На пачатку лістапада ў Веткаўскай раённай бібліятэцы адбылася літаратурная сустрэча з удзелам сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў — Барыса Пятровіча, Алеся Пашкевіча, Усевалада Сцебуракі, Ларысы Раманавай, Генадзя Лапаціна, барда Змітра Бартосіка.
На сустрэчы былі прэзентаваны новы, 78 нумар часопіса “Дзеяслоў”, кнігі “Рух” Алеся Пашкевіча, “Варвара Грэцкая як з’ява беларускай народнай культуры” Генадзя Лапаціна.
Гэтая сустрэча, як і многія іншыя культурныя акцыі, праходзіла ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Грунтуючыся на каштоўнасцях, якія ёсць у нашых людзях, мове, традыцыях, гісторыі, жыхары Беларусі аб’ядноўваюцца не па этнічнай прыкмеце, а на глебе павагі да краіны Беларусь.
Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч (Сачанка) вядомы беларускім і замежным чытачам кнігамі “Ловы” (1992), “Сон між пачвар” (1994), “Фрэскі” (1998), “Шчасце быць” (2004), “Жыць не страшна” (2008), “Піліпікі” (2008 ), “Пуціна (2015).
Выступае Барыс Пятровіч
Барыс Пятровіч здаўна ведае Веткаўшчыну; у 1980-ых гадах, падчас працы ў “Гомельскай праўдзе” пабыў у многіх мясцінах Гомельшчыны. Нарадзіўся ў вёсцы Вялікі Бор — вёсцы Хойніцкага раёна. Марыў стварыць самы лепшы літаратурна-мастацкі часопіс і стварыў яго. Цяжка ўявіць сучаснае духоўнае, літаратурнае, інтэлектуальнае жыццё Беларусі без часопіса “Дзеяслоў”. З верасня 2002 года і па сённяшні дзень у “Дзеяслове” друкуюцца лепшыя творы сучаснай беларускай літаратуры, невядомая спадчына класікаў, пераклады твораў замежных аўтараў. У кожным нумары — дэбют маладога аўтара, адбываецца знаёмства з творчасцю беларускіх мастакоў.
Менавіта ў першым нумары “Дзеяслова” (верасень 2002) былі надрукаваны два апавяданні — “Матыў калыханкі”, “Пейзаж адзіноты” з новай кнігі “Чароўны алень вечных ловаў” нашага першага Нобелеўскага лаўрэата Святланы Алексіевіч.
На сустрэчы ў бібліятэцы Барыс Пятровіч павіншаваў усіх прысутных з тым, што менавіта беларуская пісьменніца, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, жыццёвы шлях якой вельмі звязаны з Гомельшчынай, атрымала самую высокую, прэстыжную літаратурную прэмію ў свеце.
Выпадкова ці не, але ж многія творы, размешчаныя ў № 78 “Дзеяслова”, запрашаюць пераасэнсаваць уласнае зямное жыццё, зазірнуць у будучыню, як гэта звычайна бывае на Дзяды.
“Прыпавесць “На ўсякім свеце” Уладзіміра Някляева — сведчанне таго, што ў наш час ствараюцца надзвычай актуальныя, запатрабаваныя творы. Падзеі, аб якіх распавядаецца ў творы, адбываюцца якраз на Дзяды, у той час, калі можна сустрэцца з продкамі. Беларуская міфалогія багатая на традыцыйныя ўяўленні аб іншасвеце. Рытуал Дзядоў у найбольш архаічнай форме захоўваецца толькі ў беларусаў. Да нашага часу існуе ўяўленне: той, хто першы прыйдзе на Радаўніцу на могілкі, пачуе ад сваіх памерлых родзічаў параду, як знайсці схаваны скарб. Памятаеце, якіх коней незвычайных — чарадзейных падарыў нябожчык-бацька свайму малодшаму сыну за тое, што ён прыходзіў і начаваў тры ночы на бацькавай магіле? (Казка “Бацькаў дар). “Мы вас бачым, а вы нас — не”, пераказала аднойчы ў размове словы памерлага сына жыхарка Веткаўскага раёна N, якія пачула ад яго ў сне. У прыпавесці “На ўсякім свеце” Уладзіміра Някляева продкі размаўляюць аб сваім, набалелым: “Не ўсе ж беларусы сканалі… — пачаў Стась, і Мацей падскочыў у труне. —У Багушах — усе, а ў Беларусі — не ўсе? Чаму? Ты чуў, каб яны казалі па-беларуску? Каб па-свойму маліліся?.. Не чуў. Дык скуль ты ведаеш, што яны беларусы? І што жывыя? … Стась упершыню ў жыцці падумаў, што сказаць пра чалавека, жывы ён ці не, зусім не так проста, як заўсёды здавалася. Тое, што чалавек рухаецца, есць, п’е, нешта кажа, глядзіцца ў люстэрка — не доказ, што ён жывы”.
