Меланхалічны выбух, меладычны ўзрыў і эстэтычная асалода. Менавіта так можна пракаментаваць тое, што з’яўляецца гэтай восенню на музычных пляцоўках ад нашых музыкаў. Кожны тыдзень з’яўляюцца новыя імёны, а тыя, хто даўно не навічок у справах нот і тэкстаў, гатовыя здзіўляць і эксперыментаваць. Што гэта, як не цуд?
У рубрыцы «Гітара Мулявіна» сёння паслухаем якасны, не саромячыся гэтага слова, поп, дакранемся да чароўнага трэпу, і канешне, не забудземся на фолкавыя матывы. Пагналі!
На Нямізе я цябе знайду
Тык-ток блогер Ілья Шынкарэнка залятае ў рэкамендацыі не толькі сваімі ролікамі па-беларуску, але з нейкага часу яшчэ і якаснымі трэкамі. Яго новы рэліз мае назву «На Нямізе» і сапраўды прыемна ўражвае.
Музыка раскрывае тэму кахання і сустрэчы, якая можа адбыцца цяпер хіба толькі ў марах. Асноўнай кропкай сустрэчы ўяўляецца Няміга, бо куды ж без яе? Сам выканаўца прадстае ў песні простым хлопцам, які шчыра дзеліцца сваімі пачуццямі, нібы твой сябар з суседняга пад’езда. Глыбокіх метафараў можна не чакаць, але гісторыя распавядаецца ад чыстага сэрца і так, што напрыканцы пачынаеш верыць у сапраўднасць душэўных пакутаў лірычнага героя на ўсе сто адсоткаў. І гэта прываблівае!
Песня зроблена па ўсіх канонах поп-трэка з гучным прыпевам, паступовым нарастаннем і, я б нават сказаў, надрывам у некаторых момантах. І хоць EP ад гэтага ж выканаўца мне не надта зайшоў, вымушаны прызнаць, што канкрэтна гэты трэк я ставіў на рэпіт не 2 і не 3 разы.
The lonely crow or love machine?
Яшчэ адзін артыст, які апошнім часам пуляе сінглы, нібы гармата — Пётр Клюеў, вядомы цяпер пад псеўданімам Love Machine. Яго новая кампазіцыя «The lonely crow» — гэта постмадэрнісцкая казка без шчаслівага канца. Шчыра, увогуле без нейкага зразумелага канца. Але і не сказаць, каб там зусім не было сэнсу, бо калі вы адкрыеце тэкст і перакладзеце яго з англійскай, то хутка зразумееце, што ў самотнага крумкача сапраўды няпросты жыццёвы шлях.
Дапаўняе агульную атмасферу суворасці і біт, які мае даволі чоткую структуру пры наяўнасці цяжкога баса. І гэта зусім не дзіўна, бо за музычную частку тут адказны вядомы нам па мінулым сінгле Машыны Кахання, Lilnapitokprod. Сам Пётр гэтым трэкам паказвае, што відавочна яго эксперыменты са стылямі і жанрамі будуць працягвацца і далей, і хто ведае, куды гэта прывядзе беларускую музыку ў выніку.
Выходзіць, мы валацугі
Песня-рэфлексія пра каханне і таксама любоў да сябе, інакш як яшчэ ахарактарызаваць радок «усе за 30 гадоў свае памылкі гатовы ўзяць і паўтарыць ізноў».
Гэта артыст AP$ENT з сінглам «Kachanne» ўрываецца ў топ свежых рэлізаў пачатку лістапада. Не абмінуў ён і тэму наканаванняў, спяваючы нам пра тое, што ўсё у жыцці так ці інакш, але можна змяніць на сваю карысць.
Манера спявання ў трэку файна падыходзіць да напалову шансоннага гучання інструментала, у якім ёсць месца нават струнным матывам.
Песня адчуваецца як капуснік, які ў нейкі час перастаў быць смешным і цяпер, хоць і з сатырычнымі ноткамі, але закранае больш глыбокія тэмы.
Асабіста мне хацелася б чуць ад выканаўца больш такой музыкі, бо за частымі эксперыментамі бывае складана выслухаць штосьці цікавае і да таго ж па-беларуску.
Хатні Томпсан, budzma.org