«Беларусы перасталі быць траўмаванымі толькі пад 2020-я гады, у нас вырасла светлае пакаленне нябітых дзяцей, мы маглі іх бачыць на вуліцах Менска, іншых гарадоў, мястэчак і вёсак. І гэтае пакаленне аказалася пабітае».
Фота з асабістай старонкі ў Фэйсбук
Беларуская пісьменніца і перакладчыца, лаўрэатка прэстыжнай літаратурнай прэміі Ежы Гедройця Святлана Курс (Ева Вежнавец) сталася ўдзельніцай дыскусіі "Вайна і гвалт праз прызму беларускай літаратуры"/"Krieg und Gewalt: Aufarbeitungen in der belarussische Literatur«, якую ўвечары 28 лютага зладзіў Форум гістарычных даследаванняў пры дапамозе Deutsche Gesellschaft Für Osteuropakunde. Budzma.org прыводзіць некаторыя думкі Святланы Курс, выказаныя падчас дыскусійнай сустрэчы.
Балючая тэма, ад якой не ўцячы
Я стала пісьменніцай насуперак таму, што існавалі Васіль Быкаў і Алесь Адамовіч. Іх літаратура заўсёды адкідвала мяне, бо я сама — чалавек-недапалак, маю сям’ю спалілі — выжыла адна толькі бабка з каровай. Для мяне гэта тэма была надта балючай, я не любіла чытаць Быкава з-за гэтага, я не любіла чытаць Адамовіча. Але чалавек ад некаторых рэчаў не можа ўцячы. І таму ў 2018 годзе я атрымала журналісцкую прэмію «Вольнае слова» менавіта за тэкст пра спаленыя вёскі, у тым ліку маіх спаленых продкаў. Гэта цяжкая для мяне тэма, яна цягнецца за мной усё маё жыццё, хаця б я хацела ад яе пазбавіцца.
Васіль Быкаў, ён, можа, і не хацеў быць антысаветчыкам, але вымушаны быў ім стаць, таму што ветэранскія арганізацыі, усялякая сволач тылавая, нквдэшнікі пісалі на яго даносы, што ён піша абсалютна не так пра вайну, як павінен пісаць савецкі пісьменнік. (...) І ў 90-я ён абсалютна лёгка здзейсніў пераход на бок абсалютнай праўды пра вайну. Ён вельмі лёгка палітычна зрабіўся прыхільнікам Беларускага Народнага Фронту. Я думаю, што гэта не з’яўляецца чымсьці антысавецкім, бо ў прыстаўцы анты- ёсць адмаўленне, Быкаў жа зрабіўся прабеларускім, ды й заўсёды ім быў. І я б не гаварыла пра Быкава як антысаветчыка, я б гаварыла пра яго як пра самага вялікага прабеларуса на свеце. Таму яму так балела гэта тэма спаленых вёсак, забітых жаўнераў і беларусаў, якія размазаныя былі на некалькі ваюючых армій, раздзёртыя паміж гэтымі ваюючымі арміямі і бакамі.
«Абы не было вайны»
Спасціжэнне вайны ў амерыканцаў, еўрапейцаў, беларусаў, расейцаў вельмі моцна адрозніваецца. Расейцы кажуць: «Можам паўтарыць» — і паўтараюць, ім не страшна паўтарыць, у іх было менш акупаваных земляў, яны менш пацярпелі, я так думаю. Еўрапейцы-ідэалісты і амерыканцы-ідэалісты, еўрапейцы, якія жывуць у больш свабодным свеце, чым нашыя «крывавыя землі», кажуць: «Ніколі болей».
А мы, беларусы, людзі, якія найбольш пацярпелі ад вайны, — рэалісты, наш лозунг адносна вайны гучаў: «Абы не было вайны». Мы — рэалісты, мы ведаем, што вайна будзе, але мы молімся, каб яе не было.
Страты ў становішчы паміж
Мы зноў паміж двума жорнамі. Мы знаходзімся паміж украінскай і расейскай вайной. Мы страцілі наш гонар, які набылі ў 2020 годзе, спрабуючы выскачыць з парадыгмы расейскай акупацыі нашай краіны. І пасля гэтага мы згубілі свой гонар, бо нас прышылі да агрэсара, мы цяпер суагрэсары. Увесь свет глядзіць на нас з нянавісцю. Не разабраўшыся, што ж з намі адбылося. Нам не прывыкаць да таго, што нас вельмі рэдка бачаць. Мы не нясём гэтай крыўды. Не, крыўдзіцца не варта. Мы проста ведаем, што за нас ніхто не заступіцца. Мы самі мусім заступіцца за сябе, мы самі мусім праказаць пра сябе ў літаратуры пра вайну.
