Лятучы ўніверсітэт запрашае на лекцыю палітолага ВЯЧАСЛАВА БАБРОВІЧА “СУПРАЦЬСТАЯННЕ ФАШЫЗМУ І ЛІБЕРАЛІЗМУ НА ПОСТСАВЕЦКАЙ ПРАСТОРЫ”. Лекцыя адбудзецца ў межах серыі лекцый “Галоўнае пытанне” 21 кастрычніка (серада) у 18.30.
Пасля распаду Савецкага Саюза скончылася эпоха працяглага проціборства дзвюх сусветных сістэм. Большасць утвораных постсавецкіх рэспублік прыняла дзяржаўныя канстытуцыі, у аснову якіх пакладзены каштоўнасці ліберальнай дэмакратыі. У гэты ж час амерыканскі палітолаг Фрэнсіс Фукуяма піша аб канчатковай перамозе лібералізму ва ўсім свеце. З таго часу прайшло больш за 20 гадоў, а колькасць прыхільнікаў лібералізму (як кажуць сацыёлагі) у постсавецкім грамадстве не расце. Мала таго, сёння яму аб’яўлена сапраўдная ідэалагічная вайна з боку прадстаўнікоў так званага «Рускага свету» і прафашысцкіх ідэолагаў.
Савецкая прапаганда вызначала фашызм як разнавіднасць буржуазнай ідэалогіі, маскіруючы генетычнае падабенства германскага нацызму з савецкім сацыялізмам. Тым самым затушоўваліся і прынцыповыя адрозненні паміж фашызмам і лібералізмам, як найбольш паслядоўнымі, антаганістычнымі формамі калектывісцкай і індывідуалістычнай ідэалогій. Існуючае паміж імі ідэалагічнае супрацьстаянне яскрава паказвае расійска-украінская ідэалагічная вайна, якая разгарэлася на нашых вачах. Абураючыся «фашысцкім» урадам ва Украіне, большасць расейцаў не заўважае рост фашысцкіх настрояў у сябе дома. Атрымаўшы ў свой час перамогу над фашызмам у вайне, савецкі (і постсавецкі) народ ніколі па-сапраўднаму не змагаўся з самой фашысцкай ідэалогіяй, не мае супраць яе імунітэту і не здольны распазнаваць яе ў штодзённасці.
У чым выяўляецца ўплыў фашызму ў сучаснай Расеі?
Як і чым ён спакушае масавага чалавека?
Кола прыхільнікаў абедзвюх ідэалогій у Беларусі і Расеі значна шырэй, чым нам кажа пра гэта сацыялогія. Менавіта супрацьстаянне фашызму і лібералізму ў постсавецкім грамадстве і вызначае дух сучаснай эпохі.
21 кастрычніка у межах серыі “Галоўнае пытанне” Лятучы ўніверсітэт запрашае на лекцыю палітолага Вячаслава Бабровіча “Супрацьстаянне фашызму і лібералізму на постсавецкай прасторы”. Пачатак а 18.30.
Слухачоў просім папярэдне зарэгістравацца. Інфармацыя пра месца правядзення будзе дасланая зарэгістраваным удзельнікам напярэдадні.
Звяртаем увагу на змены ў раскладзе далейшых лекцый: анансаваная на 28 кастрычніка лекцыя Алеся Разанава адбудзецца 11 лістапада. А 28 кастрычніка мы запрашаем Вас разважаць над “галоўным пытаннем” Міхала Анемпадыстава. Актуальная інфармацыя на нашым сайце: www.fly-uni.org.