У №78 “Дзеяслова” друкуецца працяг эсэ Міхася Скоблы “Саркафагі страху”.“Што будзе з магілай Максіма Багдановіча? — непакоіцца Міхась Скобла, а разам з ім — беларусы, тыя, каму дарагое імя класіка беларускай літаратуры. — Сёння Крым пад ціскам абставінаў мяняе грамадзянства — з украінскага ставновіцца расійскім…. Жывыя стаяць у чэргах па расійскія пашпарты, а мёртвым уся гэтая мітусня непатрэбная. Ці ў складзе Украіны, ці ў складзе Расіі магіла Багдановіча павінна мець аўтаномны, недатыкальны статус,” — сцвярджае Міхась Скобла.
26 лістапада гэтага года Уладзіміру Караткевічу, аўтару знакамітых твораў “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Каласы пад сярпом тваім”, “Ладдзя роспачы”, “Чазенія”, “Маці ўрагану” ды многіх іншых, споўнілася б 85 гадоў. У “Дзеяслове” друкуецца ўнікальны тэкст “Дзённіка”, які Уладзімір Караткевіч вёў у 1965-66 гадах, найбольш у Рагачове.
На прэзентацыі часопіса Ларыса Раманава распавядала, якім чынам жыццё і творчасць пісьменніка звязана з в. Нісімкавічы Чачэрскага раёна, у якой даволі часта вялі палявыя запісы супрацоўнікі Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава.
Частка гісторыі Беларусі — гісторыя горада Веткі, якой у гэтым годзе “спаўняецца” 330 гадоў.
Ларыса Раманава прапанавала зазірнуць у мінулыя стагоддзі — прадэманстравала выяву старажытнай “Пагоні” — герба Рэчыцкага павета, адначасова — дзяржаўнага герба Веткі ў 1680-ыя гады (на той час вёска Ветка належыла Казіміру Халецкаму і ўваходзіла ў склад Рэчыцкага павета). “Пагоня” на фіялетавым тле — сучасны герб Рэчыцы, а таксама — адзін з пяці гербаў, якія ёсць на сучасным сцягу Гомельскай вобласці.
Яна згадала пра даўні звычай, які — дакладна вядома — існаваў на Веткаўшчыне аж да сярэдзіны 19 ст. у мясцовых жыхароў. У стараабрадцаў, паводле запісаў этнографа Е.Р. Раманава, гэты звычай меў назву “лопаўшчына”. Калі жанчыне ці мужчыну было больш за восемдзесят, чалавек не мог фізічна працаваць, родныя дзеці адвозілі яго ў лес і пакідалі паміраць..
Паводле школьнай праграмы вучні агульнаадукацыйных школ Беларусі ў 5 класе вывучаюць казку Уладзіміра Караткевіча “Нямоглы бацька”, у якой выразна праглядваецца караткевіцкае: “Рабі не так, як усе, і тады пераможыш”. Сын Пятро пераступіў Стары Закон: пашкадаваў старога бацьку і не адвёз яго ў лес, як гэта рабілася спрадвеку. Калі ж здарыўся неўрадлівы год і людзі пачалі паміраць ад голаду, бацька параіў Пятру разабраць частку падстрэшка, крытага жытняй саломай, абмалаціць снапы і пасеяць збожжа. Людзі былі ўратаваны. Сын адкрыў сваю таямніцу суседзям. З таго часу перастаў дзейнічаць Закон карысці, дзеці перасталі адвозіць бацькоў у лес.
Гэтая гісторыя пераходзіла з пакалення ў пакаленне. Відаць, ведала яе і прабабуля Уладзіміра Караткевіча, Ганна Мікалаеўна Юдзеніч (… -1908), якая працавала настаўніцай у 1880-ыя гады ў в. Нісімкавічы Чачэрскага раёна. Прадзед пісьменніка служыў святаром у Краснаполлі, Чачэрску. У Юлляна і Ганны нарадзілася адзінаццаць дзяцей. Сярод іх быў і Васіль — дзед Уладзіміра Караткевіча.
