Іерэя Андрэя Наздрына, настаяцеля праваслаўнага прыхода ў Альшанцы (прыход храма Свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага), вызвалілі з пасады, піша Hrodna. life.
Указ іерэй Андрэй Ноздрын атрымаў 18 траўня 2022 года. Разам з пасадай настаяцеля Наздрын таксама страціў пасаду кіраўніка місіянерскага аддзела і адказнага па пытаннях фізічнай культуры і спорту Гродзенскай епархіі.
На пачатку мая з Наздрыным правялі прафілактычкую гутарку. Яго апублікавала праўладная актывістка Вольга Бондарава.
Менавіта па заяве Вольгі Бондаравай правялі праверку. Парушэнняў з боку Наздрына не выявілі. Але прафілактычную гутарку аб выкананні заканадаўства і недапушчэнні экстрэмісцкіх правапарушэнняў і злачынстваў правялі.
Андрэй Наздрын — клірык Гродзенскай епархіі БПЦ, настаяцель храма Спірыдона Трыміфунцкага ў Гродне. Скончыў Варшаўскую праваслаўную семінарыю і Варшаўскую багаслоўскую акадэмію. У 2011−2016 гг. працаваў у Свята-Пакроўскім саборы ў Гродне.
У жніўні 2020 года заклікаў не распальваць варожасць паміж народам і арміяй. Быў адным з гродзенскіх святароў, хто дапамагаў затрыманым падчас мірных пратэстаў у жніўні 2020 года: прывозіў у турму ваду і сродкі гігіены. Выступаў супраць вайны ва Украіне.
У ліпені 2021 года стала вядома, што святара Герогія Роя знялі з пасады настаяцеля Пакроўскага сабора. Тады ж Мікалая Гайдука знялі з пасады настаяцеля Нікольскага храма на Архіерэйскім падвор’і, а Анатолія Ненартовіча — з пасады сакратара Гродзенскай епархіі.
Рэпрэсіі супраць святароў Гродзенскай епархіі пачаліся пасля таго, як епіскапа Арцемія адправілі на пенсію нібыта па стане здароўя паводле хадайніцтва Сінода Беларускага экзархата. У жніўні 2020 года Арцемій выказаўся супраць дзеянняў сілавікоў. На яго месца прызначылі новага епіскапа — Антонія.