Сустрэча з пісьменнікам Уладзімірам Арловым, якая мусіла адбыцца 22 сакавіка у Цэнтры беларускай культуры і супольнасці ў Вільні, адменена ў сувязі са скаргамі літоўскга блогера Жыльвінаса Світоюса. Арганізатары паведамілі, што не могуць гарантаваць бяспеку ўдзельнікам мерапрыемства.
Жыльвінас Світоюс размясціў пост у фэйсбуку, у якім назваў Уладзіміра Арлова «галоўным ідэолагам літвінізму». Гэты допіс атрымаў шырокі розгалас і сабраў шмат каментароў, у тым ліку і з пагрозамі.
У выніку Цэнтр беларускай культуры і супольнасці прыняў рашэнне адмяніць сустрэчу.
«Мы не можам ні гарантаваць бяспеку Арлова, ні нашу», — паведаміў Цэнтр беларускай культуры і супольнасці.
«Беларусам відавочна, што Арлоў не з’яўляецца літвіністам, — піша Цэнтр беларускай культуры і супольнасці і заклікае беларусаў Літвы актыўна вырашаць канфлікт: «Першым крокам гэтага вырашэння абавязкова мусіць быць намаганне зразумець прэтэнзіі літоўцаў са шчырай спагадай і цікаўнасцю. Беларуская й літоўская супольнасць — не ворагі, яны маюць ворагаў супольных. Заклікаем паводзіцца сыходзячы з гэтай пазіцыі...».