Супрацоўнікі Веткаўскага музея Ларыса Раманава, Генадзь Лапацін запісалі падобны аповед пра сына, які не адвёз свайго бацьку ў лес, у 2002 годзе ад некалькіх жанчын, жыхарак в. Нісімкавічы. Таксама — аповед пра з’яўленне Маці Божай на полі, пра тое, як Яна падымалася ў неба, у што была апранута. Пра тое, што Бог ходзіць па нашай зямлі ад Вялікадня да Узнясення, людзі сталага ўзросту раскажуць амаль у кожнай вёсцы Гомельшчыны. Сапраўды, “На Беларусі Бог жыве” (Уладзімір Караткевіч).
Падчас сустрэчы ў бібліятэцы экспанавалася выстава ручнікоў бабіцка-нісімкавіцкай традыцыі ткацтва з фондаў Веткаўскага музея, вытканых на пачатку ХХ ст. На кожным з іх, на узорных канцах вытканы шырокія чырвоныя “вольныя” поласы. Назвы узораў: “лесвічкі”, “вулей накрыты”, “канапелькі”, “разьбітае сэрца” ды інш. Апошні ўзор нагадвае кветку “разбітае сэрца”. Гэтак жа называе свой верш у прозе Уладзімір Караткевіч. З якой вялікай пяшчотай распавядае ён пра гэтую сціплую, амаль непрыкметную кветку! “ … Для мяне ты такі ж самы сімвал бацькаўшчыны, зямлі майго кахання і труны маіх дзядоў, як бусел, як зубр, як сінія вейкі пралескі-любкі… Я цягнуся да цябе, простая расліна нашых кветнікаў, жывая мая душа, сэрца маё”…
“Дзённік “Уладзіміра Караткевіча чытаецца як мастацкі твор, магчыма, яшчэ цікавей, чым самі яго творы, бо раскрываюцца таямніцы яго творчасці, адносіны да жыцця: “Лёс, напэўна, ёсць. Возьме, ударыць, адбярэ нешта, уразіць болем — і раптам дасць, падорыць адчуванне еднасці чалавека са сваім людам, падорыць веру, што ўсё, нягледзячы ні на што, наканавана і прадвызначана ў лепшы бок, што нічога, ніколі і ніхто з гэтым не зробіць, што быць гэтаму вечна, пакуль ёсць людзі, зямля і дабрыня. І колькі дадзена табе служыць ім — столькі і служы. Не бойся. Што ні зробіш — толькі зрабі гэта па-чалавечы. Нават памры.”
Паэт, празаік, літаратуразнаўца Алесь Пашкевіч вядомы ў Беларусі выдатнымі раманамі на гістарычную тэматыку. Ён — аўтар кніг: “Нябесная сірвента” (1994), “Пляц волі” (дакументальна-гістарычны раман пра станаўленне беларускай дзяржаўнасці на пачатку ХХ ст. (2001), “Круг” (раман-біяграфія пра лёс беларускага паэта Уладзіміра Дубоўкі (2006), “Сімъ победиши” (2012) (раман і эсэ), абараніў кандыдацкую дысертацыю па паэзіі і доктарскую па прозе. Творы Алеся Пашкевіча перакладаліся на расійскую, украінскую, польскую, літоўскую, балгарскую, ангельскую і шведскую мовы.
Аповесць “Рух”, прэзентаваная Алесем Пашкевічам падчас сустрэчы ў Веткаўскай раённай бібліятэцы — сапраўдны падарунак для тых чытачоў, якія любяць вандраваць у часе і прасторы, адкрываючы пры гэтым у гісторыі “беларускі след”. Ужо сама прадмова аўтара, размешчаная ў кнізе, заінтрыгоўвае: “Яго ведаюць усе. Прынамсі — чулі ці сустракаліся. Калі і не з прозвішчам, дык з тым, што яно пачало азначаць у свядомасці грамадства ХХ і ХХI стагоддзяў: ДЫЗЕЛЬ. І ні тыя стагоддзі, ні грамадства без яго ўжо існаваць не могуць, хоць і не памятаюць. Аднак штодня чуюць і сустракаюцца…”.
Зміцер Бартосік
Алесь Пашкевіч падарыў кнігу “Рух” чытачам бібліятэкі. Засталіся на памяць аб незабыўнай сустрэчы кнігі Барыса Пятровіча, кніга “Варвара Грэцкая як з’ява беларускай народнай культуры” Генадзя Лапаціна. Песні ў цудоўным выкананні Змітра Бартосіка, вершы, прачытаныя Усеваладам Сцебуракам, запомніліся ўдзельнікам сустрэчы надоўга. Свята, якое стварае Слова, не сыходзіць ніколі.
Ларыса Раманава