Святлана Курс: «Ніводная бітва не зьяўляецца прайгранай. Беларусь нас пакліча»

Адбываецца заражэньне нашага грамадства «рускім морам» і крывавым уркаганскім хаосам. Але ці гэта прымецца ў нас? Чаму пасыл «Не пакідайце ж мовы нашай, каб ня ўмёрлі» непрадуктыўны ў нашыя часы? Пра што сведчыць аншлаг на канцэрце Вольгі Бузавай у Лідзе і чаму гэта не так ужо і кепска? Піша Святлана Курс.


Sviatlana Kurs
Святлана Курс

Пра Дзень пісьменства і канцэрт Бузавай

Апошнім часам на спатканьнях чытачы адкрыта папракаюць мяне ў ідэалізме, адарванасьці ад зямлі (то-бок залішняй узьнёсласьці) і нейкім мэдыцынскім аптымізме, які набліжаецца ўжо й да крэтынізму.

«Паглядзі, — кажуць людзі, — у Івацэвічах на Сьвяце Беларускай пісьменнасьці няма ні слова па-беларуску. «Харчфэст» з Вольгаю Бузавай сабраў больш за сто тысяч гледачоў, між тым у самой Лідзе ўсяго 103 тыс. зь немаўлятамі і дзядамі — усе гатэлі, усе кватэры на суткі былі запоўненыя». А я ім на гэта ж адказваю: калі я была ў Стакгольме, усе гатэлі вялікага гораду былі запоўненыя прыхільнікамі Тэйлар Свіфт, мне ледзь каморку знайшлі. У Варшаве квіткі на гэтую сьпявачку расхапалі за некалькі дзён, а між тым яна дала два канцэрты на Нацыянальным Стадыёне — 146 тыс. чалавек, людзі ехалі аж з Ізраілю. 

Dzień bielaruskaha piśmienstva 2024
Дзень беларускага пісьменства 2024. Скрын відэа

Людзі заўжды хочуць вялікага відовішча, масавых сьвятаў, каб пабыць разам, паглядзець, паслухаць, паперажываць, паскакаць, выпіць, пасьпяваць, паесьці — і прытым каб ім у глоткі ніхто ня пхаў місіі, ідэалёгіі ці пачуцьця віны. 

«Не пакідайце ж мовы нашай, каб ня ўмёрлі», — непрадуктыўны пасыл на нашыя часы, непаважлівы для нашай мовы і культуры. Нібыта да яе патрэбнае асаблівае стаўленьне, як да дзіцяці спэцыяльнага клопату. 

Заражэньне «рускім морам»

Нашая мова і культура — не херляўка якая. Яна настолькі важная і моцная, што яе зьнішчае «рускі мор» (я сьведама раблю тут абдрукоўку) і ягоныя калябаранты, садзячы носьбітаў беларускай мовы, культуры і нацыі ў турмы, забіваючы, выганяючы за мяжу.

І ў гэтую лякуну ўліваецца культура «рускага мору», часам прымаючы самыя брыдкія формы. Расейскі гурт Hydrargyrum прарваўся ў фінал гомельскага фэстывалю «Сожскі шлягер» з сімвалам ПВК «Вагнер» — кувалдаю ў руках. І журы конкурсу прапусьціла гэты жах у фінал. 

Hydrargyrum
Расейскі гурт Hydrargyrum

Адбываецца заражэньне нашага грамадства расейскім морам і крывавым уркаганскім хаосам. Але ці гэта прымецца ў нас? 

Я вельмі сумняюся. Беларусаў не пераробіш на забойчы ваенны капыл, ня ўпіхнеш у танкі і не адправіш забіваць суседзяў. Таму што ў нас няма галоўнага, на чым трымаецца рускі мор — комплексу вышэйшасьці, імпэрскасьці, гатовасьці паміраць ня тое каб за пусты мех, але яшчэ й за чужы пусты мех.

Беларуская гасьціннасьць і таемная салідарнасьць

Мне было прыемна чытаць, што Бузавай у Лідзе да гатэлю прынесьлі кілбасную лідзкую нарэзачку, сувэніры і цацкі, мноства кветак. Хіба вы самі ні разу не дасьведчылі беларускай гасьціннасьці? Нядаўна я адведвала беларусаў у розных эўрапейскіх сталіцах — і там мяне частавалі хатняй вяндлінай, шпротамі, смажанаю рыбкай, выпечкаю, сальцам, шчодра і смачна — хаця я і ня Бузава.

Зноў жа ўзяць Бузаву — чалавека адукаванага, дачку вайскоўца і лекаркі, актыўную жанчыну, якая ведае чатыры мовы (між імі літоўскую), працуе як вол, і апрача сябе ўтрымлівае і корміць сотні людзей. Ці ня варта гэта павагі? Ці не хацелі б мы і сабе так? 

А гэта ў нас будзе, калі скончыцца расейская акупацыя і люты рэжым, які выполвае найменшыя парасткі нашай культуры — з галоваў і сэрцаў нашых жа людзей.

Я не была дома амаль 5 год і маю права гаварыць, ня будучы пераканаўчай. 

Аднак тое, што я адчуваю з мноства кантактаў — Беларусь жыве, а людзі не разьнялі счэпленых у 2020 годзе рук. Трымаецца таемная салідарнасьць, мноства маленькіх чалавечых актаў падтрымкі і творчасьці.

Святлана Курс, Budzma.org