І вось мы праказваем пра сябе. Маё пакаленне, людзі, якія нарадзіліся ў 70-я — 80-я — 90-я, наша пакаленне, мы вельмі хацелі перастаць пісаць пра вайну. Гэтай вайной нас абкармілі ў савецкай школе. Але ў нас не выйшла, бо вайна зноў пагрукалася ў дзверы. Як сказаў Сяргей Дубавец, сучасны і, я б сказала, нацыятворчы для Беларусі аўтар, ёсць адно слова, большае за слова «смерць» — і гэта слова «вайна». (...) Мы вымушаныя падхапіць гэты сцяг Адамовіча і Быкава, хаця браць яго ў рукі мы не хацелі, мы без яго цудоўна б абышліся.
Здзіраць маскі і ўсё пераасэнсоўваць
Я заўсёды гляджу на Ганну Арэндт, што б сказала Ганна Арэндт пра гэты (новы) фашызм? Як бы яна яго сфармулявала сёння? І мне здаецца, што беларуская літаратура рухаецца менавіта ў гэтым кірунку — каб пазнаваць фашызм, выкрываць фашызм і апісваць фашызм пад усімі ягонымі маскамі, у тым ліку — пад антыфашысцкай маскай. Бо сённяшні расейскі фашызм, як вядома, надзеў на сябе маску антыфашысцкага. Я ўсё думала, чаму яны так успрымаюць вайну, чаму яны ўвесь час жывуць вайной? Аказваецца, пад гэтым хаваўся і рос натуральны, непераможаны ў 1940-х гадах фашызм.
Мы перамаглі фашызм гітлераўскі, але мы не перамаглі фашызм сталінскі. Мы яго нават недастаткова добра разгледзелі. (...) І нам цяпер трэба гэтыя маскі здзіраць, разглядаць і, натуральна, пераасэнсоўваць. (...) Мы жывём на такім гістарычным пераломе, што ўсё будзе пераасэнсавана.
Імперыя мусіць быць пераможаная
Наша жыццё — гэта містэрыя, містэрыя змагання паміж Д’яблам і Богам. І гэта будзе працягвацца, пакуль жыве род людскі, пра гэта напісаў Гётэ ў сваім «Фаўсце», ды ўся літаратура пра гэта. Ну што ж, мы, чалавецтва, ідзём свой крыжовы цяжкі шлях. Не ведаю, ці мы калі-небудзь дойдзем да абсалютнага дабра. За ўсю гісторыю чалавецтва было толькі некалькі дзён, калі на зямной кулі не йшлі войны. (...) Можна страціць усялякую надзею, калі глядзець на гісторыю чалавецтва. Але мы заўсёды можам выбраць бок. І мне здаецца (можа, я ідэалістка?), што з кожным днём мы ўсё бліжэй да эры міласэрнасці, калі войнаў будзе меней і яны будуць менш жорсткімі. Я ўпэўненая, што калі апошняй атрутнай імперыі, якой з’яўляецца цяперашняя Расейская Федэрацыя, будзе пераламаны хрыбет — на свеце паспакайнее разоў у дзесяць, на парадак. Я перакананая ў гэтым. Войны, канфлікты застануцца, бо чалавек такая ўжо сварлівая істота. Але будзе спакайней, мне здаецца.
Першае (нядоўга) нябітае пакаленне
Вайна і гвалт выбіваюць, вытручваюць з чалавека каханне, бесклапотнасць, базавы давер да свету. Яны на многа пакаленняў наперад нараджаюць сірочы комплекс, калі чалавек нават не ўмее любіць уласных дзяцей — ён іх выхоўвае з дапамогай забаронаў і гвалту. Калі ён не валодае такімі неабходнымі, лёгкімі і мілымі навыкамі негвалтоўных дачыненняў, негвалтоўнай камунікацыі. (...) Беларусы перасталі быць траўмаванымі толькі пад 2020-я гады, у нас вырасла светлае пакаленне нябітых дзяцей, мы маглі ўбачыць гэтых нябітых дзяцей на вуліцах Менска, іншых гарадоў, мястэчак і вёсак у 2020 годзе. І гэта пакаленне аказалася пабітае. І таксама будзе пераносіць свае траўмы на новае. Як жа пра гэта не пісаць? Нават калі мы хочам пісаць пра штосьці светлае — траўмы ўсё роўна вылезуць.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org