Актрыса, рэжысёр і спявачка — аб роднай краіне, беларусах і эміграцыі. І пра наш галоўны дыягназ.
— У нас, у беларусаў, наогул трывожнае засмучэнне — гэта такое наша ўсё, лічыцца нашым асноўным грамадскім захворваннем, — кажа Света Бень на канале Votvot (тэкст паводле відэа запісала «Салідарнасць», пераклад budzma.org). — Таму што праз Беларусь увесь час ішлі войны.
Гэта краіна, якая зведала вельмі шмат страшнага і падчас Другой сусветнай вайны, і да. Трыста гадоў у кампаніі з Расійскай імперыяй — гэта вельмі страшны ціск і страшны пастаянны пратэст.
Цяпер зноў адрадзілася наша нацыянальнае супраціўленне. Яно ўвесь час адраджаецца і ўвесь час заціскаецца. Таму беларусы вельмі асцярожныя і вельмі напружаныя.
Гэта наш нейкі натуральны стан. Увесь час быць напагатове, увесь час адчуваць сябе пад акупацыяй, увесь час быць у таксічнай прасторы. Але вельмі моцна таму падтрымліваць адно аднаго.
Гэтае пачуццё трывогі, абсалютнай небяспекі навакольнага свету, жудасных несправядлівасцяў пачалося з 2014 года. Нейкі вельмі ўтульны казачны дзіцячы свет, які быў да 2014 года, быў разбураны.
І стала зразумела, што як у «Гары Потэры», якога я тады ўвесь час чытала сваёй дачцы, як і тамака не заўсёды дабро перамагае зло прама тут і прама цяпер.
І не заўсёды гэтая перамога літаральная, яна вельмі тонкая і складаная. Вось гэтае пачуццё заўсёды вісела з таго часу.
Разважаючы пра эміграцыю, артыстка расказвае, што пасля падзей 2020 года ёй забаранілі выступаць у Беларусі, і з-за рэпрэсій яна вымушана была з’ехаць з краіны.
— У мяне ў песні быў такі радок пра тое, што аўтазакі, такія чорныя — гэта бідоны, напоўненыя чорным малаком гвалту.
Пасля пратэстаў аказалася, што 90% гуртоў не могуць больш граць у Беларусі. Пра гэта не гаварылася наўпрост, нам проста не падпісвалі гастрольнае пасведчанне, не тлумачачы ніякіх прычын.
Самае страшнае разумець, што мае дзеянні пацягнулі за сабой наступствы, якія прычынілі вялікі боль і жудасныя траўмы дзіцяці і бацькам.
Разуменне, што мае дзеянні былі слушнымі і сумленнымі, не вызваляе мяне ад пачуцця віны, таму што з-за гэтага пацярпелі мае самыя блізкія людзі, пацярпелі сур’ёзна, істотна.
Дачцэ тут дрэнна і бацькам дрэнна. Ці ў праве я была рабіць нешта, што не мяняе істотна сітуацыю ў свеце, але кардынальна і драматычна мяняе жыццё маіх блізкіх? Гэта вельмі важнае пытанне, на якое ў мяне няма ніякага адказу.
То бок, ён ёсць, што немагчыма было зрабіць па-іншаму. Але гэта страшэнны жах.
У маёй дачкі-падлетка ёсць такая траўма, ёсць такі надлом зараз, які здарыўся ў такім далікатным узросце, які ці наўрад будзе загладжаны ўсімі бонусамі, якія дае жыццё тут.
Мне падаецца, ідэальная сітуацыя, калі чалавек вырас, прыняў рашэнне і з’ехаў. Або з’ехаў у малюсенькім узросце і рос і фармаваўся ў новым асяроддзі.
Калі высадак, трывала які ўкараніўся ў зямлі, які знайшоў тут пажыўнае асяроддзе, выдзіраюць і пераносяць, у яго вельмі вялікія шанцы не прыжыцца.
Апошнія гады ў Беларусі проста страшная абстаноўка, жудасная — 37-ы ў поўным сваім раскрыцці. Але і да гэтага ўсё роўна гэта было ў нас, як радыяцыя. Яно адчувалася. Яно мігцела.
Вонкава — так, у Беларусі вельмі шмат добрага і ў ёй вельмі шмат адказных людзей. Сапраўды ў нас людзі не любяць смеціць, сапраўды яны беражліва ставяцца сябар да сябра і прасторы ў цэлым.
Таму мне бывае цяжкавата ў Нямеччыне (спявачка жыве ў Берліне — С.), калі я бачу вуліцы, на якіх людзі выкідваюць папяровыя шкляначкі.
Увесь час хачу нейкую мятлу, хачу ўсё гэта падмятаць. Беларус ува мне абураны і траўміраваны бычкамі на вуліцы.
Але калі б гэта была адзіная адметнасць Беларусі, гэта было б вельмі добра. Але там ёсць іншыя складаныя ўнутраныя працэсы, — кажа Света Бень.