: да героя-рэжысёра прыязджае сяброўка з замежжа з жаданнем зрабіць рэпартаж пра мінчан і Мінск.

— Галоўнае пытанне, якое яна задае людзям — «Хто вы?», — распавядае беларускі кінематаграфіст. — І кожны на яго адказвае ў адпаведнасці са сваім разуменнем і атаясамліваннем з пэўнай сацыяльнай ці яшчэ нейкай іншай групай. Гераіня бярэ інтэрв’ю, а паралельна вакол адбываюцца розныя падзеі. Таксама свой фільм робіць яе сябар — рэжысёр.

Па выніку ў карціне «скрыжоўваюцца» рэальныя дакументальныя здымкі і гульнявая частка.

— Атрымаўся цікавы вопыт сумяшчэння дакументальнага кіно з гульнявым, — каментуе Дзмітрый Дзядок. — Тая частка, дзе кіно здымае гераіня-дакументалістка, — гэта рэальныя дакументальныя здымкі і інтэрв’ю з мінчанамі, якія мы рабілі на вуліцах горада, без пастаноўкі. Драма — гэта ўжо лінія яе сябра, беларускага аўтара, які заняты больш філасофскімі пытаннямі. Усё атрымалася даволі арганічна.

На пытанне, якім жа Мінск паўстане ў іх фільме, Дзмітрый Дзядок адказвае: «У нас атрымаўся зачараваны горад. Нам ён адчуваецца таямнічай сталіцай свету».

1-12-1536x808.jpg
Кадр з фільма «Гэта я, Мінск». Фота: https://belarusfilm.by

У фільме задзейнічаныя беларускія акцёры: Юры Шаланкоў, Арсеній Гардзіенка, Дар’я Воранава, Кацярына Ермаловіч, Таццяна Фёдарава, Ягор Шабетнік, Вольга Давыдава-Роік і іншыя артысты.

На карціне мастакамі-пастаноўшчыкамі працавалі Павел Шапо, Андрэй Тоўсцік. Кампазітар стужкі: Ігар Камар. Аператар: Аляксандр Алейнікаў.

Здымкі адбываліся на вуліцах Мінска, а таксама на Мінскім моры.

Прэм’ера карціны Андрэя Грынько і Дзмітрыя Дзядка «Гэта я, Мінск» плануецца ў бліжэйшыя месяцы.