У Дзень смеху Лявон Вольскі прэзентаваў у кнігарні «логвінаЎ» набор паштовак «Святы, якія заўжды з табой», што выпусціла кампанія “Будзьма беларусамі!”. Праўда, атрымаць аўтограф і паслухаць песні змаглі далёка не ўсе.
Ужо ў 18.30 на прыступкі кнігарні было не прабіцца. “Навучаныя людзі. Што ж вы хацелі”, – кажа Лявон Вольскі, запіваючы апошнія пігулкі. Яшчэ за некалькі гадзінаў да імпрэзы арганізатары не былі ўпэўненыя, ці здолее Лявон выйсці да публікі: сіплы голас у слухаўцы расказаў пра тэмпературу 38 і дадаў: “Гэта не жарт”.
Але самаахвярна, самааддана і пад апладысменты Лявон Вольскі ўвайшоў у набітую кнігарню і пачаў… Тым часам вакол галерэі “Ў” расцяклося чалавечае мора. На прыступках утварылася цэлая чарга па Вольскага. Хтосьці прагна лавіў гукі любімых песень, якія ўтульна ліліся з прачыненай форткі. Публіка не разыходзілася, жартавала і ставілася да сітуацыі, як і належыць 1 красавіка, з іроніяй. «Ой, а што тут такое?» – «Дзень гумару», – з разуменнем ківалі тым, хто толькі падыходзіў да кнігарні і здзіўлена натыкаўся на занятыя моладдзю прыступкі.
У сценах галерэі для ўсіх, хто паспеў у іх апынуцца, панавала радасная атмасфера свята і яднання. Было заўважна: шмат хто ўпершыню ў сценах кнігарні. Хтосьці са здзіўленнем разглядаў літаратурныя навінкі, хтосьці набываў налепкі і завушніцы ў краме, што побач. Тыя ж, хто апынуўся бліжэй да Зоркі, замаўлялі песню за песняй, але Лявон тлумачыў, што не ўсё можа праспяваць, бо ад прастуды сеў голас: «Наступным разам ужо… калі-небудзь». Публіка тут жа пачала імпэтна распытваць, калі ж той наступны раз будзе.
«Вялікія канцэрты ў Мінску не плануюцца, бо няма ў нас жадання звязвацца з гастролькамі, але будуць маленькія выступы, магчыма, на нейкіх прыватных тэрыторыях. Падчас забароны мы ездзілі ў Салігорск, ля нейкіх катэджаў гралі, нічога», – па-сяброўску аджартоўваўся Вольскі.
«Вось у Цюрыху будзеце трэцяга…» – летуценна прамовіў хтосьці. «Запрашаем, – рассмяяўся Вольскі, – выдатны горад, добрая краіна, няпраўда, што там усё так ужо дзіка дорага». Ён дадаў, што вялікага канцэрта ў Вільні варта чакаць толькі восенню, гэта будзе прэзентацыя новага альбома «Крамбамбулі».
Каардынатарка кампаніі «Будзьма беларусамі!» Ніна Шыдлоўская распавяла: «Мы рыхтаваліся да творчай сустрэчы, своеасаблівай аўтограф-сесіі. Ажыятаж вакол гэтай сустрэчы – відавочнае пацвярджэнне, наколькі публіка згаладалася па выступах Лявона, наколькі яго прагнуць чуць на радзіме. Ну што ж, будзем працаваць на тое, каб наступная сустрэча з Вольскім магла задаволіць усіх яго аматараў».
Пра праблему, якая стала відавочнай для арганізатараў гэтай імпрэзы, кажа каардынатарка кампаніі Алена Макоўская: «Ідэя прэзентаваць паштоўкі менавіта 1 красавіка ўзнікла некалькі тыдняў таму, але знайсці прасторнае памяшканне аказалася проста нерэальна, усе культурныя пляцоўкі распісаныя далёка наперад. Не было магчымасці правесці сустрэчу нават у прыдатных для гэтага кавярнях, якія ўсё болей і болей апошнім часам выступаюць як платформы для культурніцкіх мерапрыемстваў, бо і яны аказаліся таксама занятыя. З аднаго боку, гэта вельмі добра і сведчыць пра рост цікавасці да культуры, з іншага – іх яўны недахоп. Такім чынам нас прытуліла кнігарня, якая, зразумела, нават блізка не змясціла ўсіх ахвочых».
Напрыканцы Лявон Вольскі ўрэшце распавёў пра паштоўкі ўласнага аўтарства, якія прэзентаваў. Гэта 28 гумарыстычных віншаванняў з каляндарнымі і прафесійнымі святамі: тут і дні міліцыянта, дэсантніка, будаўніка, работніка гандлю альбо сельскай гаспадаркі – адсвяткаваць што-небудзь можна заўжды.
«Некаторыя гіганты беларускай думкі казалі, што гэтыя паштоўкі– абсалютна непатрэбны прадукт, бо цяпер трэба змагацца. Ну, мы ж і змагаемся адной нагой. Але калі толькі змагацца, то мы ж там усе і згарым. Гумар патрэбны. Я і праект «Крамбамбуля» стварыў якраз з гэтай прычыны – каб не згарэць», – іранізуе Лявон.
На фінальных «Трох чарапахах» натоўп заварушыўся і заскокаў нават у калідоры, а Лявону Вольскаму не давялося напружваць голас: «Ты не чакай!» падхапілі, здаецца, і ў сувенірнай краме.
Кампанія «Будзьма беларусамі!» просіць прабачэння ва ўсіх, хто стаяў на дварэ і не змог трапіць у кнігарню. Дзякуем за пазітыў і разуменне і абяцаем, што прыкладзем усе сілы, каб наступныя сустрэчы з Лявонам Вольскім адбываліся на больш прасторных пляцоўках.
Тэкст — Аляксандра Дорская, Ліза Неўмяржыцкая
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»