Кажуць, у гэтым свеце, дзе інфармацыйныя патокі віруюць хутчэй за ўраган Харві, заўсёды можна знайсці свой ціхі прытулак. Там пішуць выключна пра тое, што цябе цікавіць, і зыходзячы з тых пазіцый, якія табе блізкія. А да астатняга не чапляйся, у нас жа свабода слова. Кшталту не падабаецца — не чытай, няма пачуцця гумару — не замінай іншым смяяцца. Усе людзі як людзі, і толькі ты бачыш “нешта не тое” ў анекдотах пра бландзінак, рэкламе пітной вады і чыёйсьці рэдакцыйнай палітыцы.
Даследчыкі сцвярджаюць, што сеціва — канцэнтрат таго, што мы маем у “рэальным” жыцці. У святле гэтага мова варожасці — лакмусавая паперка, якая паказвае стан грамадства. У вузкім сэнсе яна адлюстроўвае каштоўнасці таго ці іншага чалавека, выдання, арганізацыі. І мяркуючы па тым, што адбываецца навокал, карцінка ў нас не вельмі аптымістычная. Журналісты з лёгкасцю выкарыстоўваюць рыторыку нянавісці, рэкламшчыкі па-ранейшаму мяркуюць, што сэкс прадае, а СММшчыкі часам не могуць прыдумаць нічога лепшага за недарэчны накід і сэксісцкія нападкі.
Напрыклад, Vandrouki.by ведаюць не толькі ўсё пра нашых былых, але і тое, што такое сапраўдны крэатыў. Набраць капслокам топ халіварных тэмаў і для гарантыі дадаць: “В комментарии приглашаются оскорбленные (пересчет е*анутых объявляется открытым)”. Усё, далей чакаем вайнушку.
У Беларусі панятак прафесійнай рэпутацыі пакуль працуе слаба. У нас любая публічная персона можа дазволіць сабе ўсё што заўгодна — гамафобную рыторыку (згадайма “Вверх”), жарты за мяжою фолу (прыбіральні “Корпуса”), непасрэдная абраза кліентак (“Элема”, “Мілавіца”, “Беліта-М”) — і ў адказ на крытыку ёрнічаць альбо агрэсаваць далей. Палітыкі, у сваю чаргу, лёгка дзеляць людзей на “здаровых” і “хворых”, “нармальных” і не вельмі, а таксама ўсур’ёз прапаноўваюць прыняць закон аб “абароне прыроды чалавека” ды заклікаюць да крымінальнай адказнасці за сэксуальную адукацыю.
Тут, трэба сказаць, вылучаецца нядаўняя гісторыя “Слаўнай”, калі кіраўніцтва кампаніі (хай сабе і праз тыдзень) выбачылася за сваю некарэктную рэкламу і непрафесійны падыход. З аднаго боку, гэта вельмі нагадвае шматхадоўку, калі хайп на хайпе і хайпам паганяе, а з другога, з непрывычкі ўражвае адэкватны афіцыйны каментар. Таму проста пакінем гэты прэцэдэнт у памяці і паглядзім, ці будзе выкарыстоўваецца такі метад у будучыні.
Тактыкі і стратэгіі прасоўвання прадукту ці паслугі ніколі не грунтаваліся і не будуць грунтавацца на кпінах, здзеках (так званых “жартах”) з людзей, што належаць да прывілеяванай групы. Мы не ўбачым рэкламы, дзе малады (белы, заможны, гетэрасэксуальны) мужчына з адктытым ротам і недарэчным выразам твару будзе выбіраць сабе “Мазду” альбо хлеб у гіпермаркеце. Аднак знойдзем шмат неэтычных выбрыкаў у дачыненні да жанчын альбо нябелых людзей. На вяршыні сацыяльнай іерархіі знаходзяцца тыя, хто мае ўладу і сімвалічны капітал, а ўнізе — людзі, якія праз эканамічныя, гістарычныя альбо больш празаічныя прычыны прайгралі ў латарэю. Першыя прывыклі да думкі, што ім дазволена болей, у тым ліку і вызначаць, што называць “нормай” і “традыцыяй”. Адпаведна, дыскрымінацыя — гэта сістэма, а не набор адзінкавых актаў несправядлівасці. А прывілеі — не выбар, а зададзеныя ўмовы гульні, у якой адны дзейнічаюць “дзякуючы”, а іншыя — “насуперак” жыццёвым абставінам.
Менавіта таму сэксізм, расізм і іншыя формы несправядлівасці — гэта не пра свабоду слова альбо права на выказванне. Гэта пра спаборніцтва ў нецярпімасці.
Мала хто з прыхільнікаў мовы варожасці гатовы размаўляць пра сувязь паміж кожным няўдалым жартам, непрафесійным артыкулам і злачынствамі на глебе нянавісці. І рэч тут не ў няведанні. Часцей усё журналісцкая супольнасць выдатна разумее ўсё пра некарэктную лексіку, фокус, падачу артыкула і выкарыстоўвае гэта як інструмент папулярызацыі і распаўсюду свайго кантэнту. У медыйнай прасторы, дзе ўсе навокал змагаюцца за лайкі, нават царкоўны ютуб-канал пачынаецца са словаў “Дароф, братишки и сестренки! Хайпанем немножечко?”.
Жаданне выйсці на большую аўдыторыю зразумелае. Але няўжо найлепшы рэдактарскі ход — назваць аўтарскую калонку мізагіннай і бравіраваць гэтым? Альбо ў сітуацыі, калі ўсе дактары аднаго з беларускіх гарадоў адмаўляюцца рабіць аборт, спытаць у мужчын, што яны пра гэтую з’яву думаюць, і атрымаць “Женщину, которая убила своего ребенка и к тому же ничего не сказала своему мужчине, расстрелять только!”. Магчыма, такі падыход называюць “паглядзець на рэчы з розных бакоў”, але адваротны бок права — адказнасць, а не меркаванне тых, каго гэта непасрэдна не тычыцца.
Гаворка тут, вядома, не пра тое, каб нешта забараніць (гэта рэдка прыводзіла да нечага добрага), а пра тое, каб навучыцца размаўляць і чуць адно аднаго. Пра тое, што ўсім нам часам не стае крыху этыкі і эмпатыі.
Таня Сяцко
Глядзіце таксама: